Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хочаш заробку — бяры галёшы


За прахадной заводу хімічных вырабаў пануе цішыня
За прахадной заводу хімічных вырабаў пануе цішыня

На мяжы банкруцтва ў Гомелі апынуўся завод хімічных вырабаў. Ад чэрвеня прастойвае цэх гумовых вырабаў. Спыняюцца пэрыядычна і астатнія вытворчыя падразьдзяленьні.

18 верасьня на заводзе панавала цішыня.

Рабочы прадпрыемства, які меўся наведаць аддзел кадраў, апавёў:

«Працавалі раней поўны тыдзень, потым — скарочаны. А цяпер стаім — трэці месяц стаім».

Мясцовая працаўніца дапаўняе суразмоўцу:

«Працы няма, кіраўнікі пастаянна мяняюцца. Завод наагул спыніўся. Яшчэ за чэрвень заробку ня выплацілі».

За вымушаныя прагулы працаўнікам заводу плацяць на месяц 300 тысяч рублёў альбо прапануюць «атаварваць» невялікі заробак прадукцыяй — гумовымі галёшамі, дэкаратыўнымі падушкамі, коўдрамі з рознымі напаўняльнікамі, якія тут выпускаюць. Хочаш — бяры шлянгі паліваць гарод, гумовыя ўшчыльняльнікі для сельгастэхнікі ці наагул мэдычныя мяшэчкі для догляду за каластомай.

Цяперашні дырэктар заводу Фанг Аскераў адгарадзіўся ад журналістаў. На прахадной ахоўніца папярэджвае: «Без дазволу дырэктара не магу прапусьціць, а тэлефон у нас не працуе».

Кабета зачыняе прахадную на ключ, бяжыць у будынак, дзе месьціцца дырэкцыя. А вярнуўшыся, кажа: «Дырэктара на прадпрыемстве няма, а галоўны інжынэр ладзіць нараду».

На прадпрыемстве адключана электраэнэргія, апроч дзяжурнага асьвятленьня, не працуюць тэлефоны. Чаму — тлумачыць адна з працаўніц прадпрыемства:

«Электрасьвятла няма ў нас — адключылі. І тэлефоны не працуюць, бо электрыкі няма».

Раней на заводзе працавала больш за тысячу чалавек. Гамельчукі забясьпечвалі гумовымі галёшамі Сярэднюю Азію, Расею, Азэрбайджан, Аўганістан. Але зь цягам часу вялікая патрэба ў такім абутку адпала. Добрай замены звыкламу асартымэнту тут не знайшлі, таму колькасьць працаўнікоў прыйшлося скараціць больш як удвая.

Нейкі спадзеў у тых, хто застаўся на прадпрыемстве, зьвязаны цяпер з 28 верасьня, калі на прадпрыемстве маюць запусьціць асноўны цэх. Набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары, і прадпрыемствы трэба зноў «запускаць», як і дваццаць гадоў таму.

Вэтэран ЗАТ «Завод хімічных вырабаў», які назваўся Аляксандрам, лічыць, што цяперашні гаротны стан прадпрыемства зьвязаны зь цяжкім фінансавым становішчам, ператасоўкай кіраўнікоў:

«Гэты месяц не працавалі. У мінулым месяцы пры канцы крыху выйшлі — і сталі. Тыдзень ці два папрацуюць — і месяц стаяць. Хтосьці грошай дасьць, купяць сыравіны, папрацуюць — і стаяць. Калі дырэктарам быў Віктар Пашута, было больш-менш нармальна. А калі пачалі тут іншыя зьяўляцца, то ўсё пайшло-паехала. Заціхла ўсё тут. Як грошай не прыдбаюць, то й працаваць ня будуць. Бо трэба ж гума, іншая сыравіна й матэрыялы. А тут даўгоў як шаўкоў», — кажа вэтэран заводу хімічных вырабаў спадар Аляксандар.

Беларускія прамысловыя гіганты ўсё больш ператвараюцца ў карлікаў — пра гэта распавядаюць аналітыкі ды экспэрты.

Менскія аўтамабільны і трактарны заводы, аб’яднаньне сельгасмашынабудаваньня ў Гомелі («Гомсельмаш») даўно перайшлі на скарочаны працоўны тыдзень. Ня лепшая сытуацыя і на меншых прадпрыемствах: заводы «СтанкаГомель», «Гідрааўтаматыка», дрэваапрацоўчыя ды швейныя прадпрыемствы таксама выпраўляюць сваіх рабочых у вымушаныя адпачынкі альбо зьмяншаюць працягласьць працоўных зьменаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG