У Катары ў нядзелю на перамовах краінаў-экспартэраў нафты не ўдалося дасягнуць пагадненьня аб замарозцы аб’ёмаў яе здабычы для стабілізацыі цэнаў. Пра гэта паведаміла агенцтва Bloomberg, якое адзначае, што няздольнасьць краінаў-экспартэраў дасягнуць згоды аб абмежаваньні здабычы «падрывае пэрспэктывы скаардынаваных дзеяньняў» для выхаду з крызіснай сытуацыі.
Прадстаўлены ў Досе для падпісаньня праект пагадненьня аб замарозцы нафтаздабычы ўключаў у сябе пункт, які прадугледжваў, што пагадненьне можа быць падпісанае толькі пры згодзе ўсіх удзельнікаў перамоваў.
На канфэрэнцыю ў Досе прыбылі прадстаўнікі 16 нафтаздабываючых краінаў, у тым ліку і тыя, якія не ўваходзяць у АПЕК (OPEC), як, напрыклад, Расея.