Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чарга па крамлёўскія пернікі занадта вялікая, і Беларусь недзе там у канцы»


На якім палітычным фоне адбываецца візыт у Маскву Аляксандра Лукашэнкі? Ці прагучыць публічна на перамовах пытаньне расейскай авіябазы ў Беларусі? Ці гатовая Масква і надалей аказваць фінансавую дапамогу афіцыйнаму Менску?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.

Цыганкоў: Сёньня, 15 сьнежня, адбываецца афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву. Паказальны фон, на якім адбываецца гэтая паездка. Па-першае, яна два разы пераносілася. Па-другое, замест традыцыйнага першага пасьля выбараў візыту ў Маскву беларускі кіраўнік наведаў ужо і Туркмэністан, і Віетнам. Як гэтыя абставіны ўплываюць на фон візыту?

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Класкоўскі: Сам той факт, што візыт у Маскву быў перанесены і Лукашэнка мусіў парушыць традыцыю, паказвае, што Расея і Беларусь пры ўсім падабенстве рэжымаў — цалкам розныя краіны. Расея — гэта імпэрыя, якая «ўстала з каленяў», і Крэмль па вушы ў глябальных праблемах. Бо трэба няспынна даводзіць, якія яны крутыя, гэты градус наўмысна падаграецца, каб народ пераключыць на зьнешняга ворага.

На гэтым тле Беларусь цікавіць Маскву толькі ў тым пляне, што трэба паказаць вялікі кулак натаўцам, і таму беларускі пляцдарм вельмі дарэчы. А па сутнасьці, на перамовах сустракаюцца два кіраўнікі, у якіх процілеглыя інтарэсы. Лукашэнка паляцеў, каб паболей выбіць з Масквы і пад Новы год парадаваць свой «народзец», як Дзед Мароз. А расейскі кіраўнік у сваю чаргу хоча атрымаць максымум за кожны, як у Ільфа і Пятрова, «скормлены вітамін».

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

Паротнікаў: Я б не пагадзіўся са спадаром Класкоўскім у тым сэнсе, што Лукашэнка паехаў за нейкімі падарункамі ў Маскву. Як мне здаецца, зараз беларускае кіраўніцтва рэалістычна глядзіць на рэчы і бачыць, што ў Масквы поўна сваіх праблемаў. Чарга па крамлёўскія пернікі занадта вялікая, і Беларусь недзе там у канцы. Перад гэтым ёсьць Крым, Асад і гэтак далей.

Хутчэй мэта візыту — зьняць нейкія канфліктныя моманты, ня даць ім перарасьці ў нешта большае. Мне здаецца, што асноўным козырам у перамовах Лукашэнкі з Пуціным будзе нейкая міратворчая ініцыятыва, накіраваная на аднаўленьне адносінаў паміж Расеяй і Турэччынай. Гэтая ініцыятыва будзе не выключна беларуская — больш шырокая. Магчыма, Лукашэнка вязе прапанову ад калегаў па цэху зь іншых краінаў СНД: Туркмэністану, Узбэкістану. Бо калі б гэтая прапанова была выключна беларуская, — яе Крэмль мог бы проста не заўважыць.

Цыганкоў: На чым грунтуецца гэта ваша вэрсія — пра беларускую міратворчую прапанову?

Паротнікаў: Пра гэта Лукашэнка наўпрост сам казаў, прынамсі два разы — пра нейкую міратворчую пляцоўку. Пра гэта пісалі і азэрбайджанскія палітолягі.

Цыганкоў: Адной з гарачых тэмаў у парадку дня зьяўляецца расейская ваенная база, якая можа быць разьмешчаная ў Беларусі. Ці прагучыць гэтае пытаньне публічна ці кіраўнікі дзяржаваў яго замаўчаць?

Класкоўскі: Спачатку ўдакладню пра грошы, тым больш, што гэта зьвязана з пытаньнем пра базу — бо Крэмль можа проста праплаціць разьмяшчэньне гэтай базы. Што да эканамічнай, матэрыяльнай подбіўкі гэтых перамоваў, то яна вельмі значная. Беларускі бюджэт дагэтуль не прыняты (хаця гэта паводле закону трэба зрабіць да 1 сьнежня), бо невядома, чым яго напаўняць. Лукашэнка як мінімум тры пункты ў Маскве будзе абмяркоўваць: у падвешаным стане эўразійскі крэдыт на 3 мільярды, умовы пастаўкі нафты, і каб было дамоўлена, што нафтавае мыта застаецца ў беларускім бюджэце.

Распаўсюджаны погляд, нібыта Лукашэнка ў Пуціна цалкам у руках — ён не зусім дакладны

Распаўсюджаны погляд, нібыта Лукашэнка ў Пуціна цалкам у руках — ён не зусім дакладны. Бо мы неаднойчы бачылі сытуацыю, калі хвост круціць сабакам. У Пуціна таксама няпростае становішча, бо пасварыліся з усім сьветам, і хоць адзін хаўрусьнік патрэбны. Публічна сварыцца яшчэ з Лукашэнкам зараз — гэта піяраўская параза. Таму калі ў пытаньні авіябазы каса на камень натрапіць, — то публічна ня стануць пра гэта казаць, а ўжывуць нейкія гумовыя фармулёўкі.

Натуральна, што рэсурс супраціву ў беларускага кіраўніцтва ўсё меншы — таму шанцы, што Масква пад тым ці іншым выглядам авіябазу працісьне, натуральна, павялічваюцца.

Цыганкоў: Гісторыя паказвае, што афіцыйны Менск заўсёды знаходзіў нейкія аргумэнты, і Масква зноў плаціла. Тым больш зараз словы «апошні хаўрусьнік» — ужо геапалітычная рэальнасьць.

Паротнікаў: Пытаньне ня ў тым, ці атрымае Беларусь грошы з Расеі (атрымае ў любым выпадку), а ў тым, колькі атрымае. Наконт «апошняга хаўрусьніка» ня трэба асабліва перабольшваць. Чаму Армэнія, Сырыя ці і Таджыкістан не апошнія хаўрусьнікі?

Наконт таго, ці можа Расея «праплаціць» авіябазу, — наколькі я ведаю, зараз для іх прынцыпова за базу не плаціць.

Я думаю, што пытаньне пра базу ў публічную сфэру па выніках перамоваў кінута ня будзе. Але самае цікавае пачнецца потым, калі зьявяцца арганізаваныя «ўцечкі інфармацыі». Па іх і будзе бачна, наколькі жорстка вяліся перамовы.

Наконт таго, ці можа Расея «праплаціць» авіябазу, — наколькі я ведаю, зараз для іх прынцыпова за базу не плаціць. Для іх прынцыпова — «ці вы нам сябры толькі ў шчасьці, ці ў нядолі таксама». Калі «у нядолі таксама» — то будзьце ласкавыя, прыміце нашу базу так, як мы яе хочам.

Але думаю, у беларускага кіраўніцтва будзе дастаткова аргумэнтаў, каб патлумачыць, чаму гэтая база немэтазгодная ані Беларусі, ані Расеі. Але пытаньні ў тым, ці захочуць чуць гэтыя аргумэнты ў Крамлі. Бо, на жаль, імпэрыялістычны, мілітарысцкі шал там не спадае трэці год, і рацыянальнага зерня ў расейскай палітыцы ўсё менш.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG