Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анджэй Вайда: Будаўнік і разбуральнік польскіх нацыянальных мітаў


Анджэй Вайда, 2008.
Анджэй Вайда, 2008.

Сёньня польскаму рэжысэру Анджэю Вайду спаўняецца 90 гадоў. Ніхто ў Польшчы не сумняваецца, што Вайда — найвыдатнейшы польскі кінэматаграфіст.

Ніхто ў Польшчы не сумняваецца, што Вайда — найвыдатнейшы польскі кінэматаграфіст. За мяжою думаюць пра яго, хутчэй за ўсё, падобным чынам. У 1981 годзе ён атрымаў «Залатую пальму» ў Канах за фільм «Чалавек з жалеза». За кінэматаграфічныя дасягненьні ўсяго жыцьця яго ўзнагародзілі «Залатым львом» Вэнэцыянскага кінафэстывалю (1998), «Оскарам» Амэрыканскай акадэміі кінэматаграфістаў (2000) і «Залатым мядзьведзем» Бэрлінскага кінафэстывалю (2006).

Справа, аднак, у тым, што Анджэй Вайда лічыўся найлепшым польскім рэжысэрам ужо нашмат раней, калі ні за мяжою, ні нават у Польшчы яго і ня думалі расьпешчваць прэміямі ці ордэнамі і мэдалямі.

Прыгадваецца, як у сярэдзіне 1970-х гадоў мы з калегам арганізавалі кінаклюб у нашым ліцэі ў Гайнаўцы. Раз на два тыдні мы замаўлялі з фільмовых архіваў у Беластоку стужку, якая лічылася або «клясычнай» для сусьветнага кінэматографу, або занадта «цяжкой», каб ісьці ў штодзённым, «паточным» кінапракаце. Тады якраз, у нашым кінаклюбе, я і паглядзеў большасьць фільмаў Вайды, які ўжо 40 гадоў таму меў статус клясыка польскага кінэматографу.


Вайда дэбютаваў яшчэ ў сталінскую эпоху, сацрэалістычнымі фільмовымі эцюдамі, якіх ніхто сёньня ня помніць і не прыгадвае. Але імя сабе ён зрабіў ўжо ў 1950-х гадах, трыма мастацкімі фільмамі, якія крытыкамі спалучаюцца ў своеасаблівую ваенную трылёгію: «Пакаленьне» (1955), «Канал» (1956) і «Попел і дыямант» (1958). Фільмы «Канал» (пра трагічны лёс варшаўскага паўстаньня 1944 году) і «Попел і дыямант» (аповед пра палітычныя і маральныя шляхі жаўнераў Арміі Краёвай пасьля вайны) — як польскія, так і замежныя крытыкі адназначна залічваюць да шэдэўраў польскага і сусьветнага кіно. У іх Анджэй Вайда паставіў вострыя пытаньні маральнага характару і моцна паспрачаўся з агульна прынятымі польскімі поглядамі і мітамі пра сэнс найноўшай гісторыі краіны. Адначасова гэтыя фільмы стварылі своеасаблівы «вайдаўскі міт» польскай гісторыі, у якім глыбокі рамантызм і сымбалізм змаганьня за свабоду спалучаўся зь бязьлітасным палітычным рэалізмам.

Яшчэ адным фільмам, які бязьлітасна «дэканструяваў» польскія гістарычныя міты, была карціна «Попел» (1965) — экранізацыя вядомага ў Польшчы аднайменнага раману Стэфана Жаромскага. Вайда паказаў польскіх кавалерыстаў, якія змагаліся на баку Напалеона ў Гішпаніі і на востраве Сан-Дамінга ў пачатку ХІХ стагодзьдзя, з аднаго боку як ахвяраў палітыкі францускага імпэратара, а з другога — як жорсткіх захопнікаў і акупантаў.

У 1970 годзе зьявіліся два наступныя шэдэўры Анджэя Вайды — стужкі «Краявід пасьля бітвы» (на аснове апавяданьняў Тадэвуша Бароўскага) і «Бярэзьнік» (на аснове апавяданьня Яраслава Івашкевіча). Калі б пасьля гэтых карцінаў Анджэй Вайда перастаў здымаць фільмы, ягонае месца ў гісторыі польскага кінэматографу засталося б ня менш пачэсным, чым цяпер, калі ён зьняў яшчэ два дзясяткі поўнамэтражных мастацкіх стужак. З самых істотных варта тут прыгадаць: «Вясельле» (1972), «Абяцаная зямля» (1974), «Чалавек з мармуру» (1976), «Без наркозу» (1978), «Чалавек з жалеза» (1981), «Пан Тадэвуш» (1998).

Асобным радком належала б выдзеліць карціну «Катынь» з 2007 году, якой Анджэй Вайда аддаў шанаваньне свайму бацьку, афіцэру польскай арміі, які быў узяты ў палон саветамі ў 1939 годзе і расстраляны ў Харкаве ў 1940. «Катынь» — выдатная карціна, у якой кадры расстрэлу польскіх афіцэраў энкавэдыстамі належаць да найбольш запамінальных сцэнаў з усяго сусьветнага кінэматографу.

Безумоўна, у больш чым 60-гадовай кінэматаграфічнай кар’еры Анджэя Вайды былі і творчыя пралікі, і больш ці менш няўдалыя карціны. Але самыя істотныя фільмы 90-гадовага творцы пакінулі трывалы сьлед у польскай культуры.

​Польскі крытык Тадэвуш Любэльскі некалі запамінальна напісаў, што сучасныя палякі глядзяць на сваю нацыянальную гісторыю вачыма Вайды: «Ад польскага ўдзелу ў ваенных кампаніях арміі Напалеона, праз трагедыю варшаўскага паўстаньня ажно па жнівеньскі страйк рабочых судавэрфі ў 1980 годзе — усе істотныя сюжэты нацыянальнай гісторыі мінулых 200 гадоў атрымалі форму выяваў, пакліканых да жыцьця ягонымі фільмамі».

Пра колькі кінэматаграфістаў на сьвеце можна такое сказаць?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG