Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што чакаць ад беларускага рубля пасьля падвышэньня амэрыканскай уліковай стаўкі. Тлумачыць Сяргей Чалы


Сяргей Чалы
Сяргей Чалы

Заакіянская ўліковая стаўка не паўплывае на беларускі рубель, мяркуе эканаміст. Але паўплываюць іншыя фактары.

Цэнтральны банк ЗША падняў 16 сьнежня ўліковую стаўку ўпершыню за 7 гадоў на чвэрць пункту да 0,5%. На наступны дзень заўважна зьнізіліся цэны на нафту.

На старонках «Советской Белоруссии» экспэрт па Forex-рынку тлумачыць, што курс даляра вырасьце па ўсім сьвеце, а беларуская дэвальвацыя ў бягучым годзе была абумоўленая якраз умацаваньнем даляра.

Радыё Свабода зьвярнулася па тлумачэньні што да ўліковай стаўкі, курсу даляра і беларускага рубля да беларускага эканаміста Сяргея Чалага.

Чаму раней падаў беларускі рубель

«Да таго часу насамрэч праблема была ня столькі ў росьце даляра, колькі ў тым, што беларускі рубель быў прывязаны да даляра, што курс перастаў быць свабодным. У канцы 13-га, а потым у сакавіку 14-га году, калі Лукашэнка наўпрост забараніў, як ён выразіўся, гнацца за расейскім рублём, калі былі першыя эфэкты ад „Крымнаша“ і санкцыяў, расейскі рубель супраць даляра моцна ўпаў, а наш рубель да расейскага вырас. Гэта і стварыла сытуацыю, што да дэвальвацыі ў сьнежні таго году і прывяла.

Прычына ня ў росьце даляра. Тое, што асобныя валюты адна да адной ходзяць, вялікай праблемы не складае. Праблема была ў тым, што курс быў нярынкавы. Мала таго, што мы абралі таргетаваньне даляра, дык яшчэ і аказалася, што даляр быў самай моцнай валютай на гэты час».

Як амэрыканская ўліковая стаўка паўплывае на валюты

«Што да падвышэньня стаўкі, то ня бачу, што тут можна зьвязаць: і падзеньне цэнаў на нафту са стаўкай не зьвязанае, і падзеньне расейскага рублю зь ёй не зьвязанае. Ды й у апошнія дні я б не сказаў, што даляр быў супэрмоцнай валютай — наадварот эўра дастаткова моцна вырас адносна даляру. Магчыма, увесь гэты трэнд даўжынёй у два гады і завяршыўся.

Пакуль ніякай рэакцыі з пункту гледжаньня валютага рынку, акрамя рынкаў валют краінаў, што разьвіваюцца, мы ня бачым. Для сусьветнага рынку, па вялікім рахунку, гэтая падзея была даўно чаканая, некалькі пасяджэньняў Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы да яе рыхтавалі, ніякага скачка не адбылося, бо падзея сюрпрызам ня стала».

Ці беларускі рубель зьвязаны з расейскім

«А расейскі рубель зьвязаны з нафтай наўпрост практычна. Падзеньне нафты ўчора-сёньня на ім сказваецца. Але паколькі аслабляецца толькі расейскі рубель, якога ў нашым кошыку валютаў толькі траціна, то атрымліваецца, што беларускі рубель да яго ўмацоўваецца, а адносна іншых валютаў слабне.

У нас усё вызначаецца попытам і прапановай, валютнымі плынямі па экспарце-імпарце і па руху капіталаў. Мяркую, пэўнае ўмацаваньне да расейскага рубля, хоць і ня вельмі хутка, можа адбіцца на тым, што наш экспарт стане не настолькі канкурэнтаздольным... Але там іншыя фактары значна больш уплываюць. А менавіта тое, што там практычна цалкам выцясьняюцца ўкраінскія сельскагаспадарчыя тавары, і ў нас будзе шанец іх замясьціць».

Як Беларусь рэгулюе курс рубля

«Нацбанк цяпер не таргетуе ніякі курс, не таргетуе нават валютны кошык. У іх прынцып працы цяпер іншы. Ёсьць нейкае ўнутранае апэрацыйнае правіла, нейкае негалоснае бягучае сярэдняе значэньне валютнага кошыку. І калі адбываюцца рэзкія зрухі на валютных таргах на валютнай біржы, Нацбанк у іх таксама можа браць удзел, каб згладжваць ваганьні валютаў. Што ёсьць рэзкім ваганьнем, вядома аднаму Нацбанку, але сэнс у тым, што ён ці прадае валюту, ці купляе, калі рубель раптам падае ці ўзмацняецца.

Іх задача ў тым, каб курс быў рынкавым не штодзень, а цягам нейкага адрэзку часу. Яны намагаюцца, каб інтэрвэнцыі ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве былі роўныя нулю. Калі робіцца зразумела, што рух па курсе пачаўся і ня ёсьць нейкім выпадковым усплёскам, а пачаткам трэнду, то яны па назапашваньні інтэрвэнцыяў ссоўваюць сярэдняе значэньне, курс ссоўваецца, як тое было каля жніўня гэтага году. Тады за два тыдні каля 17% быў рух супраць даляру — а далей зноў ваганьні вакол новага значэньня валютнага кошыку».

Ці чакаць рэзкай дэвальвацыі

«Урэшце гэта не палітычнае, не Нацбанкаўскае рашэньне. Калі адбываецца пагаршэньне зьнешняга гандлю з Расеяй, як тое адбылося ў лістападзе-сьнежні, калі адрыў быў гіганцкім з палітычных прычынаў і наш экспарт стаў неканкурэнтаздольным, тады дэвальвацыі і адбываюцца. А цяпер яны практычна немагчымыя, бо каб нейкі моцны імгненны рух адбыўся, трэба доўга „ўпірацца“, каб назапасіўся вялікі патэнцыял карэктыроўкі. Карэктыроўкі ж адбываюцца даволі аўтаматычна.

Будзе слабнуць расейскі рубель — будзе слабнуць беларускі, куды ж мы падзенемся. Цэны на нафту ўплываюць на нас ня толькі праз расейскі рубель, але і наўпрост. Мы краіна са структурай эканомікі, вельмі падобнай да сыравіннай. Перапрацоўка расейскай нафты і продаж нафтапрадуктаў — адна з асноўных экспартных крыніцаў прыбыткаў. Цана падае, маржа памяншаецца, у абсалютным выражэньні нашыя прыбыткі падаюць — вось і ўсё».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG