Жыхары бліжэйшых вёсак Вайшкуны і Станчыкі якраз-такі і выступаюць супраць будаўніцтва, якое прынясе шкоду возеру. Але ні праваслаўны прыход райцэнтру Паставы, ні менскі спонсар, ні мясцовыя ўлады не захацелі слухаць іхных аргумэнтаў.
Правядзеньне грамадзкіх слуханьняў перад пачаткам такога кшталту будаўніцтва абумоўлена беларускім заканадаўствам. Таму вяскоўцы са Станчыкаў і зьвярнуліся ў суд. Яны даводзілі, што слуханьняў не было, і гэта парушэньне закону.
Судзьдзя Глыбоцкага райсуду Андрэй Тарасевіч агучыў іншае рашэньне: слуханьні праводзіць неабавязкова, бо праект будаўніцтва царквы прайшоў дзяржаўныя экспэртызы, і будаўніцтва ўжо распачатае.
Такім чынам, судовы пазоў з мэтаю змусіць Пастаўскі райвыканкам да правядзеньня грамадзкіх слуханьняў, застаўся незадаволеным. Сытуацыю камэнтуе Рыгор Фёдараў, юрыст грамадзкай арганізацыі «Экадом», якая імкнецца дапамагчы мясцовым жыхарам у вырашэньні праблемы з царкоўным будаўніцтвам:
«Суд пастанавіў адмовіць. І далей вусна судзьдзя патлумачыў сваю пазыцыю. Маўляў, у палажэньні аб грамадзкіх слуханьнях ёсьць пункт, дзе сказана, што слуханьні праводзяцца да дзяржаўных экспэртыз. А раз экспэртызы ўжо былі, то слуханьні праводзіць ужо нібыта нельга. Гэта першы аргумэнт. А другі той, што мы не аспрэчвалі рашэньне Пастаўскага райвыканкаму ад 2013 года наконт будаўніцтва царквы. Гэта нібыта таксама аргумэнт, што слуханьні не патрэбныя».
Паводле Рыгора Фёдарава, ёсць далейшыя пляны аспрэчваць рашэньне Глыбоцкага райсуду ў Віцебскім абласным судзе. А таксама скарыстацца «падказкай» судзьдзі — паспрабаваць аспрэчыць рашэньне Пастаўскага райвыканкаму двухгадовай даўніны.
Судовы працэс, які было вырашана праводзіць не на Пастаўшчыне, а ў Глыбокім «дзеля найбольшай аб’ектыўнасьці ў справе», доўжыўся цэлы месяц. Перад судом выступілі прадстаўнікі Пастаўскага райвыканкаму і Лынтупскага сельсавету, якія спачатку цьвердзілі, што грамадзкія слуханьні праводзіліся, а потым абверглі свае ж словы, сказаўшы, што слуханьні не абавязковыя. Выступіў і спонсар будаўніцтва, менскі прадпрымальнік Мікалай Рамановіч. Ён лічыць, што будуе «сваю» царкву, якой яму бракуе паблізу ягонага лецішча ў вёсцы Вайшкуны. Паводле спадара Рамановіча, у бліжэйшых вёсках быў абвешчаны збор подпісаў, і людзі падпісаліся за будоўлю храма. Вялося нібыта пра маленькую капліцу, кажуць мясцовыя, — але ж не пра царкву, да таго ж з праваслаўным летнікам.
Такая буйная інфраструктура немінуча загубіць Балдук, тлумачаць адмыслоўцы. Гэта ўнікальнае возера, але яно мае марудны водаабмен, і з павелічэньнем колькасьці наведнікаў будзе немінуча засьмечвацца. Навукоўцы з Акадэміі навук дасьледавалі стан вадаёма і рэкамэндавалі адміністрацыі парку «Нарачанскія азёры» абмежаваць колькасьць турыстаў на паўднёвым беразе Балдука — каб пускалі людзей толькі па выходных і ня больш як 30 чалавек у дзень. Аднак па возеры праходзіць мяжа паміж абласьцямі, яго паўночны бераг — гэта ўжо тэрыторыя Віцебшчыны. І тут чыноўнікі далі дазвол на вялікую будоўлю, нягледзячы нават на парушэньні заканадаўства і экалягічную пагрозу для ўнікальнага вадаёма.
Юрыст Рыгор Фёдараў падкрэсьлівае, што можна было б хадайнічаць, каб будаўніцтва прыпынілі хаця б на час судовага разбору. Праўда, паводле ягонага досьведу, такія хадайніцтвы найчасьцей не задавальняюць. А калі задаволяць, але потым суд не падтрымае пазоў, ад пазоўніка могуць запатрабаваць кампэнсацыі матэрыяльных стратаў. Таму ад такой стратэгіі было вырашана адмовіцца.
Але грамадзкі рэзананс, які выклікала праблема будоўлі на Балдуку, калі й ня спыніць узьвядзеньне храма, то прынамсі востра паставіць пытаньне наконт летніка, лічыць спадар Фёдараў:
«Я думаю, найгалоўнейшая небясьпека возеру — не ад царквы, а ад летніка. На яго будоўлю ўжо ёсьць дазвол Віцебскага аблвыканкаму. Дык вось цяпер, мне здаецца, калі будоўля на Балдуку выклікала такі вялікі грамадзкі рэзананс, зь летнікам будзе ўсё ня так проста. На яго яшчэ трэба зацьвярджаць праект, рабіць усе дакумэнты. Усё пачынаць спачатку, адным словам. І, думаю, тут будуць пытаньні з будаўніцтвам. А цяпер, я лічу, правы людзей на абмеркаваньне парушаныя. Дарэчы, якраз цяпер у Полацку праводзіцца грамадзкае абмеркаваньне будоўлі царквы, падобнага аб’екта. Выходзіць, што жыхары Полацку, вялікага гораду, маюць права выказаць сваё меркаваньне, а жыхары вёскі Станчыкі — не?»
Дарэчы, месца, дзе будуецца царква, толькі зь нядаўняга часу стала тэрыторыяй вёскі. Дагэтуль тут была тэрыторыя гідралягічнага заказьніка «Швакшты», якую зьменшылі перад самым пачаткам узьвядзеньня царквы.
Ёсьць і яшчэ шэраг акалічнасьцяў, якія выклікаюць пытаньні. Напрыклад, якім чынам праваслаўны пастаўскі прыход Мікалая Цудатворцы «Жыватворная крыніца» ўключыў у свае межы дзьве спрадвечна каталіцкія вёскі за 40 км ад райцэнтру.
Запытацца пра гэта вяскоўцы яшчэ ня страцілі надзеі. Пакуль ішоў судовы працэс, у Пастаўскі райвыканкам была пададзена просьба ад мясцовых жыхароў усё-ткі зладзіць грамадзкія слуханьні, прадугледжаныя заканадаўствам. Райвыканкам ужо пасьпеў адмовіць аўтарам заявы, але яны зьвярнуліся вышэй — у Віцебскі аблвыканкам. І ў выпадку наступнай адмовы зноў маюць намер падаць заяву ў суд.