Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч: Нобэль беларускаму пісьменьніку стаў для расейцаў нечаканасьцю


Сьвятлана Алексіевіч кажа, што расейцы не ўспрымаюць Беларусь сур’ёзна. А таму і Нобэлеўская прэмія для яе выклікала наогул нэгатыўную рэакцыю ў Расеі. Фрагмэнт інтэрвію пісьменьніцы каналу Euronews.

Euronews: Прысуджэньне Вам Нобэлеўскай прэміі літаральна ўзарвала расейскае грамадзтва. Многія расейцы лічаць, што прэмію вам далі за пазыцыю супраць Пуціна. Вас зьдзівіла гэтая рэакцыя? Ці вы яе чакалі?

Сьвятлана Алексіевіч: Не, я не чакала, шчыра кажучы. Асабліва ад пісьменьнікаў не чакала такога стаўленьня. Я ня думала, што рускае грамадзтва да такой ступені хворае. Але ўсе рускія пісьменьнікі, якія атрымлівалі Нобэлеўскую прэмію, усе падвяргаліся ганеньням у сваёй краіне. І Бунін, і Салжаніцын, і Бродзкі, і Пастэрнак. Гэта дзіўна нават, гэта дзіўна. Што за краіна? Чаму такія людзі? На гэта нават мне цяжка знайсьці адказ.

Euronews: Можа быць, справа ня толькі ў Пуціне. Можа быць, Вы націснулі на балючыя кропкі расейскага грамадзтва і расейцам гэта не спадабалася?

Сьвятлана Алексіевіч: Тут шмат прычын. Па-першае, я зь Беларусі, з маленькай краіны, якую ў Расеі многія рускія не ўспрымаюць сур’ёзна. Беларуская мова — якая гэта мова? Кіньце, Сьвятлана, гэта сапсаваная руская мова! І, вядома, тое, што гэта будзе беларускі пісьменьнік, гэта было нечаканасьцю. Вядома, цяжкасьць яшчэ і ў жанры, якім я займаюся. Рускае грамадзтва, мне так здаецца, яно як бы не ўпусьціла ў сябе сьвет. Вось як бы ўвайшлі, сьвет адкрыўся, але рускае грамадзтва не ўпусьціла ў сябе сьвет. Першыя няўдачы, якія пасьля перабудовы напаткалі, яны выклікалі абурэньне. І краіна зноў закрылася. І слова «лібэралы» стала лаянкавым. А значна бліжэй тое, што кажа Пуцін: «Вялікая Расея, вакол ворагі». Але гэта як бы старыя пазыўныя, якія працуюць у масавай свядомасьці. Бо толькі падумаць, як можна было на працягу некалькіх месяцаў прымусіць ваяваць братоў — рускіх і ўкраінцаў. Гэта немагчыма ўявіць. Вось маці ў мяне ўкраінка, а бацька — беларус. І ў многіх так. Гэта, вядома, нават цяжка сабе ўявіць, але гэта адбылося. Так што з чалавекам сёньня, у часы тэхналёгій, можна рабіць усё што заўгодна.

Euronews: А як Вы лічыце, ва Ўкраіны ёсьць эўрапейская будучыня?

Сьвятлана Алексіевіч: Мне здаецца, што так. Вось я таксама нядаўна была ва Ўкраіне, у Кіева-Магілянскай акадэміі, на Майдане, у самаробным музэі, бачыла людзей, якія туды прыходзяць. Бачыла гэтых маладых хлопцаў, як у іх вочы гараць, як яны хочуць жыць у іншай краіне. Я думаю, што Ўкраіна — першая краіна на постсавецкай прасторы, якая паспрабавала разарваць пупавіну з Расеяй і рвануць у іншы сьвет, ірвануць у Эўропу. Іншая справа, што гэта скончылася крывёю. Расея проста так не адпусьціць, што такое Расея без Украіны? Гэта ўжо ня тая Расея, вялікая Расея, пра якую там мараць. Так што Ўкраіна будзе вольнай. Іншая справа — хацелася б, каб меншай крывёй.

Цалкам інтэрвію глядзіце і чытайце на сайце nn.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG