Гомельскае адкрытае акцыянэрнае таварыства «Сэйсматэхніка», у якім працуе каля 500 чалавек, з 4 красавіка перайшло на няпоўны працоўны тыдзень. Для многіх — гэта ўсяго адзін дзень, якім вызначаная серада.
Вуаль, якая ня радуе
Прычыну пераводу калектыву на максымальна скарочаны працоўны графік можна лічыць характэрнай для шэрагу беларускіх прамысловых прадпрыемстваў — «складаны эканамічны стан таварыства». Працаўнікі «Сэйсматэхнікі» ўжо атрымалі паведамленьні ад кіраўніцтва, дзе гэтак тлумачыцца сытуацыя:
«Папярэджваем, што ў сувязі са складаным эканамічным становішчам таварыства, якое выяўляецца ў яго незаможнасьці, зьніжэньні попыту на аб’ёмы працы, паслугі прамысловага характару і зьніжэньні выручкі ад рэалізацыі на аднаго працаўніка, вам будзе з 4 красавіка ўстаноўлены няпоўны працоўны тыдзень, а менавіта адзін працоўны дзень — серада».
Выглядае так, што акурат працаўнікі тут лайдачаць і ня могуць даць патрэбную выручку. У зьвязку са зьніжэньнем попыту «на аб’ёмы працы» нібыта і ўзьнікае згаданая вышэй фінансавая незаможнасьць.
Зарабіць за месяц, калі ў цябе чатыры ці пяць працоўных дзён, можна хіба толькі мільён ці паўтара. А ў мяне ж сям’я. Калі нічога ня выправіцца, буду звальняцца. Паеду ў Расею.
«У мяне кантракт да канца году, — кажа малады зваршчык „Сэйсматэхнікі“, які не схацеў назваць сваё імя. —З 4 да 26 красавіка мяне выправілі ў адпачынак. Як буду працаваць пасьля адпачынку, ня ведаю. Зарабіць за месяц, калі ў цябе чатыры ці пяць працоўных дзён, можна хіба толькі мільён ці паўтара. А ў мяне ж сям’я. Калі нічога ня выправіцца, буду звальняцца. Паеду ў Расею, дзе быў раней. Там таксама ня соладка, але тысячы тры на дзень можна мець».
Малады спэцыяліст Міхаіл, які прыйшоў у «Сэйсматэхніку» пасьля ўнівэрсытэту, кажа, што яго асабіста перавялі на трохдзённы працоўны тыдзень, ды яшчэ выпраўляюць у красавіку на два тыдні ў адпачынак.
«Звольніцца я не магу, — разважае нядаўні выпускнік. — Бо мушу адпрацаваць тут пасьля ўнівэрсытэту яшчэ паўтара гады. Трэба перацярпець — іншага выйсьця няма».
Адзін з кіраўнікоў прадпрыемства гэтак тлумачыць пераход прадпрыемства на новы працоўны рэжым:
«Аднадзёнку ўводзім пакуль месяцы на два. Спадзяемся выйграць тэндэр, які абвясьціў „Газпрам трансгаз Беларусь“ — на пастаўку буравой мабільнай устаноўкі грузападымальнасьцю 160 тон. Калі выйграем тэндэр, купім мэтал ды ўсё іншае, то будзем пакрысе вяртаць людзей на вытворчасьць».
З рэчамі — на выхад
Кіраўнікі «Сэйсматэхнікі» сьцьвярджаюць, што на прадпрыемстве цяпер працуе каля паўтысячы чалавек. Колькасьць давядзецца «аптымізаваць» да трох сотняў. Інакш кажучы, давядзецца разьвітацца зь дзьвюма сотнямі працаўнікоў, паколькі бракуе заказаў на ўсемагчымыя агрэгаты для бурэньня і абслугоўваньня нафтавых ды газавых сьвідравінаў.
«Нас хоць і заспакойваюць, — кажа рабочы сталага веку, — што, маўляў, мы ў адпачынку пасеем-пасадзім свае грады на лецішчах, а там, глядзі, сытуацыя зьменіцца. Але мы-то ведаем, што бліжэйшым часам чакаць нейкіх сур’ёзных зьменаў у лепшы бок не выпадае, бо кошты на нафту абрынуліся. Запаволілася выведка новых радовішчаў. Ні Вэнэсуэлу, ні Інданэзію наша тэхніка ды рамонтнае абсталяваньне не цікавяць. Расея таксама ўся ў крызісе — ёй цяпер не да заказаў і пакупак».
Беларуска-італійскія заручыны
Амаль паўстагодзьдзя таму навукова-вытворчае аб’яднаньне «Сэйсматэхніка» было створана ў Гомелі дзеля вырабу абсталяваньня для сэйсьмічнай выведкі радовішчаў нафты, газу, іншых карысных выкапняў.
Аб’яднаньне займала высотны гмах на рагу вуліц Уладзімерава і Барыкіна, ды яшчэ на дадатак будынкі й вытворчыя цэхі на вуліцы Ўладзімерава, 16.
Цяпер ў высотцы разьмясьціўся гуманітарна-эканамічны факультэт Тэхнічнага ўнівэрсытэту, а сэйсматэхнікі перабраліся бліжэй да сваёй вытворчасьці.
З распадам былога Саюзу адпала й цэнтралізаваная патрэба атрымліваць нафтавую, газавую спэцтэхніку ды рамонтныя агрэгаты. Спэцыялісты аб’яднаньня засяродзіліся на задавальненьні патрэбаў вытворчага аб’яднаньня «Беларуснафта».
Рынак звузіўся, даходы зьменшыліся. Акурат у той час ААТ «Сэйсматэхніка» зацікавілася італійская кампанія «Drillmec» — вядомы вытворца буравой тэхнікі. Спачатку яна выкупіла 19 адсоткаў акцыяў, а ў 2011 годзе ўжо займела агулам 51 адсотак. І нават прызначыла свайго кіраўніка — дырэктарам гомельскага прадпрыемства стаў італьянец Лука Тамазі. «Сэйсматэхніку» зарэгістравалі рэзыдэнтам свабоднай эканамічнай зоны «Гомель-Ратон».
Яшчэ ў 2013 годзе мы працавалі тут у тры зьмены. Цяпер тут пішуць заявы на адпачынак. Але такія „канікулы“ настрою не дадаюць — людзям трэба за штосьці жыць.
«Яшчэ ў 2013 годзе мы працавалі тут у тры зьмены, — згадвае гамяльчук Ігар, былы спэцыяліст прадпрыемства. — Цяпер тут пішуць заявы на адпачынак. Але такія „канікулы“ настрою не дадаюць — людзям трэба за штосьці жыць».
Апошнюю буйную замову — буравыя ўстаноўкі для працы на вадзе — на «Сэйсматэхніцы» выраблялі для Італіі, якая адпраўляла іх у Эгіпет. Цяпер буйныя замовы скончыліся.
Наагул лічылася, што нафтавы сэгмэнт краінаў СНД стане пэрспэктыўным рынкам, паколькі ён у сваёй бальшыні быў насычаны састарэлым абсталяваньнем вытворчасьці расейскага «Уралмашу». Ніхто ня мог прадбачыць збройны расейска-ўкраінскі канфлікт на Данбасе, увядзеньне эканамічных санкцыяў супраць Расеі, абвальнае падзеньне коштаў на нафту. Адсюль — і фінансавых магчымасьцяў нафтагазавых кампаніяў.
Усё гэта адгукнулася ў тым ліку і на дзейнасьці гомельскай «Сэйсматэхнікі».