Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папскі легат абмеркаваў з Макеем магчымасьць візыту папы ў Беларусь


Крыстаф Шонбарн. Фота з афіцыйнага сайту Рыма-Каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі http://catholic.by/
Крыстаф Шонбарн. Фота з афіцыйнага сайту Рыма-Каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі http://catholic.by/

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей і папскі легат арцыбіскуп Вены кардынал Крыстаф Шонбарн на сустрэчы 1 ліпеня ў Менску абмяркоўвалі магчымасьць візыту папы рымскага Францішка ў Беларусь.

Пра падрабязнасьці сустрэчы з кіраўніком беларускага зьнешнепалітычнага ведамства пасланьнік пантыфіка распавёў у інтэрвію афіцыйнаму парталу Рымска-каталіцкага касьцёла ў Беларусі.

Як паведамляе БелаПАН, кардынал Шонбарн наведаў Беларусь на мінулым тыдні. У якасьці асабістага пасланца папы Францішка ён узяў удзел ва ўрачыстасьцях з нагоды 25-годзьдзя абвяшчэньня Менска-Магілёўскай мітраполіі.

На сустрэчы з кіраўніком беларускага МЗС, паводле словаў арцыбіскупа Вены, былі ўзьнятыя пытаньні свабоды рэлігіі, правоў чалавека на свабоду веравызнаньня, міру ва Ўкраіне.

«Мы, вядома, казалі ў тым ліку і пра апошні візыт беларускага прэзыдэнта ў Ватыкан і яго сустрэчу з папам Францішкам, — сказаў кардынал. — Таксама абмяркоўвалі шанцы таго, ці магчымы быў бы візыт у адказ і якія перадумовы павінны для гэтага быць».

У канцы траўня Ўладзімер Макей заявіў журналістам, што ў Беларусі вядзецца падрыхтоўка візыту папы Францішка.

«Але падрыхтоўка і размова пра гэта не азначаюць, што візыт адбудзецца заўтра ці ў бліжэйшыя дні. Усе візыты дзяржаўнага ўзроўню патрабуюць дбайнай падрыхтоўкі», — адзначыў кіраўнік МЗС.

«Што тычыцца візыту папы Рымскага ў Беларусь, то мы гатовыя яго прыняць і арганізаваць яго сустрэчу на беларускай зямлі. Гэты візыт і гэтая сустрэча дапамогуць стварыць яшчэ большую гармонію і яшчэ большы мір. З гэтай пазыцыі мы і будзем падыходзіць да арганізацыі дадзенага візыту. Пакуль гаворка пра дакладную дату не ідзе, але падрыхтоўка вядзецца», — паўтарыў кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства.

Падчас Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэсу, які прайшоў 24-26 траўня ў Горадні, папскі легат кардынал Зянон Грахалеўскі заявіў журналістам: адной з умоваў, неабходных для прыезду папы Францішка ў Беларусь, зьяўляецца дасьведчанасьць. Да прыезду пантыфіка ў Беларусь Ватыкан павінен даведацца пра ўсе праблемы касьцёла ў краіне, растлумачыў кардынал.

«Я ведаю, што ў Беларусі, як і ў кожнай краіне, часам здараюцца цяжкасьці, але іх ня трэба замоўчваць, а казаць як ёсьць — праўду», — сказаў Грахалеўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG