Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ: Беларускія банкі пад пагрозай, патрэбныя рэформы


Па выніках кансультацыяў Міжнароднага валютнага фонду зь Беларусьсю сябры выканаўчай рады МВФ прывіталі меры беларускіх уладаў па стабілізацыі эканомікі і пачатак інстытуцыйных і структурных рэформаў, але адзначылі: каб зьняць макрафінансавую ўразьлівасьць, аднавіць рэзэрвы і вярнуць рост эканомікі, патрэбныя пасьлядоўныя і маштабныя рэформы.

Пра гэта гаварылася на прэс-брыфінгу місіі МВФ у Менску 21 верасьня.

Старшыня місіі Пітэр Долман сказаў, што вынікі стрэс-тэстаў беларускіх банкаў паказалі іх уразьлівасьць з прычыны слабасьці дзяржаўных прадпрыемстваў, якія бралі грашовыя пазыкі.

Дзеля рашэньня праблемаў патрэбныя структурныя рэформы, якія вымагаюць палітычнай волі, а таксама падтрымкі на галіновым узроўні.

Як паведамляе БелаПАН, таксама МВФ параіў вызначыць выразныя захады дзеля таго, каб дасягнуць поўнай сплаты выдаткаў на камунальныя паслугі да канца 2018 году; правесьці такія рэформы, каб наладзіць належнае карпаратыўнае кіраваньне і нагляд у дзяржаўных прадпрыемствах, падвысіць іх прадукцыйнасьць і эфэктыўнасьць; выпрацаваць больш выразныя мэханізмы працы з праблемнымі структурамі. Важнымі ў МВФ назвалі далейшыя пэнсійныя рэформы, скарачэньне дзяржаўнай запазычанасьці, скасаваньне дырэктыўнага крэдытаваньня і кантролю над цэнамі, гнуткі абменны курс. Падкрэсьлілі неабходнасьць лібэралізацыі цэнаў, рэформы тарыфаў на платныя паслугі і стварэньне надзейнай сыстэмы сацыяльнай абароны.

Місія МВФ зноў абмяркуе зь беларускімі ўладамі наступную крэдытную праграму ў кастрычніку 2016 году. Беларускія ўлады прынамсі са сьнежня 2015 году чакаюць ад МВФ крэдыту ў 3 млрд даляраў на 10 год пад 2,28% гадавых, але вераць толькі ў крэдыт на 1 млрд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG