Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі актывіст з Гомеля выдаў за свой кошт шэсьць беларускамоўных кніг


Паэтка Ларыса Раманава і выдавец Уладзімер Кацора
Паэтка Ларыса Раманава і выдавец Уладзімер Кацора

Шэсьць кніг мясцовых беларускамоўных паэтаў і празаікаў выдаў на грамадзкіх асновах гомельскі актывіст Уладзімер Кацора. 28 студзеня ў Гомелі ў грамадзка-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай — прэзэнтацыя чарговай кнігі, зборніка этнаграфічных нарысаў «На мяжы межаў» паэткі й фальклярысткі зь Веткі Ларысы Раманавай.

Радыё Свабода пагутарыла з кіраўніком выдавецкай групы Ўладзімерам Кацорам.

— Уладзімер, у Гомелі вас ведаюць у першую чаргу як грамадзкага актывіста, палітыка. І тут вы, калі можна так сказаць, перакваліфікаваліся ў выдаўца — выдалі шэсьць кніжак на беларускай мове. Вы цяпер палітык ці выдавец?

— Выдавецкая справа ў нас — гэта таксама палітыка. У свой час, калі ў Гомелі дзейнічала грамадзкае аб’яднаньне «Грамадзянскія ініцыятывы», закрытае уладамі больш як дзесяць гадоў таму, у нас існавала нават цэлая праграма «Выдавецкі цэнтар». Сябры нашай арганізацыі набылі простае друкарскае абсталяваньне — рызограф, разак для паперы. Рызограф, у прыватнасьці, падчас маштабных ператрусаў з-за надрукаваных улётак забіралі супрацоўнікі УКДБ, а потым вярнулі няспраўны. Давялося пашукаць спэцыялістаў, каб яго аднавіць.

Крыху па-іншаму апошнім часам сталі глядзець на друкарскую прадукцыю на беларускай мове і прадстаўнікі ўлады. Прынамсі, не перашкаджаюць выпускаць яе невялікім накладам на сродкі прыхільнікаў творчасьці беларускамоўных паэтаў і празаікаў. Мы гэтым і карыстаемся, каб спрыяць адраджэньню беларускай мовы й культуры ў рэгіёне. Гэтая тэма апошнім часам стала адной з прыярытэтных у дзейнасьці дэмакратычных грамадзкіх актывістаў.

Прэзэнтацыя кнігі Ларысы Раманавай ў грамадзка-палітычным цэнтры, 28 студзеня
Прэзэнтацыя кнігі Ларысы Раманавай ў грамадзка-палітычным цэнтры, 28 студзеня

— Думка заняцца падтрымкай беларускамоўных творцаў на Гомельшчыне вельмі слушная і ўдзячная, бо аўтарам сапраўды няпроста выдаваць кнігі на роднай мове, асабліва калі бракуе сродкаў.

— Выданьне кніжак беларускамоўных аўтараў — гэта як бы другі крок у справе адраджэньня роднай мовы й культуры. Напачатку мы сталі запрашаць у грамадзка-палітычны цэнтар на Палескай беларускіх бардаў, гісторыкаў, эканамістаў, грамадзкіх дзеячаў. Цясьней сталі стасавацца зь мясцовай арганізацыяй Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, зь філіяй Беларускай асацыяцыі журналістаў. Так зьявіўся сьпіс беларускамоўных творцаў, якія жывуць на Гомельшчыне і якім цяжка выдаць свае творы на ўласныя сродкі.

Напачатку выдалі зборнік вершаў Таісы Мельчанкі «Расьпяты гонар». Наклад невялікі — 250 асобнікаў. Летась у траўні зборнік прэзэнтавалі ў грамадзка-культурным цэнтры. Паколькі ў аўтаркі былі праблемы са здароўем, то зрабілі гэта журналісты, папярэдне запісаўшы аўдыёзварот паэткі і вершы ў аўтарскім выкананьні.

Кнігі гомельскіх аўтараў, выдадзеныя на грамадзкіх асновах
Кнігі гомельскіх аўтараў, выдадзеныя на грамадзкіх асновах

Затым мы выдалі вершы Ёсіфа Бродзкага «Туга і спакой» у беларускамоўным перакладзе паэта са Сьветлагорску Вадзіма Болбаса. Наступнымі былі зборнікі вершаў Леаніда Муштэнкі «Словы каханьня, словы любові...», Ганны Новік «Тут і там», апавяданьні і замалёўкі Марыны Яўсейчык «Прысуд балотных ялін». Ну, і апошняя кніга з нашай выдавецкай сэрыі, якую мы прэзэнтуем сёньня, — зборнік этнаграфічных нарысаў «На мяжы межаў» паэткі й фальклярысткі зь Веткі Ларысы Раманавай.

— Дык, можа, надышоў час ствараць у Гомелі беларускі выдавецкі дом, каб і такім чынам заахвочваць творчых людзей пісаць літаратурныя творы па-беларуску?

— Не выключаю, што ў будучым гэта магчыма. Беларусь — сувэрэнная дзяржава, і такія выдавецтвы, канечне, павінны быць, як, дарэчы, і адукацыйныя ўстановы, дзе навучаюцца па-беларуску. А пакуль мы разам з Анатолем Бароўскім, кіраўніком Гомельскага аддзяленьня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, занятыя фармаваньнем пакету прапановаў на гэты год. Адначасна шукаем рэсурсы на выданьне беларускіх кніг. Патрэбныя найперш папера, фарба. Вядома, шмат што робіцца на валянтэрскай аснове — фармаваньне старонак пасьля друку, сшываньне кніжак. Гэта даволі значны аб’ём працы. Але, займаючыся гэтым, людзі гуртуюцца вакол справы беларушчыны, дапамагаюць, а пасьля прыходзяць на прэзэнтацыі выдадзеных кніжак. Ствараецца такая добрая атмасфэра, дзе напоўніцу гучыць беларускае слова.

— Гэта неяк дадае сілаў, прыносіць задавальненьне?

— Дадае і сілаў, і разуменьня таго, што гэтую справу трэба працягваць. Бо, на жаль, беларуская мова ў Гомелі ў побыце ўжываецца абмежавана. Ёю найбольш карыстаецца хіба толькі нацыянальна сьвядомая моладзь. Праўда, крыху паболела апошнім часам у горадзе рэклямы на беларускай мове, у грамадзкім транспарце сталі круціць запісы назваў прыпынкаў па-беларуску.

Гэта добра. Ну, а выданьне кніг на мове тытульнай нацыі — гэта, можна сказаць, неабходныя дзеяньні гомельскіх грамадзкіх актывістаў у рэчышчы магчымага. І асабіста мяне парадавала тое, што сучасная неабыякавая да родных каранёў моладзь ня толькі добра ведае беларускую мову, але і ўмее творча перадаць на ёй высокія помыслы й пачуцьці. Я маю на ўвазе найперш кнігі нашых маладых гомельскіх аўтараў — Ганны Новік і Марыны Яўсейчык. Кожная беларуская кніга — як новы крок на шляху да беларушчыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG