Прапануем фрагмэнт інтэрвію.
Соўсь: Вы былі ў складзе антыкарупцыйнай камісіі, якую ўзначальваў Аляксандар Лукашэнка. Ён ня быў аўтарам знакамітага дакладу, ён яго агучыў. Вы тады ўсьведамлялі, што гэта пераломны момант у беларускай гісторыі, што гэта быў ягоны шлях да прэзыдэнцтва?
Антончык: Мы думалі трошкі інакш. Мы разумелі, што самая вялікая небясьпека ідзе ад Расеі. У той момант Расея была ў сьпячым стане. Была разгубленасьць, але гэты мядзьведзь прачынаўся. Выступ Лукашэнкі, ягоная мітусьня... Мы ведалі, што ён езьдзіў у Маскву. Мы ведалі, якія ён мае стасункі зь іншымі, прарасейскімі дэпутатамі. Мы ўсьведамлялі вялікую небясьпеку таго, што адбываецца ў краіне. Тады думаць пра прэзыдэнцтва?.. Тады яшчэ не было закону пра прэзыдэнцтва, ці толькі прымалі закон, і было яшчэ няясна. Намэнклятура рабіла стаўку на Кебіча. Ня думаю, што ў гэты момант сурʼёзна пра гэта думалася.
Соўсь: А якія ў вас былі стасункі з Лукашэнкам?
Былі такія зьвесткі, што Лукашэнку запрасілі на Лубянку
Антончык: Сяброўскіх не было. Што да дакладу Лукашэнкі, то мы бачылі, што гэта было проста шоў, гэта не было сапраўдным змаганьнем з карупцыяй. Гэта было дзеля таго, каб забалбатаць, ня даць магчымасьці весьці сапраўдную барацьбу з карупцыяй. Сапраўдную барацьбу праводзілі сябры БНФ, пісалі артыкулы, праводзілі расьсьледаваньні. Намэнклятура, утварыўшы камісію, зрабіла ўсё, каб наша змаганьне давесьці да нуля, даўшы трыбуну зусім іншаму чалавеку. Што тычыцца дачыненьняў з Лукашэнкам... Мы на яго глядзелі паблажліва.
Соўсь: Памыліліся.
Антончык: ...У тым сэнсе, што ён лез у розныя камісіі, хацеў улады. Вясковы чалавек, які трапляе ў горад, у вышэйшую сыстэму, хоча сябе неяк прэзэнтаваць, прарвацца. Гэта дастаткова вядомая тэма. І ён такім быў. Ён лез усюды, але зьмены ў ім адбыліся пасьля таго, як ён зьезьдзіў у Маскву. Адзін раз Кебіч узяў яго ў склад дэлегацыі ў Маскву. Былі такія зьвесткі, што Лукашэнку запрасілі на Лубянку. Даваў ён там ці не даваў падпіскі, ня ведаю. Але думаю, што там зьявілася ідэя, што ён будзе вылучацца кандыдатам на прэзыдэнта. Расейскія спэцслужбы стала праводзілі маніторынг, аналізавалі сацыяльныя зрэзы ў Беларусі. Яны бачылі, што агульны стан грамадзтва такі, што яно можа пайсьці за папулістам.
Соўсь: Нядаўна прайшлі парлямэнцкія выбары. Вы жывяце ня ў Менску, а ў вёсцы. Дэпутатка па вашай акрузе — Алена Анісім. Калі мы з вамі гутарылі перад запісам інтэрвію, вы як дасьведчаны дэпутат, як трыбун, казалі пра тое, што маглі бы прапанаваць бы Алене Анісім і Ганьне Канапацкай зрабіць нечаканы крок на сэсіі Палаты прадстаўнікоў...
Самае цяжкае, што сёньня адбываецца ў краіне, гэта тое, што на альтэрнатыву Лукашэнку няма структуры, якая была б маральная
Антончык: Самым слушным, з майго пункту гледжаньня, быў бы такі сцэнар. На першай сэсіі ўстаюць прызначаныя дэпутаты ад так званых дэмакратаў і заяўляюць, што яны ня згодныя з такімі выбарамі, што гэта ня выбары, што яны адмаўляюцца ад гэтага прызначэньня, складаюць паўнамоцтвы і зьвяртаюцца да сумленных людзей, якія, можа быць, знаходзяцца ў залі, пайсьці разам зь імі. Гэта парушыла бы ўсе дамовы, тактыкі і стратэгіі ўлады ў дачыненьні да гэтых вылучэнцаў. Гэта ачысьціла б і апазыцыйны асяродак. Самае цяжкае, што сёньня адбываецца ў краіне, гэта тое, што на альтэрнатыву Лукашэнку няма структуры, якая была б маральная. Калі ўсе бачаць, якая заганная ўлада, калі ведаюць, што гэта злачынная, не народная ўлада, то ў апазыцыі да яе павінны быць сумленныя, зусім зь іншым знакам структуры. А калі супраць такой жа самай улады ідзе такая ж самая апазыцыя, якая заяўляе пра тое, што выбары несапраўдныя, а ў дачыненьні да нашых прадстаўнікоў былі сапраўдныя, то гэта звышцынізм. Для нас, для людзей, якія насамрэч змагаліся, утварылі гэтую незалежнасьць, гэта проста жах і варʼяцтва. Гэта недапушчальна з пункту гледжаньня маралі. Пасьля гэтага можна ўсё. І таму, калі Зянон Пазьняк заяўляе пра тое, што гэта фіктыўная, нелегітымная і гэбэшная апазыцыя, насамрэч гэта так і ёсьць.
Цалкам інтэрвію на нашым сайце неўзабаве.