Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін запусьціў электраэнэргію з Кубані ў акупаваны Крым


Уладзімер Пуцін
Уладзімер Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін у сераду прыбыў у Крым бяз згоды ўлады Ўкраіны, каб прыняць удзел у запуску першай чаргі энэргамосту паміж Расеяй і анэксаваным паўвостравам, які апынуўся ва ўмовах энэргетычнай блякады.

Зь яго ўдзелам была запушчаная першая чарга энэргамосту ў Крым з Расеі, якая дасягнула магутнасьці каля 100 мэгават, на працягу некалькіх сутак гэтая велічыня павінна скласьці 200 мэгават. Да 15 або 20 сьнежня спадзяюцца запусьціць другую чаргу, каб давесьці энэргазабесьпячэньне паўвострава да 400 мэгават.

Але сам Пуцін прызнаў, што гэтая сыстэма падводнай кабэльнай лініі пакуль ненадзейная, і ў яе працы магчымыя зрывы.

Ён таксама загадаў не пазьней чым да пачатку наступнага летняга сэзону цалкам замяніць пастаўкі электраэнэргіі на паўвостраў, якія раней ішлі з мацерыковай часткі Ўкраіны, на расейскія. Гаворка ідзе пра тое, каб да таго часу давесьці пастаўкі электраэнэргіі з Расеі ў Крым да 800 або 850 мэгават.

Акрамя таго, Пуцін паабяцаў, што празь некалькі гадоў на паўвостраве будзе ўласная сыстэма генэрацыі электраэнэргіі. У прыватнасьці, ён сьцьвярджаў, што да 2017 году ў Крым з Расеі павінны падаць таксама газ, каб запусьціць там цеплавую электрастанцыю.

Да нядаўняга часу ў акупаваны Расеяй украінскі Крым электраэнэргія паступала з мацерыковай часткі Ўкраіны — ў пікавыя гадзіны да 1000 мэгават. Але невядомыя прыхільнікі энэргетычнай блякады акупаванага паўвострава ўжо некалькі разоў падрывалі апоры ліній электраперадач, якімі энэргія падавалася ў Крым. Апошняя такая акцыя прывяла да поўнага спыненьня паставак электраэнэргіі ў Крым у ноч на 22 лістапада, пасьля чаго на паўвостраве пачаўся востры недахоп электраэнэргіі, там абвешчаны рэжым надзвычайнай сытуацыі. Ўласная генэрацыя на паўвостраве занадта малая, а завезеныя з Расеі электрагенэратары, па словах прадстаўнікоў акупацыйнай улады, пачалі масава выходзіць з ладу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG