Індывідуальныя прадпрымальнікі Цэнтральнага рынку Гомеля з трывогай і разгубленасьцю сустрэлі пацьверджаньне беларускага Міністэрства па падатках і зборах, што рэалізацыя тавараў, уключаных у вопіс рэшткаў, заканчваецца 31 сьнежня 2015 году.
Яшчэ больш бянтэжыць прадпрымальнікаў папярэджаньне, што не дапускаецца захоўваньне рэшткаў нерэалізаваных тавараў у гандлёвым аб’екце і нават на складзе, які выкарыстоўваецца ў прадпрымальніцкай дзейнасьці.
«Толькі павесіцца на вяроўках на гэтых рэштках. А куды іх дзець? Спаліць? Ці сябе зь імі падпаліць? Ня ведаю. Гэта ж забойства. А што рабіць? На працу не бяруць. Будзем паціху паміраць. Ня ведаю, ня ведаю. Калі працы няма, то як чалавек можа жыць? Проста паміраць», — з ноткамі адчаю кажа прадпрымальніца Тацяна.
На рынку прадпрымальніца працуе чвэрць стагодзьдзя. Прадае жаночую вопратку і вязаныя шапачкі. На яе памяці было ўжо столькі заканадаўчых «удасканаленьняў» працы індывідуальных прадпрымальнікаў, што змагацца зь імі ў жанчыны няма ніякіх сілаў:
«Калі ж нельга прадаваць, то куды іх падзець? Абліцца бэнзінам і спаліць іх разам з сабою. Ну, а як быць? Выбару няма. За дваццаць пяць гадоў я проста стамілася».
Прадпрымальніку Аляксандру да пэнсіі яшчэ тры гады. Завезены раней тавар — жаночыя сумкі ды іншыя галянтарэйныя рэчы — прадаецца слаба.
Забарона на продаж рэшткаў тавару вымушае Аляксандра згортваць свой дробны бізнэс:
«Забяру гэтыя рэшткі, завязу дадому, раздару сваякам. А што моцна пакрылася пылам за той час, калі ў людзей бракавала грошай, а яно тут вісела, тое ўтылізую. Будзем сядзець жабракамі. У нас, кажуць па тэлевізары, усё надзвычай добра, а насамрэч — вельмі ўсё кепска. Няхай задумаюцца ўлады, што ёсьць людзі, якім да пэнсіі два-тры гады і якіх на працу нікуды не бяруць. Іх улады найперш і ставяць у тупіковае становішча».
Суразмоўца падлічвае, што за свой унёсак у фонд сацыяльнай абароны, арэндную плату ды іншыя зборы ён утрымлівае як мінімум аднаго пэнсіянэра і забясьпечвае заробкам спэцыялістаў рынку. Але пры цяперашнім стаўленьні дзяржавы да прадпрымальнікаў гэтая падтрымка ўсё слабейшая:
«Падатак, якога ўлады чакаюць ад мяне, — я яго зьбіраю зь цяжкасьцю. І то ўжо не на поўны месяц, а толькі на палову — больш не выцягваю. Завялі ў такі тупік, што нам ужо і бяз хітрага ўказу хана. Людзі ў галечы. Буду сядзець на жончыну пэнсію. Заплацім за камуналку — і будзем хадзіць зьбіраць па сьметніках крошкі хлеба».
Прадпрымальніца Кацярына, якая мае дваіх дзяцей-школьнікаў, апавяла, што, трапіўшы ў ціскі дзяржавы зь яе патрабаваньнямі сэртыфікацыі тавараў, таварна-транспартных дакумэнтаў, шмат хто з прадпрымальнікаў меўся і сам кідаць дробны бізнэс. Разьлік просты: уладкавацца на працу ў арганізацыю ці на якое-кольвек прадпрыемства і без нэрвознасьці атрымліваць тры мільёны ды чакаць пэнсіі. Але сытуацыя на рынку працы апошнім часам абвастрылася:
«Сытуацыя рэзка зьмянілася: ня пойдзеш і ня знойдзеш працу. На добры лад, трэба было б спыніць гэтыя наезды на прадпрымальнікаў, адрэгуляваць у краіне беспрацоўе. Не выжываць нас з нашых месцаў, каб мы маглі яшчэ папрацаваць. Мы ж людзі, у нас таксама дзеці — яны ходзяць у школу, у дзіцячы садок. І вось так рэзка нас „выразаць“ — нядобра і непрыгожа. За наш кошт іншыя людзі жывуць. А ня будзе паслабленьня, то пойдзем на вуліцу Карповіча, як многія старэнькія бабулі з валізамі ды клункамі, павесім на руку свой тавар і будзем па адзінцы прадаваць, не плаціўшы ні падаткаў, ні арэнды — анічога».
Адна з прадпрымальніц, якая назвалася Нінай, паказвае і без таго паўпустыя гандлёвыя рады на паўднёвай частцы рынку ды дзівіцца на рашэньні ўладаў:
«Толькі да першага студзеня мы працуем, бо потым трэба прад’яўляць пакет дакумэнтаў. А дзе ўзяць сэртыфікаты якасьці ды розныя накладныя? Усе добра ведаюць, што калі яны і ёсьць у каго, то гэта ліпа. Можаце зьняць усё і зьмясьціць сёньня ў навінах — пустыя рынкі. Вось рад амаль спрэс пусты. Трэба хоць крыху падумаць: выжыць такую колькасьць людзей? Цяпер вытворчасьці закрываюцца. Бачыце й самі, які заробак у людзей і якое ўсё ў краіне».