На прэсавай канфэрэнцыі пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, на якой ён атрымаў беларускі ордэн Дружбы народаў Генадзь Зюганаў заявіў, што гэта ён арганізоўваў Лукашэнку трыбуну ў Думе перад выбарамі 1994 году.
Кароткія тэзісы выступу Зюганава ў Менску:
«Ордэн Дружбы народаў з рук Лукашэнкі — дадатковы аванс для каманды, зь якой мы ідзём на выбары ў Дзярждуму».
«Небясьпека для Расеі і сатэлітаў: сыстэмны крызіс, імпэрыялістычная аблога, расслаеньне грамадзтва».
«Найлепшае, што захавалася ў Беларусі — калгасы, машынабудаваньне, патрыятычнае выхаваньне».
«Лукашэнка не расстрэльваў парлямэнт, дазволіў размаўляць па-расейску, аднавіў Лінію Сталіна — разумны палітык».
«Гарбачоў і Ельцын учынілі найвялікшае злачынства, парушыўшы ўсясьветны балянс».
«У Гарбачова латка замест мазгоў, Ельцын — п’яніца».
«Нацысты-бандэраўцы пад камандаваньнем НАТО захапілі ўладу ва Ўкраіне і гвалцяць уласны народ».
«У расейскім урадзе яшчэ сядзяць прыхільнікі ельцынска-гайдараўскай школы, якія нішчаць ідэю саюзнай дзяржавы».
«Вупыры-алігархі рассоўваюць па кішэнях усе нацыянальныя багацьці Расеі — 15 кланаў валодаюць усім сыравіннымі рэсурсамі дзяржавы».
«Сувораў — сьвятое для мяне імя, я асабіста некалі адкрываў ягоны музэй у Кобрыне».
«Ленінска-сталінская мадэрнізацыя — геніяльнае дасягненьне бальшавікоў і камуністаў, якім цяпер спаўна карыстаецца Беларусь».