Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька правёў акцыю салідарнасьці з індывідуальнымі прадпрымальнікамі на плошчы Незалежнасьці ў Менску. У ёй узялі ўдзел каля трыццаці прадстаўнікоў дробнага бізнэсу зь Менску, а таксама Віцебску, Гародні, Крупак і іншых гарадоў. Яны перадалі ўраду прапановы па ўрэгуляваньні сытуацыі, а таксама зварот да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам адмяніць указ № 222, які ад 1 студзеня 2016 году забараняе дробным гандлярам працаваць без сэртыфікатаў на тавары.
Перад пачаткам акцыі Анатоль Лябедзька паведаміў Свабодзе, што на пікет салідарнасьці ён прыйшоў не ад імя партыі, а асабіста, перадусім як палітык, грамадзянін і спажывец. Да ягонай ініцыятывы далучыліся паплечнікі па партыі, а таксама прадстаўнікі дробнага бізнэсу з розных рэгіёнаў Беларусі. Некаторыя трымалі ў руках плякаты «Я — індывідуальны прадпрымальнік». Юнак з плякатам «Хопіць маўчаць. Лукашэнка — ганьба Беларусі», акрамя таго, навязаў на шыю бел-чырвона-белы шалік.
Першым слова ўзяў Анатоль Лябедзька:
«Сёньня мы праводзім акцыю салідарнасьці з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Але на самой справе гэта акцыя салідарнасьці са спажыўцамі, якія прыходзяць на рынак. Няма праблемы лякальнага канфлікту — ёсьць тупік эканамічнай палітыкі ўладаў Беларусі».
Пасьля некалькіх словаў да палітыка падышлі міліцыянты і запатрабавалі паведаміць сваё імя, каб скласьці адміністрацыйны пратакол. Таксама пратаколы былі складзеныя на ўсіх прамоўцаў і нават на сяброў партыі, якія раздавалі літаратуру АГП. Супрацоўнікі спэцслужбаў, пераапранутыя ў цывільнае, атачылі некалькі дзясяткаў чалавек, якія сабраліся на пікет. Спэцслужбоўцы фільмавалі прысутных і ўсе прамовы, але праводзіць акцыю не перашкаджалі. Грамадзкая актывістка Ніна Багінская разгарнула бел-чырвона-белы сьцяг, на яе таксама склалі пратакол, але сьцяг у пэнсіянэркі не адабралі.
Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія бралі слова, казалі, што прэзыдэнцкі ўказ № 222 пазбавіў іх магчымасьці працаваць, і іх сем’і застаюцца бяз сродкаў да існаваньня. Таму заяўлялі пра гатовасьць змагацца за свае правы і заклікалі паплечнікаў яднацца, а палітыкаў і грамадзкасьць — іх падтрымаць. Менскі прадпрымальнік Аляксандар Макаеў, у прыватнасьці, адзначыў:
«Беларускія ўлады чыняць галадамор для беларускіх прадпрымальнікаў. Таму мы гатовыя бараніць свае правы ўсімі сродкамі, выносячы наш пратэст на вуліцы гарадоў краіны. Гэтая акцыя скіраваная на тое, каб перамагчы свой страх, і наша салідарнасьць будзе мацнець».
Ці магчыма адстаяць сваё права на працу з улікам заяваў кіраўніка краіны, што «мядовы час для індывідуальных прадпрымальнікаў мінуў»? Адна зь віцебскіх актывістак Ірына Яскевіч, якая падрыхтавала адмысловы зварот да Аляксандра Лукашэнкі, сказала:
«Усё некалі заканчваецца: заканчваецца „мядовы час“ для прадпрымальнікаў, заканчваецца „залаты час“ для карупцыі. Галоўнае, каб не паўміралі тыя пчолы, якія мёд прыносяць».
На завяршэньне акцыі Анатоль Лябедзька разам з прадпрымальнікамі прайшлі ў атачэньні супрацоўнікаў міліцыі да Дому ўраду. Там яны перадалі зварот да ўраду з прапановамі пакрокавай стратэгіі рэфармаваньня эканомікі, а таксама зварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай адмяніць ягоны ўказ № 222. Анатоль Лябедзька, выйшаўшы з будынку ўраду, падвёў вынік:
«Акцыю салідарнасьці лічу абсалютна ўдалай. Бо гэта візуалізацыя салідарнасьці, і яна ёсьць. Астатняе залежыць ад вас саміх, індывідуальныя прадпрымальнікі. Гэта неблагая мажлівасьць, каб распачаць дыскусію ў маштабах усяе краіны: куды мы ідзём у сэнсе эканамічнага і сацыяльнага разьвіцьця? Гэта змаганьне за настроі і падтрымку людзей. Адначасна гэта і прапанова эканамічнай альтэрнатывы. Таму я лічу, што ўсё толькі пачынаецца».
Лідэр АГП таксама заклікаў прадпрымальнікаў і журналістаў падтрымаць тых актывістаў, на якіх падчас акцыі салідарнасьці паскладалі адміністрацыйныя пратаколы.