Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 40 кніг пра вэтэранаў беларуская мытня патрабуе 500 даляраў


Мытны камітэт сарваў прэзэнтацыі супольнага беларуска-італьянскага праекту ў Менску, Гомелі і Рэчыцы.

Мытны камітэт сарваў прэзэнтацыі супольнага беларуска-італьянскага праекту ў Менску, Гомелі і Рэчыцы.

У Італіі выйшла кніга «Una luce per la Memoria, una luce per la Libertà» («Сьвятло ў імя памяці, сьвятло ў імя свабоды») з гісторыямі беларускіх вэтэранаў, ахвяраў і сьведак Вялікай Айчыннай вайны. Кнігу ілюструюць больш як 70 фатаздымкаў італьянскага фатографа Сандра Капацьці (Sandro Capatti), якія паказваюць жыцьцё вэтэранаў у сёньняшняй Беларусі.

На заплянаваныя ў Менску, Гомелі і Рэчыцы прэзэнтацыі кнігі ня трапяць — мытня патрабуе вялікія грошы за іх размытненьне.

Свабода пагутарыла з журналісткай-фрылансэрам Надзеяй Калінінай, якая напісала тэксты для кнігі:

«Мы выдалі кнігу ў Італіі. У кнізе — гісторыі сьведак вайны, аздобленыя фатаздымкамі, зробленымі італьянскім фатографам тут, у Беларусі. Меліся быць прэзэнтацыі ў Менску, Гомелі і Рэчыцы, падчас якіх мы б падаравалі частку накладу вэтэранам. Для прэзэнтацыі з Італіі ў Беларусь адправілі 40 асобнікаў. Але наша мытня запатрабавала вельмі вялікую мытную пошліну — больш за 500 даляраў, грошы, якіх гэтыя кнігі і не каштуюць», — распавяла журналістка.

У выніку кнігі, праляжаўшы два месяцы на складзе мытні, вярнуліся назад, у Італію:

«Мы ведалі, што існуе мыта, але не разьлічвалі на такі вялікі яго памер, з улікам таго, што кнігі прызначаныя не для продажу і былі дасланыя на адрас юрыдычнай асобы. Але правілы такія — калі пасылка важыць больш за 30 кіляграмаў, то трэба плаціць вялікія грошы».

Надзея распавяла, чаму фатограф Сандра Капацьці наведаў Беларусь у 2011 годзе — тады ж у размове зь ім і нарадзілася ідэя выдаць кнігу пра беларускіх вэтэранаў:

«У 2011 годзе ў Гомелі праходзіла выстава ягоных фатаздымкаў, прысьвечаных радыяцыі. У размове зь ім я высьветліла, што ён моцна ўражаны парадам на 9 траўня, які ладзяць у нашай краіне. Яму вельмі спадабалася тое, як у нас ставяцца да вэтэранаў і як шануюць сьведак вайны. Тады ж мы дамовіліся арганізаваць фотапраект пра вэтэранаў, які ў выніку стаў кнігай зь ягонымі фатаздымкамі і маімі тэкстамі».

Кніга выйшла ў італьянскім горадзе Парма на італьянскай, расейскай і беларускай мовах.

Цяпер Надзея Калініна ды італьянскія партнэры шукаюць іншыя спосабы, каб даставіць кнігі ў Беларусь.

У мытні Нацыянальнага аэрапорту «Менск» адмовіліся камэнтаваць нявыдачу журналістцы Надзеі Калінінай 40 кніг, дастаўленых з Італіі для прэзэнтацыі ў Менску, Гомелі і Рэчыцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG