Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа эканоміка працаваць на мінус у мірны час 


Пра што сьведчыць рост колькасьці стратных прамысловых прадпрыемстваў да 48%? Ці азначае гэта іх хуткае банкруцтва? Што можа іх выратаваць?

Абмяркоўваюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.


Карбалевіч: Доля стратных прамысловых прадпрыемстваў дасягнула амаль 50%. Калі б у Беларусі была рынкавая эканоміка, то ўсе гэтыя прадпрыемствы-банкруты павінны былі б зачыніцца, і ўсе работнікі апынуліся б на вуліцы. Маштаб банкрутаў нагадвае «Вялікую дэпрэсію» на Захадзе на рубяжы 1920-1930-х гадоў.

Але ў Беларусі дамінуе дзяржаўны сэктар, які працуе ў нярынкавых умовах. Таму маштаб звальненьняў не адпавядае маштабу стратных прадпрыемстваў. Хоць і тут тэндэнцыя заўважная.

У Беларусі чацьвёрты месяц запар больш звальняюць, чым прымаюць на працу. У лютым у Беларусі прадпрыемствы звольнілі 46,7 тысячы работнікаў, паведамляе Белстат. Гэта амаль на 16%, або 7,3 тысячы больш, чым тых, хто ў мінулым месяцы змог працаўладкавацца. Нагадаю, што ў 2015 годзе ў Беларусі звольнілі на 83,5 тысячы чалавек больш, чым прынялі на працу.

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Але ўлады штучна стрымліваюць звальненьне работнікаў. Іх пераводзяць на 3-4 дзённы працоўны тыдзень, пэрыядычны адпраўляюць у безаплатны адпачынак. Аднак, з гэтым вялізарным нарывам у беларускай эканоміцы трэба нешта рабіць. Пра гэта настойліва нагадваюць і замежныя крэдыторы. Толькі, што? Калі пачаць банкруціць, як патрабуюць крэдыторы, то гэта пагражае ня толькі наўпроставымі дрэннымі сацыяльна-палітычнымі наступствамі, бо зьявіцца вялікая армія беспрацоўных.

Але справа яшчэ ў тым, што ўсе гэтыя дзяржаўныя прадпрыемствы-банкруты моцна закрэдытаваныя. І калі іх афіцыйна банкруціць, то могуць «пасыпацца» банкі. Прычым, найперш, дзяржаўныя банкі, якія крэдытавалі і працягваюць крэдытаваць безнадзейна стратныя прадпрыемствы па загадзе ўладаў. То бок, лёгкіх рашэньняў тут проста няма: уладам давядзецца выбіраць меншае зло.

Дракахруст: Я не зусім згодны з вамі, што калі гэтыя прадпрыемствы стратныя, то яны банкруты. У рэшце рэшт бывае, што па выніках году ў мінусе аказваюцца і велізарныя міжнацыянальныя карпарацыі. Гэта ня значыць, што яны адразу павінны банкруціцца, гэта можа быць часовым момантам. Можна перакрэдытавацца, можна прадаць нейкія актывы і скампэнсаваць страты.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Але зразумела, што гэта кепскі сыгнал для эканомікі. Да таго ж, можа быць, ня ўсе прадпрыемствы, якія цяпер у мінусе, банкруты, але некаторыя — безумоўна, і тое, што мы ня бачым каскаду банкруцтваў — гэта сапраўды вынік квазісацыялістычнай прыроды беларускай эканомікі — дзяржава бярэ на сябе выдаткі.

Але наконт тэзы, што «крэдыторы патрабуюць», дык крэдыторы беларускіх прадпрыемстваў — гэта беларускія ж банкі. Паколькі ўсе банкі знаходзяцца пад кантролем улады, то асабліва чагосьці патрабаваць яны наўрад ці будуць. Тут сапраўды, схема даміно, калі пачнецца банкруцтва прадпрыемстваў, за імі пацягнуцца банкі. Усе даўгі прадпрыемстваў — гэта актывы банкаў.

Карбалевіч: Калі я кажу пра замежных крэдытораў, я маю на ўвазе замежныя фонды, МФВ, Эўрапейскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця.

Дракахруст: Яны не крэдытуюць наўпрост беларускія прадпрыемствы. Яны даюць грошы ўраду, Нацбанку на стабілізацыю — гэта значыць, на валютныя інтэрвэнцыі і іншыя мерапрыемствы макраэканамічнай стабілізацыі. Так, каб МВФ даў грошы трактарнаму заводу — такога не бывае.

Але 48% ёсьць 48% — кожнае другое прадпрыемства. Я не выключаю, што ўсе чакаюць — а раптам адкуль-небудзь зваляцца нейкія грошы. Вось мы сёньня будзем гаварыць пра тое, што нейкія грошы ўсё ж такі зваліліся, але безумоўна, палову эканомікі тымі двума мільярдамі, якія Беларусь атрымала ад Расеі, дакладней, ад Эўрапейскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, ня выратаваць.

Цыганкоў: Такія праблемы характэрныя ня толькі для дзяржаўных прадпрыемстваў, але ў ня меншай ступені і для прыватных. Паводле дадзеных Нацыянальнага банку, праблемная запазычанасьць па крэдытах банкаў на 1 лютага дасягнула максымальнага за апошнія гады ўзроўню. За год дзяржаўныя прадпрыемствы павялічылі праблемную запазычанасьць на 76%, але ў прыватнага сэктару справы яшчэ горш. За год праблемная запазычанасьць па рублёвых крэдытах у прыватным сэктары вырасла у 2,8 разы.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Гэта праблема агульнага крызысу беларускай эканомікі, а ня толькі таго, што яна адзяржаўленая. Як бачым, у дзяржаўных прадпрыемстваў існуюць больш строгія нормы, і ім кіраўніцтва не дазваляе браць крэдыты так актыўна і так шмат, як гэта робяць прыватныя. Пачэсны старшыня бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў Георгі Бадзей прадбачыць рост колькасьці банкруцтваў з-за павелічэньня гэтай праблемнай запазычанасьці.

Ня толькі названы працэнт паказвае стратныя прадпрыемствы, але яшчэ ладная частка балянсуе на мяжы стратнасьці. То бок, яны маюць рэнтабэльнасьць ад 0 да 5%. Калі казаць пра радыкальныя і імгненныя рашэньні, у выпадку раптоўнага банкруцтва ці закрыцьця гэтых прадпрыемстваў з такой рэнтабэльнасьцю, то каля мільёну працоўнага насельніцтва пазбавіцца працы. Таму ўладу таксама можна зразумець, чаму яна ня робіць такіх крокаў.

Так, часам бываюць кепскія гады, адмоўны прыбытак і ў пасьпяховых міжнацыянальных карпарацыяў. Але калі гэта працягваецца некалькі гадоў, то без радыкальных рашэньняў не абысьціся.

Гэта ж тычыцца і беларускай эканомікі, калі крызіс зацягнецца на некалькі гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG