Каліноўскі: 24 лютага ў Менску зноў зьбіраюцца на перамовы прадстаўнікі Ўкраіны, Расеі, АБСЭ, а таксама баевікоў так званых «ДНР» і «ЛНР», а па сутнасьці — інсьпіраваных і падтрыманых Расеяй сэпаратыстаў. Прарыву тут чакаць ня варта, але гэта чарговы інфармацыйны напамін пра тое, што ў нашым рэгіёне ідзе вайна, адбываюцца штодзённыя абстрэлы, гінуць салдаты і мірныя людзі.
Вайна ў Данбасе перайшла ў разрад зацяжных, ідзе пазыцыйнае стаяньне па ўсім фронце, адбываюцца штодзённыя перастрэлкі, вылазкі дывэрсантаў. Украінская дзяржава ня можа перамагчы баевікоў, якімі кіруе і якім пастаўляе зброю Расея. Баевікі таксама ня могуць адолець украінскае войска, і вось ідуць перамовы ў Менску. Тут лепей кепскія перамовы, чым добрая вайна. Але Ўкраіна ў любы момант чакае, што Пуцін дасьць каманду і баевікі ды расейскія войскі пойдуць у наступ. Вось зьявілася інфармацыя, што шпіталі ў Горлаўцы і Енакіеве сэпаратысты ўжо вызваляюць для магчымых параненых.
Перамовы па Данбасе ідуць ня толькі ў Менску — пазаўчора Барак Абама і Ўладзімер Пуцін праз тэлефон гутарылі пра баявыя дзеяньні і ў Сырыі, і на Данбасе. Размова адбылася на просьбу Пуціна.
Па выніках гэтых перамоваў паведамляецца, што Абама заявіў Пуціну пра патрэбу выкананьня «аб’яднанымі расейска-сэпаратысцкімі сіламі» на Данбасе менскіх пагадненьняў. Відаць, упершыню Белы дом наўпрост гаворыць у такім паведамленьні пра расейскія войскі на Данбасе. Такім чынам, адкінутыя ўсе дыпляматычныя эўфэмізмы, пачынаецца сур’ёзны ціск на Пуціна.
Вось менавіта з гэтым я б зьвязваў магчымы прагрэс і на перамовах Трохбаковай кантактнай групы ў Менску, якія апошнія два месяцы фактычна замарозіліся, зайшлі ў тупік. Ніякага зруху няма ні ў выкананьні рэжыму цішыні, ні ў гуманітарных, ні ў эканамічных праектах. Толькі напярэдадні ўдалося вызваліць з палону сэпаратыстаў некалькі ўкраінскіх байцоў. Гэта добры знак, які пацьвярджае, што дрэнныя перамовы ўсё ж лепей за добрую вайну.
Вайна гэтая зачапляе і Беларусь. Па абодва бакі фронту ваююць беларусы. Два баевікі, якія служаць на баку так званай ДНР, на гэтым тыдні далі інтэрвію Свабодзе, у якім абяцалі «заліць беларускую зямлю крывёю», калі тут здарыцца Майдан. А два іншыя беларусы, былыя беларускія палітвязьні, а цяпер франтавікі ДУК АУН Васіль Парфянкоў і Эдуард Лобаў узялі ўдзел у пагромах расейскіх банкаў у Кіеве, Парфянкоў за гэта арыштаваны, яму пагражае да 4 гадоў турмы.
Карбалевіч: Адна з праблемаў перамоў палягае ў тым, якой уладай валодаюць кіраўнікі «ДНР» і «ЛНР». Можа, зь імі ўвогуле няма сэнсу весьці перамовы, бо яны нічога не вырашаюць? Лепш наўпрост весьці перамовы з Масквой. Бо, магчыма, тут, на перамовах у Менску, проста адбываецца нейкая імітацыя. Сапраўды, перамовы Пуціна з Абамам ці доўгія перамовы, якія адбываліся ў Калінінградзе паміж прадстаўнікамі Расеі і ЗША, могуць аказацца больш плённымі, зьмястоўнымі і эфэктыўнымі, таму што менавіта Расея прымае рашэньні і стаіць за кіраўніцтвам «ДНР» і «ЛНР», яна можа вырашыць праблему, калі б на тое была палітычная воля.
Падаецца, што сёньня абодва бакі ня вельмі зацікаўленыя ня толькі ўва ўсеагульным палітычным урэгуляваньні канфлікту, але нават у яго замарожваньні. Бо, думаю, і ў Масквы, і ў Кіева хапае магчымасьцяў прымусіць вайскоўцаў, мясцовых вайсковых камандзіраў спыніць узаемныя абстрэлы. Але гэтага не адбываецца. Значыць, існуе зацікаўленасьць захаваць сытуацыю «ні міру, ні вайны». Кіраўніцтвы Расеі і Ўкраіны разьлічваюць, што пад ціскам эканамічнага крызісу ў абодвух бакоў адбудуцца нейкія эканамічныя забурэньні, і ў гэтых умовах праціўнік пойдзе на саступкі. То бок і Кіеў, і Масква глядзяць адзін на аднаго і думаюць, хто лясьнецца раней. Гэтыя надзеі і тармозяць рэальны працэс перамоваў. Я лічу, што менскія дамоўленасьці, якія былі заключаныя год таму, проста невыканальныя ў сёньняшніх умовах. Таму з усіх пунктаў пагадненьня выкананы толькі адзін — створаная пляцоўка для перамоваў тут, у Менску, якія і адбываюцца.
Цыганкоў: Ня раз за апошнія месяцы мы маглі назіраць, як абодва бакі вельмі скептычна ставяцца да менскіх перамоваў, як да самога працэсу, так і да ўзгодненых пунктаў. Безумоўна, пагадненьні былі заключаныя на эмацыйным пад’ёме, калі прыехалі сюды кіраўнікі паважаных краін, Францыі, Нямеччыны, якія выступалі як пасярэднікі. Мэта была — дасягнуць хоць нейкага пагадненьня, міру і спыненьня агню. На той момант гэта было някепска. Потым, як часта ў такіх сытуацыях бывае, высьветлілася, што абодвум удзельнікам канфлікту ня вельмі яно падабаецца. Мы можам казаць пра Ўкраіну і Расею, бо данбаскія сэпаратысты ўсё часьцей прызнаюцца часткай расейскіх Узброеных сілаў.
Незразумелы канчатковы сэнс гэтых пагадненьняў. Чаго хочуць дасягнуць? Ці проста спыненьня агню і замарожваньня сытуацыі, ці палітычнага рашэньня пытаньня ўсяго рэгіёну, каб ён або ўвайшоў ва Ўкраіну на іншых умовах, чым раней, або працягваў жыць сваім жыцьцём далей?
У філязофскім пляне адзначу, што мір прыходзіць да бакоў, якія ваююць, у дзьвюх сытуацыях: калі скончыліся сілы альбо калі ўдзельнікі з абодвух бакоў канчаткова маральна стаміліся ваяваць. У мяне ўражаньне, што такога вакол Данбасу пакуль няма. І ва Ўкраіне, і на Данбасе многія не наваяваліся і ня лічаць, што тут пастаўлена кропка. З абодвух бакоў гучаць заклікі «забраць назад наша», грамадзкая думка падштурхоўвае палітыкаў да пэўных крокаў, а не да міру.
Карбалевіч: Думаю, што аптымальным варыянтам у бліжэйшы час было б замарожваньне канфлікту. Але вось на той канфэрэнцыі ў Менску, якая была прысьвечаная гадавіне мірных перамоваў у Менску, прадстаўнік АБСЭ, фактычна пасярэднік, выказаў такую думку: цяпер галоўная праблема — не дазволіць замарозіць гэты канфлікт. То бок АБСЭ разглядае замарожваньне канфлікту як пагрозу.