Украінскія актывісты 12 лютага блякавалі для фураў з расейскімі нумарамі, а таксама для іншых грузавікоў з расейскімі таварамі рух праз памежны пераход Даманава — Макраны.
«Гэтая акцыя бестэрміновая, пакуль ва Ўкраіне ня прымуць закон, які забараняе транзыт расейскага транспарту, бо Расея — агрэсар, які напаў на нашу дзяржаву і забраў кавалак тэрыторыі», —
патлумачыў Свабодзе адзін з удзельнікаў акцыі, луцкі актывіст «Аўтамайдану» Дмытро Васіленка. Ён пакуль устрымліваецца ад камэнтароў наконт патрабаваньняў, каб Расея адпусьціла палонных украінцаў. Пра такія патрабаваньні раней паведамляла ўкраінская прэса.
Беларускія памежнікі казалі, што былі гатовыя да акцыі і перанакіроўваюць фуры з расейскімі нумарамі на іншыя пераходы. Але, як кажа Васіленка, больш даводзіцца разварочваць фуры не зь Беларусі, а з Украіны:
«На тэрыторыю Ўкраіны не пусьцілі чатыры машыны, яны вярнуліся назад. А не прапускалі на тэрыторыю Беларусі з Украіны... зараз палічу... 24 машыны».
Украінскія СМІ паведамляюць, што сытуацыя на акцыі спакойная. А ці не злуюць беларускія кіроўцы на ўкраінскіх актывістаў? Васіленка кажа, што не:
«Грамадзяне Беларусі, кіроўцы машын падтрымліваюць нас. Прыходзяць да нас есьці ўкраінскае сала, п’юць нашу ўкраінскую мінэральную ваду, ядуць нашы яблыкі... Мы любім Беларусь, мы сябруем з вашым народам. Але, на жаль, мы не падтрымліваем дзеяньні вашых грамадзянаў, якія дапамагаюць агрэсару».
На пытаньне пра тое, ці не разганяе актывістаў паліцыя, актывіст вельмі зьдзіўляецца і ці то пакрыўджана, ці то зьедліва адказвае карэспандэнту Свабоды:
«Мы жывем ва Ўкраіне! У нас грамадзтва трошкі адрозьніваецца ад беларускага. У нас не разганяюць, у нас паліцыя з народам».
На іншым канцы Ўкраіны, у Закарпацьці, украінцы таксама блякуюць расейскія грузавікі на перавалах, якія вядуць у Закарпацьце зь іншых рэгіёнаў Украіны, не пускаюць іх у Эўропу. Васіленка ня можа сказаць, ці стане акцыя ўсеўкраінскай, бо адказвае толькі за Валынь. Але ён каардынаваўся з закарпацкімі пратэстоўцамі, размаўляў з актывістамі з Жытомірскай вобласьці, Тэрнопаля, Чарнаўцоў. Магчыма, будзе магчымасьць аб’яднацца са львоўскімі пратэстоўцамі:
«Цяпер уключылася Заходняя Ўкраіна, далей будзе бачна».