Толькі ад’ехала місія МВФ, як Аляксандар Лукашэнка сабраў адмысловую нараду і запатрабаваў справаздачы ад чыноўнікаў, якія вялі перамовы з фондам пра выдачу крэдыту. І на пачатку нарады ён выступіў з шэрагам тэзісаў, у якіх моцна раскрытыкаваў пазыцыю МВФ і ягоныя патрабаваньні да беларускіх уладаў.
Падаецца вельмі важным, што Лукашэнка перайшоў да публічнай палемікі з МВФ. Усё гэта нагадвае схему газавага канфлікту з Расеяй.
Падаецца вельмі важным, што Лукашэнка перайшоў да публічнай палемікі з МВФ. Усё гэта нагадвае схему газавага канфлікту з Расеяй. Перамовы пра газ з Масквой вядуцца з канца мінулага году. Але Лукашэнка дасюль маўчаў і толькі ў верасьні абрынуўся на Маскву каскадам абвінавачаньняў.
Так і тут. Перамовы з МВФ цягнуцца з канца мінулага году. Але зь зімы Лукашэнка ніяк не камэнтаваў гэты працэс. І вось цяпер раптам абрынуўся на МВФ. Што здарылася?
Зразумела, як заўсёды, тут прысутнічае элемэнт папулізму. Лукашэнка выступіў абаронцам народу ад каварнага фонду, які імкнецца разбурыць беларускую сацыяльную дзяржаву. Таму ён выставіў цэлы шэраг абвінавачаньняў у адрас МВФ: «Гэта супэрлібэральныя патрабаваньні. Скажу больш — у канчатковым выніку яны нічога агульнага ня маюць з той палітыкай, якую дэкляраваў прэзыдэнт на першых прэзыдэнцкіх выбарах, магчыма, на другіх, і нават цяпер. Усё зводзіцца да аднаго (калі казаць пра сацыяльныя кірункі): ніякага павышэньня заробку, неадкладнае павышэньне тарыфаў і іншага. Камуністы б сказалі — на ўдушэньне народу... Хачу вас папярэдзіць — тых, хто вядзе гэтыя перамовы: калі вы хочаце перакрэсьліць усё, што зроблена народам і прэзыдэнтам за 20 гадоў, гэтага не атрымаецца. Гэтым не займайцеся. Жабраком беларускі народ мы рабіць ня маем права... Давайце паглядзім, а хто зможа заплаціць па тых тарыфах, якія нам сёньня навязваюцца (з папярэджаньнем не павышаць заробку). Хто? Рабочы — не, селянін — не, настаўнік — не, лекар — не, дзяржслужбовец — не, афіцэр — не».
Разважаньні Лукашэнкі грунтуюцца на тым, нібыта сёньня ёсьць выбар паміж добрым і дрэнным рашэньнямі. Такога выбару няма, выбіраць даводзіцца між некалькіх кепскіх варыянтаў.
Гэта танны папулізм, і камэнтаваць яго нецікава. Бо жабраком беларускі народ зрабіў існы рэжым. Чаму беларусы ня могуць заплаціць па тарыфах, у той час як грамадзяне суседніх краін плацяць? І гэтыя разважаньні Лукашэнкі грунтуюцца на тым, нібыта сёньня ёсьць выбар паміж добрым і дрэнным рашэньнямі. Такога выбару няма, выбіраць даводзіцца між некалькіх кепскіх варыянтаў. Ды і ніхто ж не прымушае прасіць крэдыты ў МВФ. Ня хочаш ладзіць рэформы, то не прасі падаць грошай на беднасьць.
Цікава тут іншае. Здаецца, у Лукашэнкі прысутнічае шчырае абурэньне, адчуваньне, што яго «кінулі». Бо, паводле ягонага ўяўленьня, ён пайшоў на максымум саступак. Былі падвышаны камунальныя тарыфы, павялічаны пэнсійны ўзрост. Гэта ўсё ляжыць у рэчышчы патрабаваньняў МВФ. Нават сапсаваў дачыненьні з Расеяй, вось пачалася нафтагазавая вайна. Больш за тое, Лукашэнка пайшоў на неверагодны для яго ўчынак: дапусьціў у Палату прадстаўнікоў дзьвюх дэмакратычных дэпутатак. І ён быў упэўнены, што, кіруючыся геапалітычным матывам, МВФ, за якім стаіць Захад, усё гэта ўспрыме і дасьць крэдыт. І вось прыяжджае місія МВФ і зноў гаворыць пры рынкавыя рэформы, пра тое, што трэба рэфармаваць дзяржсэктар у эканоміцы. Вось ён і сарваўся.
Лукашэнка дэкляраваў, што ня хоча рэальнай рэформы дзяржсэктару. Бо гэта аснова ягонай улады. І таму ён заяўляе: «Я заўсёды казаў, што мы ніколі не будзем адмаўляцца ад дзяржаўнай уласнасьці, калі яна нармальна функцыянуе. Больш за тое, мы будзем абапірацца на яе».
Але і гэта не галоўнае. У прынцыпе, на выбарачную прыватызацыю ён мог пайсьці. Але эксклюзіўна, пэрсанальна з кожным бізнэсоўцам, па сваіх правілах, дакладней, па «паняцьцях». Пры ўмове, што ў любы момант можна будзе адматаць назад, нацыяналізаваць.
МВФ выстаўляе ўвогуле непрымальнае для Лукашэнкі, скандальнае патрабаваньне. Фонд прапануе забараніць перагляд вынікаў прыватызацыі пасьля пэўнага тэрміну. Гэта значыць, МВФ патрабуе стварыць вонкавае абмежаваньне ягонай уладзе.
Але МВФ выстаўляе ўвогуле непрымальнае для Лукашэнкі, скандальнае патрабаваньне. Фонд прапануе забараніць перагляд вынікаў прыватызацыі пасьля пэўнага тэрміну (тры гады). Гэта значыць, МВФ патрабуе стварыць вонкавае абмежаваньне ягонай уладзе. І менавіта гэта яго абурыла найбольш. Як гэта так? Ён тут, у Беларусі, крыху вышэйшы за Бога, вышэйшы за закон і Канстытуцыю. Ён можа нацыяналізаваць любую прыватную маёмасьць, нават калі яна належыць замежніку. Што і адбывалася ня раз (кандытарскія фабрыкі, «Мотавела» ды інш.). Тут няма недатыкальнай асобы і ўласнасьці. І вось раптам МВФ хоча паставіць закон вышэй за волю, жаданьне і капрызы адзінаўладнага кіраўніка! Гэта жах, замах на самае сьвятое! «І нават калі атрымаецца бандыцкая прыватызацыя, то празь 10 гадоў да гэтага пытаньня вярнуцца нельга. Па заканчэньні трох гадоў як была прыватызацыя, так і застанецца», — з праведным абурэньнем і шчырым зьдзіўленьнем выводзіць Лукашэнка. Гэта крык абражанай душы. Тое, што рэформы ўдараць па насельніцтве, яшчэ можна ператрываць. Тым больш, што ніякага публічнага незадавальненьня пакуль не праяўляецца. А вось як можна прымірыцца з замахам на ўладу?
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.