Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мельянцоў: расейскі ціск на Беларусь будзе ўзмацняцца. У тым ліку і з-за Турэччыны


Расейскія зьнішчальнікі Су-24, ілюстрацыйнае фота
Расейскія зьнішчальнікі Су-24, ілюстрацыйнае фота

Палітолягі лічаць, што абвастрэньне адносінаў паміж Масквой і Анкарой будзе мець наступствы і для Беларусі.

Палітоляг-міжнароднік Андрэй Фёдараў упэўнены, што пагаршэньне расейска-турэцкіх адносінаў, безумоўна, паўплывае на Беларусь.

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

«З аднаго боку, мы бліжэйшыя хаўрусьнікі Расеі, а зь іншага боку, у нас з Турэччынай нядрэнныя адносіны. Таму беларускаму кіраўніцтву прыйдзецца нейкім чынам шукаць выйсьця і чымсьці ахвяраваць. Мяркую, што калі там абвастрэньне будзе ісьці далей, дык ахвяраваць прыйдзецца, вядома, Турэччынай, і гэта таксама ня вельмі добра», — лічыць палітоляг.

Што да адносінаў Масквы і Анкары, то Фёдараў мяркуе, што да вайны справа ўсё ж ня дойдзе.

«Але дыпляматычныя, безумоўна, будуць наступствы — аж да адкліканьня амбасадараў. Магчыма, нейкія эканамічныя сувязі будуць скарочаныя ці ўвогуле спыненыя. Карацей, трэба чакаць даволі істотнага пагаршэньня. Дай Божа, каб толькі не было вайны», — кажа ён.

Старэйшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Дзяніс Мельянцоў лічыць, што гібель расейскага Су-24 на сырыйска-турэцкай мяжы паўплывае на перамовы Менску і Масквы па авіябазе.

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў

«Справа ў тым, што пытаньне разьмяшчэньня базы — гэта пытаньне хутчэй не беларуска-расейскіх адносінаў, а адносінаў паміж Расеяй і НАТО, Расеяй і Захадам у цэлым. Таму можна такую заканамернасьць правесьці, што калі адносіны паміж Расеяй і НАТО паляпшаюцца, калі адбываецца деэскаляцыя, то, адпаведна, пытаньне разьмяшчэньня расейскай базы становіцца не такое вострае. То бок расейскія ўлады ня будуць так прэсаваць беларускае кіраўніцтва для таго, каб яно дазволіла гэтую базу. Калі ж, наадварот, пагаршаюцца адносіны паміж Расеяй і НАТО, то, адпаведна, Расеі трэба дэманстраваць свой сьцяг на тэрыторыі ў тым ліку свайго бліжэйшага вайскова-палітычнага саюзьніка. Таму расейскі ціск будзе ўзмацняцца. І зараз калі будзе сапраўды пагаршэньне адносінаў паміж Расеяй і НАТО (а яно, хутчэй за ўсё, хаця б нейкае будзе), то, адпаведна, пытаньне расейскай базы становіцца больш актуальным. І, адпаведна, расейскія вайсковыя чыноўнікі, расейскае кіраўніцтва будуць больш жорстка настойваць на гэтай базе ў Беларусі», — сказаў палітоляг у інтэрвію Свабодзе.

Учора на сырыйска-турэцкай мяжы быў зьбіты расейскі бамбавік «Су-24» з авіягрупы, якая базуецца ў Сырыі. Мінабароны Турэччыны сьцьвярджае, што самалёт быў зьбіты турэцкімі ВПС, калі ён парушаў паветраную прастору краіны. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін назваў інцыдэнт «ударам у сьпіну», які быў нанесены «памагатымі тэрарыстаў». «Сёньняшняе трагічнае здарэньне будзе мець сур’ёзныя наступствы і для расейска-турэцкіх адносін», — дадаў кіраўнік Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG