Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарка Стамбулу: У мячэтах чытаюць адмысловую малітву, якую прамаўляюць толькі падчас вайны


Прыхільнікі прэзыдэнта Эрдагана выходзяць на вуліцы зь дзяржаўнымі сьцягамі
Прыхільнікі прэзыдэнта Эрдагана выходзяць на вуліцы зь дзяржаўнымі сьцягамі

Што цяпер адбываецца ў буйных гарадах Турэччыны, дзе ў ноч на 17 ліпеня правалілася спроба дзяржаўнага перавароту, Свабодзе распавяла 19-гадовая студэнтка са Стамбулу Ірэм Сойсал.

Ірэм жыве ў Стамбуле і, паводле яе адчуваньняў, для значнай часткі жыхароў мэгаполісу праца папросту адсунута на другі плян, народ выйшаў на плошчы «сьвяткаваць перамогу».

«Праз тое, што спроба перавароту была няўдалай, значная колькасьць людзей намагаецца асабліва падкрэсьліць сваё стаўленьне да гэтага, — кажа дзяўчына. — Яны бяруць дзяржаўныя сьцягі і выходзяць на вуліцы, на плошчы — практычна ад восьмай вечара да самай раніцы ідзе бесьперапынны мітынг. Гэтыя людзі — прыхільнікі ўраду і прэзыдэнта Эрдагана. Яны крычаць „Алагу акбар!“ ды іншыя ісламскія лёзунгі, дэклямуюць выслоўі, якія ўсхваляюць кіраўніцтва Турэччыны. Асобныя зь іх цэлы дзень гудзяць у ражкі, сьпяваюць, страляюць у паветра зь пісталетаў — навокал дух сьвяткаваньня перамогі».

Ірэм у масавых акцыях удзелу не бярэ, бо лічыць такога кшталту публічныя сьвяткаваньні не зусім дарэчы — найперш з улікам таго, што некалькі тысяч арганізатараў ваеннага перавароту хутчэй за ўсё чакае сьмяротнае пакараньне. Яны хоць і дзяржаўныя злачынцы, але застаюцца грамадзянамі Турэччыны, кажа Ірэм:

«Я мяркую, што такія „шоў“ страшнымі і нават небясьпечнымі, — гаворыць жыхарка Стамбулу Ірэм Сойсал. — Некаторыя хлопцы з натоўпу абражалі мяне, калі я пераходзіла вуліцу. Як я ўжо казала, пераважна такія акцыі адбываюцца ўначы, удзень цішэй, спакайней. Па вялікім рахунку, увогуле менш людзей, чым звычайна, істотна паменела замежных турыстаў. А ў суботу і нядзелю на традыцыйна запоўненых гарадзкіх вуліцах не было літаральна нікога».

Суразмоўніца адзначае, што ўдзень прыкметнае ажыўленьне хіба ў мячэтах, дзе прамаўляюцца адмысловыя малітвы ў згадку пра нядаўнія падзеі:

«Ва ўсіх мячэтах — ад вялікіх да самых малых — кожныя дзьве гадзіны чытаюць адмысловую малітву як напамін пра трагічныя падзеі. Адметна, што дагэтуль нічога такога не адбывалася. Нават мае бацькі такога ня памятаюць, бо такая малітва прамаўляецца толькі падчас вайны. Але ў дадзенай сытуацыі гэта сьведчыць найперш пра тое, што ўсё рэлігійнае жыцьцё — мячэты ды іншыя духоўныя ўстановы — цалкам знаходзяцца пад кантролем ураду».

Пасьля няўдалага перавароту лік арыштаваных і звольненых турэцкіх вайскоўцаў і дзяржаўных службоўцаў ідзе на тысячы. Сярод іх генэралы і адміралы Міністэрства абароны, высокапастаўленыя паліцыянты, судзьдзі, кіраўнікі правінцый ды іншы. Шмат каму пагражае вышэйшая мера пакараньня ці працяглыя тэрміны зьняволеньня. Прынамсі прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган выказаўся за аднаўленьне ў краіне сьмяротнага пакараньня, скасаванага ў 2004 годзе.

Турэцкія лідэры кажуць, што за спробай вайсковага перавароту стаіць «ценявая дзяржава» — рух турэцкага рэлігійнага лідэра Фэтхулаха Гюлена, які цяпер жыве ў ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG