Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як шукалі «ген беларускай крэатыўнасьці». Фэстываль aDNaK! Фота


Увечары 30 чэрвеня былі падведзеныя вынікі 7 фэстывалю беларускамоўнай рэклямы і камунікацыі aDNaK!. Фэстываль праходзіў пад дэвізам «Ген беларускай крэатыўнасьці» — і як кажуць арганізатары, гэты ген адраджаецца.

Вядоўцамі фэсту сталі Ганна Хітрык і Павал Харланчук-Южакоў, для гасьцей гралі гурты :B:N: і Akute.

Поўны сьпіс пераможцаў ва ўсіх намінацыях можна паглядзець на саце фэстывалю

Гран-пры ў намінацыі «Графічны і камунікацыйны дызайн» атрымала Кацярына Дубовік за аздабленьне кнігі Вільгельма Гаўфа «Казкі». Два Гран-пры, за «Беларускаарыентаваны рэклямны і камунікацыйны праект» і за «Інтэрактыўную рэкляму і дызайн», атрымаў праект «Мапа станаўленьня Беларусі». Антыпрэмію «Каша сувораўская» атрымаў Рэспубліканскі фэстываль нацыянальных культур у Гародні, а дакладней, білборд зь Янкам Купалам, падпісаным як Якуб Колас. Фота білборда апублікаваў Ігар Мунышчанкаў.

Аляксей Чаранкевіч, адзінса стваральнікаў «Мапы станаўленьня Беларусі»
Аляксей Чаранкевіч, адзінса стваральнікаў «Мапы станаўленьня Беларусі»

Агулам жа на прэміі ў розных намінацыях прэтэндавалі 285 заявак, а прызы за 3, 2 і 1 месцы, Гран-пры і спэцпрызы выдавалі 96 раз. Заяўляецца, што высокую ацэнку журы атрымалі праекты, якія разам з крэатыўным і якасным увасабленьнем мелі добрыя вынікі. Але асобныя ўзнагароды выдаваліся і для нерэалізаваных праектаў.

Па 4 узнагароды атрымалі рэклямнае агенцтва Vondel / Hepta, Анатоль Лазар са студыі «Адліга» і ілюстратарка Кацярына Дубовік. Ілюстратарка Воля Кузбміч атрымала пяць узнагародаў, а агенцтва getbob digital agency — дзевяць. Узнагароды атрымлівала і «Арт-сядзіба», і курсы «Мова Нанова», і аўтары брэнду адзеньня HONAR, і вырабнікі рэклямы алькаголю ці чыпсаў.

У лік пераможцаў трапіла таксама «Радыё Свабода» з праектам да 30-годзьдзя Чарнобыльскай катастрофы, які заняў першае месца ў катэгорыі «Мэдыяпраекты для аднаго каналу камунікацыі».

Колькасьць заявак на фэстываль была меншай за мінулы год, але сябры журы гэта тлумачаць рэзкім, большым за траціну на год скарачэньнем рэклямнага рынку (як беларуска-, так і расейскамоўнага), а таксама жорсткім адборам. Тым жа часам павялічваецца колькасьць замоваў на беларускую рэкляму, якія робяць не таму, што так прапанавалі рэклямшчыкі, а таму, што так прыдумалі замоўцы.

Кіраўнік PR-аддзелу мабільнага апэратара velcom (генэральнага партнэру фэсту) Дзьмітры Сьмірноў адзначыў, што кампанія каторы год падтрымлівае aDNaK ня толькі таму, што гэта адзіны фэстываль беларускамоўнай рэклямы, а і таму, што гэта месца надзвычай высокай канцэнтрацыі крэатыўных людзей і ідэяў. Яго кампанія, кажа Сьмірноў, стала асацыявацца зь беларускамоўнай рэклямай, што ёсьць «вялікім гонарам» для velcom. Але ён спадзяецца, што калі-небудзь фэстываль беларускамоўнай рэклямы стане аксюмаранам, бо ўся рэкляма стане беларускамоўнай.

Сустаршыня аргкамітэту aDNaK Сяргей Скараход жа ўпэўнены, што беларускамоўная рэкляма і камунікацыя ў трэндзе, але лічыць, што попыт на яе існаваў і да фэстывалю. aDNaK, кажа ён, паспрыяў за 7 год пашырэньню белаускамоўнай камунікацыі, «адны сталі падштурхоўваць іншых». Але тым жа часам aDNaK ёсьць простым люстэркам рынку.

Супрацоўнікі velcom прапаноўвалі інтэрактыўную забаву: з плястыкавых блёкаў-сэмплаў трэба было складаць беларускамоўную песьню, а перацягваючы блёкі — мяняць вышыню гуку альбо рытм.

Грае гурт :B:N:
Грае гурт :B:N:

Грае гурт Akute
Грае гурт Akute

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG