Праз паўгадзіны пачнецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджаньня ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі. Сярод тых, хто атрымае ўзнагароду з рук караля Швэцыі Карла Густава XVI будзе і пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч. Са Стакгольму перадае карэспандэнтка Свабоды Аляксандра Дынько.
Дзяржаўныя тэлеканалы праігнаравалі нобэлеўскую лекцыю Алексіевіч — праігнаруюць і цяперашнюю цырымонію. Падчас яе глядзіце навіны і «Зону ікс» на «Беларусь-1», сэрыял «Бафі» на «Беларусь-2», «Бацькавы дочкі» і Малахава на АНТ. А Нобэля давядзецца глядзець празь Youtube, на «Белсаце», альбо ў кавярнях і барах свайго гораду. Запрашала да сябе і амбасада ЗША ў Менску.
Празь ігнараваньне Нобэлеўскай прэміі Беларусь апынулася ў адным сьпісе з нацысцкай Нямеччынай, М’янмай і СССР. Паглядзіце, на каго з нобэлеўскіх ляўрэатаў не зьвярталі ўвагу іх дзяржавы.
Некаторыя крытыкавалі Алексіевіч за тое, што ў нобэлеўскай лекцыі яна распавядала пра тое, за што атрымала прэмію, а не пра праблемы Беларусі, ды распавядала не па-беларуску. «Калі дапусьціць, што Сьвятлана Алексіевіч — таксама „рускі сьвет“, то дзякуй Богу. Хай такі „сьвет“ будзе, нам ад яго не адгарадзіцца, і няхай ён будзе такім, якая ёсьць Алексіевіч», — казаў Свабодзе пісьменьнік і паэт Уладзімер Някляеў. «Што, я мела крычаць „Жыве Беларусь“ і скакаць на кані?», — адказвала Алексіевіч на крытыку. У сёньняшняй прамове яна абяцала казаць пра Беларусь.
Дарэчы, расейскія крытыкі назвалі Нобэлеўскую лекцыю Алексіевіч «пуставатай» і «вясковай прозай». Сама Алексіевіч у інтэрвію Euronews казала, што Нобэль беларускаму пісьменьніку стаў для расейцаў нечаканасьцю.
Тым часам прэзыдэнт Швэдзкага ПЭН-цэнтру казаў літаральна наступнае: «Такія пісьменьнікі, як Алексіевіч, ствараюць для нас новую мову».
А калі Алексіевіч наведала школу ў эмігранцкім прыгарадзе Стакгольму, пра яе казалі «Яна сьмелая. Вельмі сьмелая».
«Літаратурная Беларусь» заглыбілася ў архіў «Саюзу беларускіх пісьменьнікаў», каб даведацца пра пачатак творчай дарогі будучай набэліянткі. Паглядзіце, як за яе ў 80-я змагаліся Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Васіль Быкаў і іншыя. Разьвіцьцё тэмы — у выпуску перадачы «Вольная студыя» «Чаму Алексіевіч не прымалі ў Саюз пісьменьнікаў?»
А ў хуткім часе ў швэдзкім Каралеўскім драматычным тэатры зорка Швэдзкага тэлебачаньня Лена Эндрэ возьме ўдзел у публічнай прэм’еры радыёп’есы паводле кнігі Сьвятланы Алексіевіч «Час сэканд-Хэнд».
Цяпер афіцыйна: "У сувязі з наяўнасьцю пэўных арганізацыйна-тэхнічных, фінансавых і прававых пытаньняў, Белтэлерадыёкампанія не плянавала набыцьцё правоў на прамую трансьляцыю цырымоніі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі за 2015 год".
Першыя кадры зь Сьвятланай Алексіевіч.