Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што расейцы любяць Трампа?


Спадзяюцца, што ён будзе праводзіць палітыку, спрыяльную для Масквы, ці бачаць у ім лідэра са складам мысьленьня, падобным на крамлёўскі?

Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Дракахруст: Абраньне прэзыдэнтам ЗША Дональда Трампа выклікала ў Расеі сапраўдную эўфарыю. Гэта выявілася і ў масавых, народных праявах радасьці, і ў тоне мэдыяў, і ў заявах пракрамлёўскіх палітыкаў. Калі прыгадаць, як спрыяльна падчас кампаніі Пуцін выказваўся пра Трампа, а Трамп — пра Пуціна, цьмяныя абяцаньні Трампа падумаць наконт прызнаньня расейскага права на Крым, калі прыгадаць тон расейскіх мэдыяў, якія відавочна заўзелі за Трампа, можа скласьціся ўражаньне, што эўфарыя мае падставы — ў Белы дом прыходзіць прэзыдэнт, які будзе весьці палітыку, выгадную Расеі.

Хаця гэта насамрэч зусім не відавочна. Слушныя сумневы ў гэтым выказаў ўчора Аляксандар Лукашэнка. Ён сказаў, што ў Расеі дарма радуюцца, што Трамп ня будзе для Расеі падарункам. Лукашэнка заўважыў, што лёзунг Трампа — зрабіць Амэрыку ізноў вялікай. «А дзе месца Расеі?» — задаў рытарычнае пытаньне беларускі кіраўнік.

Нешта падобнае і раней выказвалі многія назіральнікі, і некаторыя расейскія ў тым ліку — што Трамп зь яго акцэнтам на амэрыканскія інтарэсы можа быць для Расеі горшым, чым быў Абама і чым была б Клінтан.

Але мне ў расейскай энтузіястычнай рэакцыі бачыцца другі слой, сьветапоглядны, калі заўгодна. Першы слой — гэта сапраўды спадзеў, што палітыка Трампа будзе больш спрыяльнай для Масквы.

Прымат нацыянальных інтарэсаў над міжнародным правам, над гуманітарнымі чыньнікамі — гэта ж крэда, канёк Крамля.

Але другі — што стыль, лад яго мысьленьня больш падобны на крамлёўскі, на расейскі, чым, скажам, лад мысьленьня Абамы. Прымат нацыянальных інтарэсаў над міжнародным правам, над гуманітарнымі чыньнікамі — гэта ж крэда, канёк Крамля. Дык і для Трампа — Амэрыка перадусім, нацыянальныя інтарэсы вышэй за ўсё.

Насамрэч, амэрыканцы не прыкідваюцца, калі прымаюць рашэньні на падставе маральных каштоўнасьцяў. Але расейцы — іншы народ, зь іншай палітычнай культурай. Калі яны сутыкаюцца з такой матывацыяй, яны яе шчыра не разумеюць, бачаць пад ёй нейкаю асаблівую хітрасьць і двудушша.

А Трамп будзе гаварыць зь імі зразумелай ім мовай. Скажам, пра той жа Крым можа сказаць — ня ў тым рэч, што вы там нейкія міжнародныя законы парушылі, а ў тым, што вашае далучэньне яго да сябе супярэчыць нашым нацыянальным інтарэсам. Мы іх будзем жорстка адстойваць і выбачацца ня будзем.

Падабенства ня ёсьць тоеснасьць, але варта прыгадаць, што Францыя і Англія ў ХІХ стагодзьдзі пачалі Крымскую вайну з Расеяй не таму, што Пецярбург, на іх думку, парушыў міжнароднае права, а таму, што яго дзеяньні супярэчылі інтарэсам Парыжу і Лёндану.

Расейская радасьць ад перамогі Трампа — часткова і радасьць ад таго, што прыйшоў чалавек, чые матывацыі могуць быць і варожымі, але яны будуць больш зразумелымі

Так што расейская радасьць ад перамогі Трампа — часткова і радасьць ад таго, што прыйшоў чалавек, чые матывацыі могуць быць і варожымі, але яны будуць больш зразумелымі ці прынамсі сфармуляванымі ў больш зразумелай форме.

Ці будзе сьвет больш бясьпечным, калі ў Вашынгтоне і Маскве будуць мысьліць і дзейнічаць у стылі палітычнай філязофіі ХІХ стагодзьдзя? Гэта зусім невідавочна.

І нездарма ў той жа прамове, дзе ён казаў пра Трампа, Лукашэнка дадаў: «А вось дзе будзе месца глябальных дзяржаваў і нашае — пытаньне. Нам бы не згубіцца ў гэтым віры. Вы не хвалюйцеся, мы ня згубімся».

Ну аптымізм — добрая якасьць. Але тое, што пытаньне будзе — рацыі не пазбаўлена.

Карбалевіч: Мне бачыцца, што усе цяперашнія шматлікія прагнозы наконт будучай палітыкі Дональда Трампа грунтуюцца на вельмі хісткай глебе. Бо, падаецца, пакуль сам Трамп ня ведае, якой будзе ягоная сапраўдная палітыка.

Калі казаць пра адносіны з Расеяй, то першым часам яны могуць сапраўды палепшыцца. Па-першае, тут спрацуе эфэкт чыстага аркушу. Бо ніякага нэгатыўнага бэкграўнду ў Трампа адносна Расеі няма. Бо ў яго ўвогуле няма ніякага замежнапалітычнага бэкграўнду.

Па-другое, здаецца, Трамп будзе рабіць акцэнт не на каштоўнасьці, а на прагматызм. Такі падыход бізнэсоўца. Ягоная адміністрацыя будзе менш зьвяртаць увагі на аўтарытарызм рэжыму Пуціна, парушэньне правоў чалавека.

Увогуле, у расейскай палітычнай клясе і мэдыях прысутнічае такі «расеяцэнтрызм». Маўляў, Расея — у цэнтры сусьвету, а увесь сьвет толькі і думае пра Расею. Гэта такі фантомны боль СССР. Гэта ў савецкія часы адносіны з СССР была галоўным пытаньнем замежнай палітыкі ЗША. Цяпер Расея — не звышдзяржава, адносіны зь ёй — не на першым месцы ў палітыцы Злучаных Штатаў.

Пра што можна пэўна казаць адносна палітыкі Трампа, дык гэта пра узмацненьне гандлёвага пратэкцыянізму ЗША.

Калі спрабаваць усё ж рабіць прагнозы, то пра што можна пэўна казаць адносна палітыкі Трампа, дык гэта пра узмацненьне гандлёвага пратэкцыянізму ЗША. То бок адміністрацыя Трампа будзе больш актыўна абараняць амэрыканскі рынак ад імпарту. І гэта найперш выкліча канфлікт з Кітаем. Калі дойдзе справа да Расеі — невядома.

Цыганкоў: Радасьць расейскай палітычнай клясы наконт абраньня Трампа тлумачыцца менавіта ідэалягічнымі прычынамі. Яны бачаць паразу міжнароднага лібэральнага інтэрнацыяналу — так яны ўспрымаць Дэмакратычную партыю, каманду Гілары Клінтан. І нават ня столькі з-за яе стаўленьня да Расеі, а найперш з прычыны ідэалягічнага непрыманьня лібэральных каштоўнасьцяў.

Тое, што перамог рэспубліканец Трамп, ды яшчэ такі спэцыфічны рэспубліканец, пра якога сапраўды цяжка казаць, якой будзе яго замежная палітыка, Масквой успрымаецца як палёгка, а некаторымі там — як радасьць і сьвята. Але сьвята будзе нядоўгім, і першыя ж абломы чакаюць дастаткова хутка.

Можна ўзгадаць зусім недалёкую гісторыю, калі ў свой час для Расеі і іншых краінаў ледзь не галоўнай марай было, каб нарэшце сышоў Буш-малодшы. Чакалі, што калі ягоная жорсткая палітыка прасоўваньня дэмакратыі ва ўсім сьвеце скончыцца, то нарэшце будзе разрадка, мір і дружба паміж ЗША і астатнімі краінамі. І прыйшоў Абама, сапраўды з больш мяккімі падыходамі, які аддаваў перавагу дамоўленасьцям, дыскусіям. А ў Расеі тады яшчэ быў прэзыдэнтам Мядзьведзеў цэлых чатыры гады. І пачалася «перазагрузка».

Здавалася б, чаго яшчэ чакаць у амэрыканска-расейскіх дачыненьнях? Але потым усё вярнулася да халоднай вайны, якой не было з моманту развалу Савецкага Саюзу ў 1991 годзе.

Трамп перш за ўсё будзе кіравацца інтарэсамі Амэрыкі, магчыма не з ідэалягічных прычынаў, а з нацыянальных інтарэсаў ЗША, якія непазьбежна сутыкнуцца з нацыянальнымі інтарэсамі Расеі.

Зараз пры кіраўніцтве прэзыдэнта Абамы, на якога Масква так нібыта разьлічвала, амэрыканска-расейскія адносіны пагоршыліся да самага нізкага ўзроўню. Дык можа, як казаў Жванецкі, нешта ў кансэрваторыі паправіць? Можа ўсё ж такі справа ў Расеі, а ня ў тым, хто ў Амэрыцы прэзыдэнт?

Пэўны час будзе прыцірка, вызначэньне галоўных асобаў замежнай палітыкі адміністрацыі Трампа, прыярытэтаў. А калі гэта ўладкуецца, праз год-паўтара, адбудзецца зноў сутыкненьне Вашынгтону і Масквы ў тым ці іншым. Трамп перш за ўсё будзе кіравацца інтарэсамі Амэрыкі, магчыма не з ідэалягічных прычынаў, а з нацыянальных інтарэсаў ЗША, якія непазьбежна сутыкнуцца з нацыянальнымі інтарэсамі Расеі ў іх цяперашнім крамлёўскім разуменьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG