Ваенныя дзеяньні ў Нагорным Карабаху аднавілі армяна-азэрбайджанскі канфлікт, які быў замарожаны ў 1994 годзе.
Радыё Свабода адабрала 7 фактаў з гісторыі канфлікту ў Нагорным Карабаху, якія дазваляюць лепш зразумець сутнасьць цяперашніх падзей.
1. Праблемны рэгіён ужо больш за 100 гадоў
Першыя крывавыя этнічныя сутыкненьні паміж азэрбайджанцамі і армянамі ў Нагорным Карабаху адбыліся падчас першай расейскай рэвалюцыі 1905–1907 гадоў. Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 году тэрыторыя Нагорнага Карабаху была абвешчана часткай Азэрбайджанскай Дэмакратычнай Рэспублікі, але мясцовыя армяне абвясьцілі, што падпарадкоўвацца азэрбайджанскім уладам не зьбіраюцца. Гэта выклікала крывавыя сутыкненьні паміж узброенымі атрадамі армян і азэрбайджанцаў, якія скончыліся толькі пасьля таго, як у Азэрбайджане ўсталявалася савецкая ўлада і супраціў армян быў здушаны пры дапамозе Чырвонай арміі. У выніку ў карабаскім пытаньні Масква стала на бок азэрбайджанцаў, пакінуўшы гэтую тэрыторыю ў складзе Азэрбайджанскай ССР на правах Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці (НКАВ). Большасьць насельніцтва НКАВ складалі армяне.
На працягу савецкай гісторыі армянскія партыйныя дзеячы час ад часу ўздымалі пытаньне аб перадачы Нагорнага Карабаха Армэніі, але Масква гэтага не падтрымлівала. Перабудова актуалізавала праблему Карабаха.
2. Найбольш маштабны канфлікт на тэрыторыі былога СССР
Паводле дадзеных Міжнароднага Чырвонага Крыжа, у пэрыяд вайны ў Нагорным Карабаху бакі страцілі да 45 000 чалавек. Пры гэтым страты армянскага боку ацэньваюцца ў 17 000, а азэрбайджанскія — у 25 000.
Дадзеныя, якія падаюць бакі канфлікту, значна разыходзяцца з дадзенымі міжнародных арганізацыяў — але і тыя, і другія сьведчаць пра значныя маштабы стратаў. Паводле афіцыйных дадзеных уладаў Азэрбайджану, апублікаваных у 2013 годзе, у карабаскай вайне загінулі 11 тысяч 557 азэрбайджанскіх салдат (ня лічачы мірных жыхароў).
Такім чынам, з армяна-азэрбайджанскай вайной па маштабах чалавечых страт могуць параўнацца толькі чачэнскія войны, але тыя не выходзілі за межы адной дзяржавы. А ў канфлікт у Нагорным Карабаху былі наўпрост уцягнутыя дзьве незалежныя краіны.
Як пісаў швэдзкі дасьледчык Свантэ Карнэл, «з усіх каўкаскіх канфліктаў карабаскі канфлікт мае найбольшае стратэгічнае і агульнарэгіянальнае значэньне».
3. Пагромы і тэракты
Менавіта ў сувязі з сытуацыяй у Нагорным Карабаху былі адзначаны першыя ў СССР выпадкі масавага этнічнага гвалту.
Першы армянскі пагром здарыўся ў азэрбайджанскім горадзе Сумгаіце 27–29 лютага 1988 году. Паводле афіцыйных дадзеных, тады загінулі 26 армян і 6 азэрбайджанцаў, паводле ж неафіцыйных дадзеных, пагром забраў жыцьці некалькіх соцень чалавек.
Яшчэ больш крывавы быў армянскі пагром у Баку 13–20 студзеня 1990 году — тады загінулі да 90 чалавек (паводле неафіцыйных дадзеных — каля 300).
У сваю чаргу, Азэрбайджан абвінавачвае армянскія радыкальныя групы ў шэрагу падрываў пасажырскіх і грузавых цягнікоў бакінскага напрамку ў 1990–1994 гадах, якія прывялі да шматлікіх людзкіх ахвяр. Таксама армянскім тэрарыстам прыпісваюць падрыў пасажырскага аўтобуса Тбілісі — Баку 16 верасьня 1989 году (5 загінулых) і Тбілісі — Агдам 10 жніўня 1990 году (15 загінулых).
4. Ваенныя злачынствы
Вайна ў Нагорным Карабаху суправаджалася шматлікімі ваеннымі злачынствамі з абодвух бакоў і вялікімі стратамі сярод мірнага насельніцтва.
Адно з найбольш вядомых ваенных злачынстваў, якія прыпісваюцца азэрбайджанцам, — гэта разьня ў Маразе 10 красавіка 1992 году. Пасьля таго як армянскія ўзброеныя фармаваньні пакінулі сяло Марага, азэрбайджанскія вайскоўцы ўчынілі масавае забойства мірных жыхароў — паводле розных дадзеных, загінулі ад 50 да 100 чалавек.
Азэрбайджанцы, у сваю чаргу, успамінаюць пра Хаджалінскую разьню 26 лютага 1992 году. Армянскія ўзброеныя фармаваньні ўзялі штурмам азэрбайджанскі горад Хаджалы, гэта суправаджалася расстрэламі мірных жыхароў. Паводле дадзеных праваабаронцаў, тады загінуў ня менш як 161 чалавек зь ліку цывільных.
Абодва бакі таксама абвінавачвалі адзін аднаго ў выкарыстаньні наймітаў. Вядома, напрыклад, што на баку Азэрбайджану ваяваў будучы чачэнскі палявы камандзір і тэрарыст Шаміль Басаеў.
5. Непрызнаная рэспубліка
Армяне Нагорна-Карабаскай рэспублікі абвясьцілі незалежнасьць 2 верасьня 1991 году, але з таго часу толькі Армэнія (і толькі дэ-факта) прызнала незалежнасьць гэтага ўтварэньня.
Азэрбайджан лічыць гэтую тэрыторыю акупаванай, але далёка ня ўсе з гэтым пагаджаюцца. Рэзалюцыя Генасамблеі ААН «Становішча на акупаваных тэрыторыях Азэрбайджану» ад 14 сакавіка 2008 году была падтрымана толькі 39 дзяржавамі. Сем дзяржаў прагаласавалі супраць (у тым ліку ЗША, Расея і Францыя), а 100 дзяржаў устрымаліся.
Расейскі дэмакратычны палітык Галіна Старавойтава адзначала ў свой час, што «з пункту гледжаньня міжнароднага права гэты канфлікт зьяўляецца прыкладам супярэчнасьцяў паміж двума фундамэнтальнымі прынцыпамі: з аднаго боку, права народа на самавызначэньне, а з другога боку, прынцыпу тэрытарыяльнай цэласнасьці, згодна зь якім магчыма толькі мірнае зьмяненьне межаў паводле дамовы».
6. Менская група
Нягледзячы на тое, што канфлікт у Нагорным Карабаху пачаўся яшчэ ў 1987–1988 гадах, міжнародная грамадзкасьць змагла далучыцца да яго ўрэгуляваньня толькі ў 1992 годзе, калі Армэнія і Азэрбайджан ня толькі атрымалі незалежнасьць, але і сталі чальцамі АБСЭ.
Калі ў сакавіку 1992 году было прапанавана склікаць міжнародную канфэрэнцыю па Нагорным Карабаху, Беларусь прапанавала Менск у якасьці места перамоваў. Менавіта таму група па ўрэгуляваньні канфлікту ў Нагорным Карабаху атрымала назву «менская», хоць заплянаваная першапачаткова на 21 чэрвеня 1992 году ў Менску міжнародная канфэрэнцыя так і не адбылася. Да Бішкецкага пратаколу аб замірэньні, падпісанага бакамі канфлікту 5 траўня 1994 году, менская група АБСЭ дачыненьня ня мела.
Сама Менская група дагэтуль працягвае існаваць. Яе сустаршыні — Расея, ЗША і Францыя. Пастаянныя чальцы Менскай групы АБСЭ — Беларусь, Нямеччына, Італія, Швэцыя, Фінляндыя і Турэччына, а таксама Армэнія і Азэрбайджан.
7. Параза Азэрбайджану
Канфлікт пачаўся ў 1987 годзе з масавых мітынгаў армянскіх жыхароў Нагорнага Карабаху пад лёзунгамі ўзьяднаньня з Армэніяй. У 1988 годзе ў Нагорным Карабаху адбываюцца першыя крывавыя этнічныя сутыкненьні. У 1990 годзе ў ходзе канфлікту ўпершыню была ўжытая артылерыя. З 1991 году, з распадам СССР, тут ужо разгарнулася поўнамаштабная вайна: з танкавымі ўдарамі, масіраванымі артылерыйскімі абстрэламі і авіябамбаваньнямі.
5 траўня 1994 году быў падпісаны Бішкецкі пратакол аб замірэньні і спыненьні агню паміж Армэніяй і самаабвешчанай Нагорна-Карабаскай Рэспублікай, з аднаго боку, і Азэрбайджанам — з другога боку.
Дэ-факта Азэрбайджан вайну прайграў: Нагорна-Карабаская рэспубліка стала хоць і непрызнаным, але цалкам незалежным ад Баку дзяржаўным утварэньнем. Акрамя таго, цяпер армяне кантралююць нашмат шырэйшыя ўчасткі азэрбайджанскай тэрыторыі, якія мяжуюць з Карабахам, але не ўваходзілі ў яго склад да вайны. Менавіта дзякуючы захопу гэтых тэрыторыяў Нагорны Карабах, які ў даваенныя часы быў па сутнасьці этнічным армянскім анклявам, цяпер мае працяглую агульную мяжу з Армэніяй.
Між тым Бішкецкае замірэньне не паставіла кропку ў канфлікце, а толькі перавяло яго ў лік «замарожаных».