Дэпутаты сёньня прынялі ў другім чытаньні законапраект «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2016 год». Старшыня парлямэнцкай камісіі па бюджэце і фінансах Людміла Дабрыніна паведаміла, што праект бюджэту быў сфармаваны зыходзячы з прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны і стаў «вынікам кампрамісу палітычных, эканамічных і сацыяльных інтарэсаў».
Як перадае БелаПАН, міністар фінансаў Уладзімер Амарын паведаміў журналістам, што пры падрыхтоўцы праекту рэспубліканскага бюджэту на 2016 год закладзены сярэднегадавы курс даляра 18 700 рублёў. Разам з тым, паводле прагнозаў экспэртаў на канец 2016 году, ён складзе 20 000 рублёў.
Эканаміст Сяргей Чалы патлумачыў Свабодзе, што цяпер курс рубля да даляра на ёсьць мэтавым парамэтрам:
«Курс важнага значэньня цяпер ня мае, гэта проста лічбавы парамэтар для пераводзе даляравых прыбыткаў у рублі. Курс ужо ня ёсьць мэтавым парамэтрам, як тое было раней, калі Нацыянальны банк канцэнтраваўся на ім. Таму цяпер насамрэч няма вялікай розьніцы, з улікам якога курсу складзены бюджэт. Цяпер вызначальнымі фактарамі ёсьць памер крэдыту эканомікі і інфляцыя, а які будзе пры гэтым курс — ня так і важна. Таму калі закладзены курс 18 700, то гэта ня значыць, што ўлады будуць імкнуцца яго прытрымлівацца».
Паправак пры падрыхтоўцы законапраекту да другога чытаньня ў дэпутатаў не было. Для прыняцьця праекта бюджэту парлямэнтарыям хапіла двух дзён. Дакумэнт паступіў у Палату прадстаўнікоў 16 сьнежня, 17 сьнежня — прыняты ў першым чытаньні і сёньня — у другім.
Сяргей Чалы кажа, што праект гадавога бюджэту не адпавядае рэальнасьці:
«Зараз ён ня вельмі рэальны. Але гэта вялікіх праблем не ўяўляе. У нас ёсьць вялікая практыка зьменаў бюджэту цягам году, гэта можна рабіць указам прэзыдэнта без удзелу парлямэнту. Таму вялікіх праблем тут няма».
Ключавым момантам зацьверджанага бюджэту паводле Сяргей Чалага ёсьць узровень інфляцыі — 12%.
«Гэта мэтавы парамэтар, які ўлады будуць старацца выканаць».