Бэльгійскія ўлады вырашылі зьнізіць узровень тэрарыстычнай пагрозы на адну прыступку — з максымальнай чацьвёртай да трэцяй. Чацьвёрты ўзровень азначае «сур’ёзную і непасрэдную» небясьпеку тэрактаў, трэці — «верагодную» небясьпеку.
Праваахоўныя органы пацьвердзілі гібель 31 чалавека ў выніку выбухаў у аэрапорце Брусэля і ў брусэльскім мэтро. У аэрапорце Завэнтэм 22 сакавіка прагрымелі два выбухі, пазьней спрацавала выбуховае прыстасаваньне на станцыі мэтро «Мальбэк» каля будынкаў, дзе разьмяшчаюцца ўстановы Эўразьвязу. Улады Бэльгіі кваліфікавалі тое, што адбылося, як «тэракты». Адказнасьць за выбухі ўзяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава».
Бэльгійскія грамадзка-прававыя тэлерадыёканалы VRT і RTBF паведамілі, што падчас знаходжаньня пад сьледзтвам адзін з арганізатараў парыскіх тэрактаў Салах Абдэслам разам з двума саўдзельнікамі плянаваў тэракт, аналягічны тым, што адбыліся ў Парыжы ў лістападзе, калі тыя, хто нападаў стралялі па наведвальніках рэстарана і канцэртнай залі.
У чацьвер кіраўнік МУС Бэльгіі выказаў жаданьне сысьці ў адстаўку ў сувязі з тэрактамі, аднак прашэньне не было задаволенае.
Паводле апошніх паведамленьняў, Брусэльскі аэрапорт застаецца закрытым.
Позна ўвечары кіраўнік МУС Францыі заявіў пра арышт «француза» на «прасунутай» стадыі падрыхтоўкі тэракту. Пра гэта інфармуе Associated Press.