Ужо чацьвёрты дзень у большай частцы Крыму няма электрычнасьці. Свабода распытала крымчанаў пра жыцьцё безь сьвятла і зазірнула ў іхнія інстаграмы.
Пасьля «блэкаўту», зладжанага ўкраінскімі актывістамі, якія выступаюць за эканамічную блякаду Крыму, паўвостраў застаўся бяз прыкладна 70% энэргазабесьпячэньня. Па большай частцы Крыму няма сьвятла, на крытычна важныя аб’екты электрыка падаецца з рэзэрвовых крыніцаў. Лідэр крымскіх татараў кажа, што энэргазабесьпячэньне можа быць адноўленае празь некалькі дзён.
Многія ўкраінцы кпяць з крымчанаў: маўляў, Украіна і ня мусіць забясьпечваць тэрыторыі, анэксаваныя краінай, якая вядзе супраць іх вайну. Іншыя згадваюць, што ў Расеі ня раз гучалі прапановы спыніць пастаўкі энэргарэсурсаў ва Ўкраіну ці Грузію, вёўся «газавы шантаж». Ёсьць і тыя, хто спачувае крымчанам як ахвярам палітычнага канфлікту.
Крымчане тым часам выжываюць. Зрэдку выходзяць ва «ЎКантакце» ды посьцяць фоты ў Instagram. І падобна, што ня трацяць аптымізму.
«Жывуць са сьвечкамі ў поўнай рамантыцы. Сьвечкі сканчаюцца»
Кацярына з Керчы распавядае Свабодзе, што цяпер яна ня ў Крыме, але там засталіся ейныя родныя:
«Мае родзічы безь сьвятла і бяз сувязі ў Керчы. Генэратараў няма. Дзякуй, што ваду далі. Жывуць са сьвечкамі ў поўнай рамантыцы. Дарэчы, сьвечкі сканчаюцца. Лякарні працуюць, крамы — ня ўсе.
Вінаватыя гады, што падарвалі (апоры ЛЭП на тэрыторыі Ўкраіны. — РС). Расея дзейнічае і прымае меры, каб забясьпечыць Крым сьвятлом. Сёньня генэратары меліся завезьці ў кожны горад. У вялікіх гарадах па гадзінах давалі сьвятло, у Керчы — не. Абяцаюць 22 сьнежня запусьціць сьвятло ўжо з Расеі. Паглядзім, як будзе. Дзякуй прыродзе і надвор’ю за +20 на вуліцы».
«Я б хацеў, каб гэта працягвалася як мага даўжэй»
«Людзі добра перажываюць, — распавядае Леанід зь Ялты. — У гэтым ёсьць шмат плюсаў, якіх літаральна пазбаўлены сучасны сьвет. Усё, што трэба, у горадзе можна знайсьці. Асабіста ў мяне сьвятло адключаецца вельмі рэдка, бо жыву на лініі радзільні, праблемаў ні з чым не адчуваю. Прычынам, якія гэта выклікалі, не даю ніякіх ацэнак.
Адзінае, што продажы (у бізнэсе Леаніда. — РС) з-за гэтага падаюць адсоткаў на 20. Некаторыя прадпрыемствы нясуць страты, асабліва тыя, што гандлююць прадуктамі. А тыя, хто працягвае працаваць нягледзячы на праблемы з электрычнасьцю, падвышаюць свае продажы на 50–60 адсоткаў, таму што пазбаўленыя канкурэнцыі.
Так жыць цікавей. Няхай, можа, у мяне і „злое“ жаданьне, але я б хацеў, каб гэта працягвалася як мага даўжэй. Але не даўжэй за 20 дзён».
«Робім новых севастопальцаў, кантактуем з родзічамі»
«Усё добра, робім новых севастопальцаў, стасуемся з родзічамі, — аптымістычна распавядае Юлія зь Севастопаля. — Ходзім працуем, па вечарох усе шпацыруюць у цэнтры. Нагадвае той час, калі нас да Расеі далучылі, усе хадзілі і радаваліся. Вельмі многа людзей, каб дома не сядзець, шпацыруюць вечарамі».
На пытаньне пра тое, хто вінаваты ў такой сытуацыі, яна з усьмешкай адказвае ў адно слова: татары. Але сама дзяўчына на сабе ня моцна адчула наступствы «блэкаўту».
«У нас дома сьвятло тры гадзіны праз шэсьць, ну і падзараджаем тэлефоны ў машыне, пакуль езьдзім па справах. Хто кажа, сьвятло будзе да Новага году, хто — да 15 сьнежня. Людзі да ўсяго звыкаюць, і з гэтага можна атрымаць плюсы. Зь мінусаў пакуль толькі тое, што мабільная сувязь барахліць».