Прадстаўнік місіі Міжнароднага валютнага фонду Пітэр Долман, знаходзячыся ў Менску, заявіў, што асноўная задача місіі — абмеркаваньне эканамічных рэформаў, якія маглі б быць падтрыманыя ў межах крэдытных праграмаў.
Перамоўная місія МВФ прыбыла ў Беларусь на запрашэньне ўраду Беларусі, яна пачынае сваю працу сёньня, 21 верасьня, і працягне яе да наступнага тыдня. Пасьля прадстаўнікі дэлегацыі паедуць у Вашынгтон, на штогадовую сустрэчу Міжнароднага валютнага фонду і Ўсясьветнага банку.
Як паведаміў Пітэр Долман, у Вашынгтоне адбудзецца яшчэ адна сустрэча прадстаўнікоў МВФ і беларускай дэлегацыі.
У справаздачы, якую прэзэнтаваў МВФ, адзначаецца, што ў Беларусі апошнімі гадамі захоўваецца вельмі складаная эканамічная сытуацыя. Разам з тым МВФ фіксуе, што кіраўніцтва краіны імкнецца да карэкціровак і структурных рэформаў, каб выправіць сытуацыю. Нягледзячы на станоўчыя зрухі, адзначаецца, што ў краіне мацнеюць фактары ўразьлівасьці: расьце дзяржаўны і зьнешні доўг.
На думку Пітэра Долмана, эканамічныя рэформы ў Беларусі ў першую чаргу павінны быць скіраваныя на зьніжэньне гэтых фактараў уразьлівасьці. Таксама неабходна ствараць і ўдасканальваць сыстэму абароны самых уразьлівых слаёў насельніцтва — каб карэктаваць іх расходы і прапаноўваць больш даходныя заняткі.
Слабасьць дзяржаўнага сэктару, на які прадстаўнікі МВФ зьвяртаюць увагу ня першы раз, — гэта вынік як зьнешніх фактараў, так і ўнутраных праблемаў.
На пытаньне журналістаў пра тое, якія пэрспэктывы атрыманьня Беларусьсю трохмільярднага крэдыту ад МВФ, Пітэр Долман адказаў, што «гэтая місія мае выключна перамоўны характар», але дадаў, што «абмяркоўваецца шэраг праграмаў, якія могуць быць падтрыманыя ў межах крэдытнай дзейнасьці».