Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея бяднее на абвале нафтавых цэнаў, не пакідаючы шанцаў Беларусі


Рэйтынгавае агенцтва Moody’s панізіла прагноз на 2016 год што да цэнаў на нафту гатунку Brent — ад 53 да 43 даляраў за барэль.

Падставай стала заява кіраўніцтва Ірану прадаваць сыравіну нават удвая таньней за цяперашнюю цану — некалькі гадоў краіна з-за санкцый ня мела магчымасьці гандляваць на міжнародным рынку.

Як адзначаюць экспэрты, пастаўкі іранскай нафты нашмат большыя, чым скарачэньне здабычы ў ЗША, у выніку чаго на рынку захаваецца перавытворчасьць нафты. Пры гэтым іншыя краіны, якія ўваходзяць у арганізацыю нафтаздабыўцоў АПЭК, адмаўляюцца скарачаць аб’ёмы, абы толькі захаваць сваю долю на рынку. Такім чынам, рост вытворчасьці істотна перавышае попыт на «чорнае золата».

Напачатку тыдня гатунак Brent упершыню ад 2008 году абваліўся ніжэй за 37 даляраў за барэль. Імклівае падзеньне нафтавых каціровак найперш адбілася на краінах, эканомікі якіх наўпрост залежаць ад экспарту сыравіны. Перадусім гэта тычыцца Расеі — яе бюджэт на наступны год сфармаваны, сыходзячы зь мінімальнага кошту 50 даляраў.

Галоўны эканаміст нафтагазавай групы кампаній British Petroleum па Расеі і СНД Уладзімер Драбянцоў перакананы: пры цяперашнім раскладзе няма падставаў разьлічваць, што цэньнік вернецца да паўсотні за барэль нават у сярэднетэрміновай пэрспэктыве:

Уладзімер Драбянцоў
Уладзімер Драбянцоў

«Ацэнак шмат, але ўсе яны сыходзяцца прыблізна ў адным: адносна добра мы ведаем толькі тое, што калі рынак застанецца незбалянсаваным, пры цяперашнім узроўні кошту ў раёне 40 даляраў за марку Brent, больш-менш зразумелы балянс пачне вымалёўвацца бліжэй да канца наступнага году, у лепшым выпадку — ад трэцяга кварталу 2016-га. Да таго часу здабыча нафты ўсё яшчэ будзе перавышаць попыт на яе. Гэта не азначае, што ён не расьце. Наадварот, попыт сёлета расьце заўважна хутчэй, чым летась. Калі ў 2014-м усясьветны попыт на нафту вырас на 0,8 мільёна барэляў на суткі, то па выніках 2015-га будзе як мінімум удвая больш — 1,6 мільёна, а можа нават 1,8 мільёна барэляў. Але нават такога заўважнага прыросту не дастаткова дзеля таго, каб „рассмактаць“ лішак нафты на рынку. Карацей, калі пры цяперашніх аб’ёмах запасаў у нафтасховішчах нафта ня будзе запатрабаваная з пункту гледжаньня канчатковага попыту і будуць дасягнутыя фізычныя межы захоўваньня нафты на рынку, то з цаной непазьбежна павінна нешта адбыцца».

Пэрыяд нізкіх цэнаў, паводле прагнозаў аналітыкаў Moody’s, зацягнецца найменей да 2018 году. Стрэсавы сцэнар мае на ўвазе зьніжэньне цэнаў нават да 33 даляраў за барэль, а калі свае запасы «выплюхне» Іран, то адкат можа быць яшчэ больш істотны. Паводле папярэдніх разьлікаў, толькі ў 2017-м цэны на нафту гатунку Brent могуць падвысіцца на 5 даляраў і праз год пасьля гэтага зноў перакрочаць за адзнаку 50 даляраў за барэль.

Расейскія біржавыя пляцоўкі неадкладна адрэагавалі на зьмены на нафтавым рынку: курс даляра на Маскоўскай біржы перавысіў 70 рублёў, эўра — 77 рублёў. Гэты паказьнік стаў рэкордна нізкім пасьля дэнамінацыі 1998 году. Сьледам за расейскім рублём, які мае 30-працэнтную долю ў валютным кошыку Нацыянальнага банку Беларусі, губляе пазыцыі і беларускі рубель. Адпаведна, расьце інфляцыя, зьніжаецца ўзровень прыбыткаў, падвышаецца градус дэвальвацыйных чаканьняў.

Цяпер беларускія ўлады намякаюць Маскве, што нядрэнна было б кампэнсаваць вонкавыя страты за кошт чарговага «стабілізацыйнага» крэдыту — пры гэтым, праўда, адмаўляючыся ад рэфармаваньня сваёй плянавай эканомікі. Аднак Расея, атрымаўшы ў дадатак да ваенных кампаній на некалькі франтоў яшчэ і нафтавы накаўт, фінансаваць саюзьніцу ня мае ні жаданьня, ні магчымасьці.

Мечыслаў Бурак
Мечыслаў Бурак

Супрацькрызісны кансультант Мечыслаў Бурак перакананы, што хваляваньні на сыравінным рынку яскрава агалілі ўсю надуманасьць міту пра «беларускі эканамічны цуд»:

«Трэба выконваць законы эканомікі, іншых варыянтаў няма. Я не магу аналізаваць глыбей — выгадна ці ня выгадна Расеі і далей цягнуць на шыі саюзнага дармаеда — аднак відавочна, што так увіхацца вакол Лукашэнкі ўжо ня будуць. Цяпер павінны ўсё рабіць самі — маю на ўвазе ўсіх нас, ня толькі кіраўнікоў. Таму што ўсе заклікі наконт таго, што Масква нам нешта вінная, што Пуцін абавязаны кампэнсаваць нейкія страты і г.д. — размовы на карысьць бедных. Увогуле гэта заганная рыса беларусаў: хай іншыя робяць, а мы пачакаем, калі зь неба нешта само зваліцца. Сваю свабоду трэба падмацоўваць дзеяньнямі. Памятаеце, як казакі прыйшлі да Стэфана Баторыя, каб той іх абараніў. А ён адказаў: шаблі маеце — вось і абараняйцеся. Ніхто нас ратаваць ня будзе, апроч нас саміх. А беларус хітранькі, разумееце? Хоча, каб іншыя за яго ўсё рабілі, а ён будзе есьці шкварку і сядзець на карку. Вось і ўся філязофія, ня самая правільная».

Паводле расейскага Цэнтрабанку, золатавалютныя рэзэрвы Расеі скараціліся да васьмігадовага мінімуму, дасягнуўшы адзнакі 375 мільярдаў даляраў. Паказальна, што яшчэ год таму яны перавышалі 500 мільярдаў.

Толькі за тыдзень гэта паказьнік зьнізіўся на 1 мільярд 600 мільёнаў даляраў і, як прагназуюць экспэрты, на тле абвалу коштаў на нафту нэгатыўная для расейскага бюджэту тэндэнцыя будзе захоўвацца. Асобныя прадстаўнікі фінансавай галіны заявілі, што ўжо да канца гэтага году стратэгічныя рэзэрвы Цэнтрабанку могуць скараціцца да 300 мільярдаў даляраў. Ва ўмовах, калі Крамлю трэба фінансаваць ваенную апэрацыі ў Сырыі, замарожаны канфлікт на Данбасе і анэксаваны Крым, Беларусь у чарзе чаканьня на матэрыяльную дапамогу — у ліку апошніх.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG