Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будоўля энэргамоста ў Крым спынілася: знайшлі сьляды невядомай цывілізацыі


Знойдзены комплекс па зборы пітной вады можа сьведчыць, што гідратэхнічныя пабудовы на Кубані ладзілі задоўга да грэкаў.

Будоўля расейскага энэргамоста ў Крым часова прыпыненая, паведамляе «Российская газета». Каля пасёлку Ільіч на беразе Керчанскага праліва з боку Расеі археолягі знайшлі комплекс па зборы пітной вады, які лічаць найдаўнейшым на тэрыторыі Расеі.

Комплекс зь некалькіх каменных рэзэрвуараў для кандэнсату знайшлі пад вадой на глыбіні 6 мэтраў. Захаваўся ён добра. Яго аднесьлі да VII–VIII стст да н.э., але ня могуць аднесьці да канкрэтнай цывілізацыі:

«Калі казаць пра старажытныя вадасховішчы, то ня так лёгка вызначыць, які этнас іх мог будаваць, — растлумачыў супрацоўнік навукова-дасьледчага цэнтру традыцыйнай культуры дзяржаўнага Кубанскага казацкага хору Ігар Васільеў. — Майстрамі маглі быць і першыя ў Тамані грэцкія пасяленцы, і плямёны сіндаў».

Будаўнікі тым часам заяўляюць, што раскопкі не паўплываюць на тэрміны будоўлі энэргамоста, бо працы ідуць нават з апярэджаньнем графіку. Але трэба будзе ўмацоўваць берагі, і таму ўнікальную знаходку пасьля дасьледаваньня засыплюць.

Першую чаргу энэргамоста ў Крым запусьцілі ў канцы сьнежня 2015 году пры асабістым удзеле Пуціна. Энэргамост давялося будаваць пасьля таго, як у канцы восені падарвалі апору лініі электраперадачаў і Крым застаўся без украінскага сьвятла. На сёньняшні дзень электрычнасьць з Украіны не падаецца ў Крым, бо ранейшы кантракт на пастаўкі скончыўся, а новага няма. На пачатак лютага Расея давала Крыму 421 МВт. У самім Крыме генэруюць 511 МВт, а дэфіцыт, паводле афіцыйных зьвестак, складае 85 МВт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG