Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нашы дзеці загінулі за свабоду Ўкраіны», — у Берасьці ўшанавалі памяць Алеся Чаркашына


Помнік беларусу, які загінуў ва Ўкраіне
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:08 0:00

На могілках Камяніца Жыравецкая пад Берасьцем адкрылі помнік Алесю Чаркашыну, які летась загінуў ва Ўкраіне. Ушанаваць памяць Алеся Чаркашына ў дзень яго народзінаў сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек з розных гарадоў Беларусі ды Ўкраіны. На адкрыцьці помніка прысутнічалі бацькі Алеся Мікалай ды Сьвятлана, а таксама бацькі беларуса Міхася Жызьнеўскага, які загінуў на Майдане.

На могілкі Камяніца Жыравецкая прыехалі таксама палітыкі Павал Севярынец, Георгі Дзьмітрук, рэжысэрка Вольга Мікалайчык, праваабаронца Натальля Гарачка-Басалыга ды іншыя актывісты.

Прасьпяваўшы «Магутны Божа», прысутныя паслухалі песьні Алеся Чаркашына, усклалі кветкі да помніка.

Мікалай Чаркашын, Алесеў бацька, падзякаваў прысутным за падтрымку, за дапамогу ў справе ўсталяваньня помніка.

«Людзі розныя дапамагалі, і словам, і справай. Падтрымка была, мы ўсім удзячныя. Вялікі абʼём працы быў зроблены, людзі не спыніліся — гэта сапраўдныя сябры», — сказаў Мікалай Чаркашын.

Сустаршыня БХД Павал Севярынец казаў, што трэба не забывацца падтрымліваць сямʼю Алеся Чаркашына.

«Нельга забыць Алеся яшчэ і таму, што і пры жыцьці ён рабіў многія рэчы, якія тады не разумелі, а мы разумеем цяпер. Як той самы пэрформанс з скрываўленымі рукамі каля будынку Берасьцейскага аблвыканкаму. Гэта ня проста берасьцейскі хлопец, гэта ня проста гісторыя сямʼі, гэта ня проста гісторыя гораду, гэта — гісторыя Беларусі. Нам усім трэба слухаць сьпевы Алеся, згадваць пра яго. І ў мяне вялікая просьба, калі хто бывае ў Берасьці — завітваць да ягонай сямʼі».

Выступілі бацькі Міхася Жызьнеўскага — беларуса, які загінуў у часе Майдану.

Ніна Жызьнеўская: «Нашы дзеці загінулі за свабоду Ўкраіны, за тое, каб Украіна засталася адзінай дзяржавай, а не разарванай на кавалкі. А нам са Сьвятланай [Чаркашынай] застаецца толькі ўзгадваць нашых дзяцей, маліцца за іх і плакаць».

Пасьля таго як памяць Алеся Чаркашына ўшанавалі на могілках, у Берасьці адбыўся паказ дакумэнтальнага фільму тэлеканалу «Белсат» пра яго.

«Бог з табою, ты не адзін», — напісана на адной з плітаў помніка Алесю Чаркашыну. Помнік складаецца з трох плітаў, якія, па задуме аўтара, сымбалізуюць Бога, Бацькаўшчыну і Служэньне. Як распавёў Павал Севярынец, на помнік прыйшло больш за 4 тысячы даляраў ахвяраваньняў, але агулам трэба амаль 6 тысяч, таму ахвяраваньні яшчэ зьбіраюцца.

Былы старшыня берасьцейскай гарадзкой арганізацыі БХД Алесь Чаркашын ваяваў у складзе Добраахвотнага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару» пад пазыўным «Тарас». 10 жніўня 2015 году ён быў цяжка паранены ў баі пад Белакаменкай на Данбасе і памёр у шпіталі ў Запарожжы пасьля некалькіх тыдняў комы.

Алесь быў пасьмяротна ўзнагароджаны ордэнам «Народны герой Украіны». Яму, ягонаму ўкраінскаму пабраціму Віталю Целіжэнку, а таксама беларусу Міхасю Жызьнеўскаму ў Кіеве паставілі мэмарыяльны знак.

Алесю Чаркашыну не было і 33 гадоў, калі ён загінуў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG