Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую прэмію. Жывая трансьляцыя

абноўлена

Беларуская пісьменьніца атрымала Нобэлеўскую прэмію з рук швэдзкага караля Карла Густава ХVI.

Беларуская пісьменьніца атрымала Нобэлеўскую прэмію з рук швэдзкага караля Карла Густава ХVI. Чакаюцца дзьвюххвілінныя банкетныя прамовы кожнага зь ляўрэатаў.

Узнагароджаньне адбылося ў Стакгольмскай канцэртнай залі, пачатак у 18:30 паводле беларускага часу. Спачатку выступіў старшыня Нобэлеўскага камітэту Касі Кулман Файв, а потым кароль Швэцыі Карл Густаў ХVI уручыць кожнаму ляўрэату адмысловы мэдаль з выявай Альфрэда Нобэля і дыплём. А 21-й, паводле беларускага часу, — банкет у Блакітнай залі Стакгольмскай ратушы. «У банкетнай прамове будзе пра Беларусь», — сказала ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч журналістам напярэдадні, 9 сьнежня, адказваючы на папрокі крытыкаў яе Нобэлеўскай лекцыі.

Нобэлеўская прэмія па фізыцы уручаецца за нэйтрына, кажа старшыня Нобэлеўскага камітэту Касі Кулман Файв.

На сцэну ўздымаюцца ляўрэаты прэміі па фізыцы японец Такаакі Кадзіта і канадзец Артур Макдональд за «адкрыцьцё асцыляцыі нэйтрына, што даказвае, што ў іх ёсьць маса». Узнагароду яны атрымліваюць з рук караля Швэцыі.

Прадстаўляюць ляўрэатаў прэміі па хіміі, трыё навукоўцаў з Швэцыі і ЗША: швэда Томаса Ліндаля, Пола Модрыча з ЗША і амэрыканца турэцкага паходжаньня Азіза Санджара. Прэмію яны атрымліваюць за дасьледаваньні працэсаў рэпарацыі пашкоджанай ДНК.

Сьвятлана Алексіевіч перад пачаткам цырымоніі. Фота Стэфана Эрыксана.

Уручаецца Нобэлеўская прэмія па мэдыцыне і фізыялёгіі. Ляўрэаты – ірляндзец Уільям Кэмбэл і японец Сатосі Умура за адкрыцьці ў галіне барацьбы з паразытамі, а таксама кітаянка Юю Ту за адкрыцьці ў галіне барацьбы з малярыяй.

Вядоўца цырымоніі прадстаўляе Нобэлеўскую ляўрэатку па літататуры Сьвятлану Алексіевіч:

«Праз словы Алексіевіч перадае цішыню болі. Яна спрабуе трымаць свае вочы шырока адкрытымі, а не запоўненымі сьлязьмі... Яна вырасла ў краіне, дзе кожны чацьвёрты быў забіты на вайне, таму яна любіць маленькіх людзей, а не вялікія ідэі.

Алесіевіч глыбока пранікае ў пачуцьці сьведкаў гісторыі. Яна называе сябе гісторыкам душы.

Яна зьяўляецца і дэтэктарам хлусьні, і невычарпальнай крыніцай ведаў. Яна пераконвае нас — трэба пачынаць любіць людзей...»

Нобэлеўскай прэміяй па эканоміцы ўганараваны англа-амэрыканскі эканаміст Ангус Дытан за аналітычныя дасьледаваньні ў галіне «спажываньня, беднасьці і дабрабыту».

Удзельнікі ўрачыстай цырымоніі стоячы выконваюць нацыянальны гімн Швэцыі.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG