Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 фактаў з гісторыі другога году вайны на Данбасе


Свабода адабрала 7 найбольш прыкметных падзей, якія адбыліся ў зоне баявых дзеяньняў на Данбасе за другі год вайны.

Свабода адабрала 7 найбольш прыкметных падзей, якія адбыліся ў зоне баявых дзеяньняў на Данбасе за другі год вайны.

Два гады таму, 12 траўня 2014 году, узброеныя атрады расейскага палявога камандзіра Ігара Стралкова-Гіркіна захапілі горад Славянск. Менавіта гэты дзень прынята лічыць пачаткам вайны на Данбасе.

Другі год вайны, які прайшоў ва ўмовах дзеяньня мірных пагадненьняў «Менск-2», абышоўся безь вялікіх франтавых бітваў, аднак да міру на Данбасе па-ранейшаму далёка.

Свабода падрыхтавала агляд найбольш рэзанансных падзей, якія адбыліся на ўсходзе Ўкраіны за другі год вайны.

Бітва за Марʼінку

Пад Марʼінкай 3 чэрвеня 2015 году адбылося найвялікшае баявое сутыкненьне за ўвесь другі год вайны на Данбасе.

Марʼінка, 22 чэрвеня 2015
Марʼінка, 22 чэрвеня 2015

Зранку 3 чэрвеня баевікі «ДНР» з ужываньнем цяжкага ўзбраеньня перайшлі ў наступ на пазыцыі ўкраінскіх вайскоўцаў. Па сьцьвярджэньні ўкраінскага боку, у наступе брала ўдзел каля 1,5 тысячы баевікоў. Украінскім войскам, якія таксама мусілі скарыстаць цяжкае ўзбраеньне, удалося адбіць атаку баевікоў і ўтрымаць Марʼінку пад сваім кантролем.

Украінскія вайскоўцы абвясьцілі пра 5 загінулых і 39 параненых са свайго боку. У «ДНР» прызналі страту 15 сваіх байцоў забітымі і 86 параненымі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ахвяр бітвы за Марʼінку было значна больш. Шараговыя баевікі пазьней прызнавалі, што іх страты пад Марʼінкай былі вельмі вялікія.

У цэлым за другі год вайны на Данбасе інтэнсіўнасьць баявых дзеяньняў істотна зьнізілася. У верасьні-кастрычніку 2015 году назіральнікі казалі амаль пра поўнае замірэньне, аднак на пачатку 2016 году сытуацыя значна пагоршылася.

Узяцьце ў палон расейскіх ГРУшнікаў

Хоць расейскія вайскоўцы траплялі ў палон да ўкраінцаў і раней, менавіта захоп двух байцоў расейскага спэцназу ГРУ Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ерафеева стаў найбольш вядомым і рэзанансным.

Сяржант Аляксандраў і капітан Ерафееў атрымалі раненьні ў перастрэлцы каля гораду Шчасьце Луганскай вобласьці і трапілі ў палон да ўкраінскіх вайскоўцаў. На допыце расейцы адразу прызналіся, што служаць у 3-й асобнай гвардзейскай брыгадзе спэцназу, якая месьціцца ў Тальяці. Мінабароны Расеі адраклося ад сваіх салдат, абвясьціўшы, што ў палон яны трапілі ўжо пасьля звальненьня з Узброеных сіл РФ. На Данбасе ж яны нібыта служылі ў «народнай міліцыі» «ЛНР».

Ва Ўкраіне Аляксандраву і Ерафееву прадʼявілі абвінавачаньне ў тэрарызьме, за што ім можа пагражаць пажыцьцёвае зьняволеньне. Цяпер над імі ідзе судовы працэс. У сакавіку 2016 году прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што гатовы абмяняць расейскіх ГРУшнікаў на асуджаную ў Расеі Надзею Саўчанку.

Стварэньне тактычнай групы «Беларусь»

У ліпені 2015 году ў межах Добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару» была створана тактычная група, якая абʼядноўвала беларускіх добраахвотнікаў «Правага сэктару».

«Наша мэта — стварэньне нацыянальнага беларускага аддзелу, які ўносіць свой уклад у барацьбу супраць агульнага ворага. Разам да перамогі. Жыве Беларусь! Слава Ўкраіне!», — гаварылася ў заяве добраахвотнікаў з нагоды стварэньня тактычнай групы.

Беларускі добраахвотнік Аляксей Скобля ў інтэрвію Свабодзе ў сакавіку 2016 году казаў, што на дадзены момант у Тактычную групу «Беларусь» уваходзіць больш за 30 байцоў.

Добраахвотнікі падкрэсьліваюць, што на сёньняшні дзень тактычная група «Беларусь» — ужо самастойная вайсковая адзінка, бо Добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару» цяпер афіцыйна не існуе.

Гібель беларусаў на Данбасе

10 жніўня 2015 году ў баі пад Белакаменкай у Данбасе быў цяжка паранены беларус з пазыўным «Тарас», які ваяваў у складзе Добраахвотнага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару». Прабыўшы некалькі тыдняў у коме, ён памёр у шпіталі ў Запарожжы. Пазьней стала вядома, што «Тарас» — гэта 33-гадовы экс-старшыня берасьцейскай гарадзкой арганізацыі БХД Аляксандар Чаркашын. У тым баі загінуў і ўкраінец Віталь Ціліжэнка, які ўваходзіў у тактычную групу «Беларусь».

Аляксандар Чаркашын
Аляксандар Чаркашын

Трэцяга верасьня Чаркашына пахавалі ў Берасьці. Пасьмяротна ён быў узнагароджаны недзяржаўным ордэнам «Народны герой Украіны».

У другі год вайны беларусы гінулі і на супрацьлеглым баку. У сьнежні 2015 году падчас захопу пасёлку Камінтэрнава загінуў 28-гадовы беларус, які ваяваў на баку сэпаратыстаў — Вадзім Савішчаў. Як паведамлялі самі баевікі, беларуса «разарвала мінай напалам».

Ліквідацыя палявых камандзіраў

На працягу 2015 году ў «Новороссии» рэгулярна гінулі палявыя камандзіры, вядомыя сваёй незалежнасьцю ад вярхоўнага кіраўніцтва сэпаратыстаў.

Пахаваньне Аляксея Мазгавога
Пахаваньне Аляксея Мазгавога

У траўні 2015 году здарылася найбольш гучнае забойства — каля Алчэўску трапіў у засаду джып вядомага палявога камандзіра Аляксея Мазгавога, які ўзначальваў брыгаду «Призрак». Мазгавой, яго прэс-сакратар Ганна, кіроўца і целаахоўнікі загінулі.

Аналягічным чынам быў ліквідаваны казацкі палявы камандзір Павал Дрэмаў, у студзені 2016-га ад кулі снайпэра загінуў камандзір «рэспубліканскай гвардыі» «Кот». Яшчэ раней, на пачатку 2015 году, быў ліквідаваны вядомы палявы камандзір «Бэтмэн».

Кіраўніцтва сэпаратыстаў і расейскія СМІ абвінавачваюць у гэтых забойствах ўкраінскія дыверсійна-выведныя групы, аднак нават у «ДНР» і «ЛНР» гэтай вэрсіі ніхто не дае веры. Баевікі, якія давалі інтэрвію Свабодзе сёлета, адназначна сьцьвярджаюць, што ідзе сыстэматычная ліквідацыя людзей, якія не даспадобы кіраўніцтву сэпаратысцкіх рэспублік.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ліквідацыяй палявых камандзіраў на Данбасе займаюцца байцы так званай «Прыватнай ваеннай кампаніі Вагнэра», якія наўпрост падпарадкоўваюцца Маскве і ўдзельнічаюць у сакрэтных апэрацыях ФСБ.

Стварэньне «арміі» «ДНР-ЛНР»

Адначасова зь ліквідацыяй палявых камандзіраў, якія былі не даспадобы, ішоў працэс утварэньня з разрозьненых узброеных фармаваньняў сэпаратыстаў «арміі» пад адзіным кіраўніцтвам і з выразнай герархіяй.

Паводле сьведчаньняў саміх баевікоў, раней яны ці не атрымлівалі грошы зусім, ці атрымлівалі іх бессыстэмна. Цяпер жа яны маюць афіцыйную зарплату: шараговыя байцы — каля 15 тысяч расейскіх рублёў, афіцэры — ад 30 тысяч. Хоць у пераліку на даляры гэта зусім ня шмат, але для сёньняшняга Данецку ці Луганску, як кажуць баевікі, гэта вялікія грошы.

Таталітарызм у псэўданародных «рэспубліках»

Партрэт Сталіна на данецкай вуліцы
Партрэт Сталіна на данецкай вуліцы

Тым часам сэпаратысцкія рэспублікі памалу прыпадабняюцца да Паўночнай Карэі. У «ДНР» аднавілі дзейнасьць камсамолу і піянэрскай арганізацыі (на піянэрскіх значках замест Леніна прысутнічае выява лідэра сэпаратыстаў Захарчанкі), а на білбордах можна пабачыць партрэты Сталіна. Як паведамляюць журналісты, мясцовыя чэкісты рэгулярна выкрываюць выдуманыя імі самімі змовы і ловяць шпіёнаў, а падчас сьледзтва маштабна выкарыстоўваюцца катаваньні.

Наагул назіральнікі адзначаюць, што сэпаратысцкія ўлады імкнуцца кантраляваць усе сфэры мясцовага жыцьця. На тэрыторыі, падкантрольнай баевікам, цалкам забаронена дзейнасьць замежных некамэрцыйных арганізацыяў, неляяльных журналістаў у «ДНР» і «ЛНР» не дапускаюць. Апошняя грамадзкая арганізацыя (ініцыятыва «Адказныя грамадзяне»), якая была абсалютна апалітычная і займалася выключна гуманітарнымі пытаньнямі, была зьнішчана на пачатку 2016 году, а яе актывістаў спачатку арыштавалі, а потым дэпартавалі ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG