Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у справе будоўлі царквы на возеры Балдук стаў «палітычным»


Возера Балдук
Возера Балдук

Прыхільнікі будоўлі праваслаўнага храму ў каталіцкай вёсцы заявілі, што супраць гэтага выступаюць толькі «дзеячы беларускай апазыцыі». А экалягічную арганізацыю «Экадом» яны абвінавацілі ў распальваньні рэлігійнай варажнечы.

У Глыбоцкім райсудзе працягваецца разгляд справы, ініцыяванай жыхарамі вёсак Вайшкуны і Станчыкі Пастаўскага раёну. У Станчыках, на беразе ўнікальнага возера Балдук, пачалі будаваць праваслаўную царкву — дакладней, цэлы комплекс збудаваньняў, да якіх у будучыні заплянавана далучыць і дзіцячы праваслаўны летнік. Мясцовыя жыхары абураныя: яны перакананыя, што будоўля незаконная, бо праект не прайшоў «Ацэнку ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе» і не было праведзена грамадзкае абмеркаваньне, як патрабуе заканадаўства.

Абласное судовае кіраўніцтва вырашыла, што працэс варта правесьці ў Глыбокім — дзеля большай аб’ектыўнасьці. На першым пасяджэньні юрыст Пастаўскага райвыканкаму Сяргей Кісялёў заявіў, што пазоў трэба было падаваць супраць іншых органаў улады — або да мясцовага Лынтупскага сельсавету, які павінен быў арганізаваць слуханьні на тэрыторыі падпарадкаваных яму вёсак, або да Віцебскага аблвыканкаму, які даў дазвол на будоўлю без грамадзкіх слуханьняў.

На другое пасяджэньне сабралася мноства сьведак. Прыйшоў і менскі прадпрымальнік Мікалай Рамановіч, уладальнік лецішча ў Вайшкунах і фундатар будучай царквы. Ён выкупіў у вёсцы некалькі пляцоў, пабудаваў вялікі дом, і нават не адзін. І потым, паводле ягоных словаў, нечакана «прыйшоў да веры». Каб гэта здарылася раней, кажа прадпрымальнік, то ён бы і лецішча набываў паблізу якога праваслаўнага манастыра. Але здарылася інакш: пры ўжо набытым лецішчы ў Вайшкунах яму стала бракаваць царквы. І таму, маўляў, ён стаў фундатарам новай будоўлі.

Удзельнікі ініцыятывы «Балдук», занепакоеныя тым, што новабудоўля немінуча загубіць возера, спрабавалі наладзіць дыялёг зь Мікалаем Рамановічам: пыталіся, чаму б не збудаваць новы храм насупраць ягонага лецішча, дзе месца хопіць нават не на адну царкву, а на некалькі. Аднак прадпрымальнік кажа, што ўпадабаў менавіта гэтае месца.

Возера Балдук вельмі прыгожае, але ўмяшаньне ў экасыстэму можа яго загубіць. У Балдуку надта доўгі водаабмен — каля 30 гадоў, і гэта вымагае, каб наведваньне яго турыстамі было абмежавана. Вядома, ніякія абмежаваньні ня будуць дзейнічаць, калі на беразе зьявяцца і праваслаўны храм, і праваслаўны летнік, на будоўлю якога ўжо таксама атрыманы дазвол ад Віцебскага аблвыканкама.

Склалася так, што па Балдуку праходзіць мяжа Віцебскай і Менскай абласьцей, і «менская» частка — гэта ахоўная зона, тэрыторыя Нацыянальнага парку «Нарачанскі». Акадэмія навук раіла адміністрацыі Нацыянальнага парку абмежаваць колькасьць турыстаў: на возеры іх павінна быць адначасова ня больш за 30 чалавек, і тое толькі ў выходныя. «Віцебская» частка — гэта тэрыторыя гідралягічнага заказьніка «Швакшты», і тут мала таго, што абмежаваньні колькасьці наведнікаў ня дзейнічаюць, — будоўля разгорнута проста ў заказьніку.

Плот вакол пляцоўкі пад будаўніцтва
Плот вакол пляцоўкі пад будаўніцтва

Адна з прыхільніц узьвядзеньня царквы, Вольга Баркова, публічна абвінаваціла экалягічную арганізацыю «Экадом» у распальваньні рэлігійнай варожасьці. Яна ж заявіла, што ўсе праблемы з будоўляй — толькі праз тое, што ў Вайшкунах і Станчыках маюць лецішчы «дзеячы беларускай апазыцыі». Да слова, спадарыня Баркова таксама зь Менску, лецішча ў Станчыках набыла ў 1998 годзе. Зь ейных словаў, яна «ўключае толькі расейскае тэлебачаньне» і «баіцца, што ў нас будзе, як на Ўкраіне».

Сьведкі вінавацілі «бээнэфаўцаў», якія выступаюць супраць «сьвятой справы будаўніцтва царквы». Але судзьдзя Андрэй Тарасевіч так і ня змог даведацца, ці быў хто з прысутных на грамадзкім абмеркаваньні наступстваў будоўлі. Нехта згадаў, што 10 траўня 2014 году гэтае пытаньне ўздымалася, але на сходзе жыхароў, ініцыятарам якога быў эколяг Ігар Пастухоў. Таму суд запатрабаваў ад Лынтупскага сельсавету дакумэнты, каб высьветліць, ці ладзілі грамадзкае абмеркаваньне мясцовыя ўлады, ці ўсе-ткі не.

Тым часам будоўля царквы ўжо пачалася. Пляц абгароджаны плотам зь непразрыстай сеткай, а за ім — два крыжы, драўляны і жалезны. Пад адным — камень і шыльда з надпісам: «У імя Айца і Сына, і Духа Сьвятога. Закладваецца камень гэты ў падмурак храма ў гонар абраза Божай Маці „Жываносная крыніца“ пры Найсьвяцейшым Патрыярху Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылу, мітрапаліту Менскім і Заслаўскім Паўлу, Патрыяршым Экзарху ўсяе Беларусі, архіепіскапу Полацкім і Глыбоцкім Феадосію».

«Усё трэба адматаць назад і прыпыніць рашэньне, — сказала Свабодзе Ірына Сухій, старшыня рады ГА „Экадом“, якае была на судзе. — Да слуханьня нельга было прымаць ніякіх рашэньняў».

Каб высьветліць, ці насамрэч праходзілі грамадзкія слуханьні ў 2013 годзе, судзьдзя запатрабаваў, каб Лынтупскі сельскі выканкам прадставіў пратакол сходу.

Па словах юрыста Рыгора Фёдарава, які прадстаўляе інтарэсы «Экадома» ў судзе, арганізацыя ня раз падавала хадайніцтвы аб прыпыненьні будоўлі. Але ніводнае не было задаволена.

«Калі нават суд прыпыніць будоўлю, а я ў гэта ня веру, мы будзем вымушаны сплаціць страты за „няўстойку“ забудоўшчыка, калі ў выніку будзе прынята рашэньне на яго карысьць», — сказаў Фёдараў Свабодзе.

Наступнае судовае пасяджэньне — 25 лістапада. Дарэчы, мясцовыя жыхары — спрэс каталікі. Праваслаўныя ў гэтых краях — толькі ўладальнікі лецішчаў. Якім чынам гэтыя мясьціны далучылі да прыходу пастаўскай царквы, да якой 40 км, — таксама загадка для мясцовых жыхароў, якія бароняць запаведнае возера ад загубы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG