Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская апазыцыя ў Брусэлі: Вакол Эўрапарлямэнту ўзброеныя салдаты


У Брусэлі знаходзіцца дэлегацыя беларускіх палітыкаў у складзе Анатоля Лябедзькі, Аляксея Янукевіча, Уладзімера Някляева, Міколы Статкевіча, Ірыны Вэштард, Юрася Губарэвіча, Сяргея Калякіна і Тацяны Караткевіч.

Плянавалася, што сёньня, 22 сакавіка, усе яны возьмуць удзел у чарговым пасяджэньні працоўнай групы па Беларусі парлямэнцкай асамблеі Ўсходняга Партнэрства (Эўранэст).

Як паведаміў Свабодзе старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, уся дэлегацыя павінна заўтра раніцай вяртацца ў Менск. Вылет — з Брусэльскага аэрапорту Zaventem, дзе 22 сакавіка адбыліся выбухі, у выніку якіх ёсьць ахвяры.

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

«Адчуваецца агульная напружанасьць. У кавярнях на тэлеэкранах паказваюць кадры з аэрапорту», — сказаў Янукевіч.

«Цяпер мы знаходзімся каля ўваходу ў Эўрапарлямэнт, стала вядома пра новыя выбухі ў мэтро. Сытуацыя мяняецца вельмі хутка — зьявілася вельмі шмат узброеных салдат. Да таго ж нам затрымліваюць выдачу пропускаў у будынак. Мы спадзяемся, што ўсе заплянаваныя мерапрыемствы адбудуцца, але з улікам падзеяў цяжка сказаць, што будзе адбывацца далей», — дадаў Янукевіч.

Палітык даў таксама ацэнку ранішнім падзеям у Брусэлі, назваўшы іх тэрарызмам і экстрэмізмам:

«Мы бачым, што экстрэмізм і тэрарызм памнажаюцца ў Эўропе, сёньня была зробленая сэрыя атак на сталіцу Эўропы — Брусэль. У гэтай сытуацыі трэба заклікаць да міжнароднай салідарнасьці, да гуртаваньня Эўропы вакол яе традыцыйных каштоўнасьцяў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG