7 сьнежня ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 2015 году беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч выступіла з Нобэлеўскай мэмарыяльнай лекцыяй па літаратуры ў Швэдзкай Акадэміі.
Беларускія дзяржаўныя тэлеканалы цалкам праігнаравалі гэту падзею. З друкаваных СМІ толькі орган адміністрацыі прэзыдэнта «СБ — Беларусь сегодня» у рубрыцы «Культура» апублікавала кароткую нататку «Слова ляўрэату», дзе паведамляецца, што «па традыцыі новыя ляўрэаты самай прэстыжнай прэміі сьвету прамаўляюць ўрачыстую прамову, якая называецца лекцыяй. Учора ўвечары ў Швэдзкай акадэміі з нобэлеўскай лекцыяй выступіла беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч».
Ніводнай цытаты зь нобэлеўскай лекцыі Сьвятланы Алексіевіч выданьне не прыводзіць. Называецца толькі сёлетні памер прэміі — каля 970 тысяч даляраў.
Таварыства беларускай мовы зьвярталася да кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Генадзьдзя Давыдзькі з просьбай аб жывой трансьляцыі ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджаньня беларускай пісьменьніцы Нобэлеўскай прэміяй, але адказу дагэтуль не атрымала.
На мінулым тыдні прэс-сакратар Белтэлерадыёкампаніі Cьвятлана Краскоўская-Смалонская, прэс-сакратар Белтэлерадыёкампаніі, куды ўваходзяць і Першы тэлеканал — «Беларусь 1», культурніцкі тэлеканал «Беларусь 3», адмысловы канал «Культура», тлумачыла, што «ў сувязі з наяўнасьцю пэўных арганізацыйна-тэхнічных, фінансавых і юрыдычных пытаньняў і аспэктаў Белтэлерадыёкампанія не плянавала набыцьцё правоў на жывую трансьляцыю цырымоніі ўзнагароджаньня Нобэлеўскай прэміяй за 2015 год».