Не працуюць банкі і буйныя гандлёвыя сеткі. На запраўках — ажыятаж. Пачаліся перабоі з сувязьзю. Аб’екты інфраструктуры паўвострава перайшлі на рэзэрвовыя крыніцы сілкаваньня: бэнзінавыя і дызэльныя генэратары. Але якія ёсьць на паўвостраве магутнасьцяў ці ледзь хапае на пакрыцьцё 30% патрэбаў. У Севастопалі і Сімферопалі электрычнасьць падаюць па графіку і толькі на дзьве гадзіны ў суткі. Чаму ў Крыме цемра, і як выжываюць людзі — рэпартаж Дзьмітрыя Леанцюка.
****
Адразу чатыры крымінальныя справы сталі наступствам сутычак актывістаў блякады Крыму з украінскай паліцыяй. Двое міліцыянтаў і журналістка крымскататарскага тэлеканалу атрымалі траўмы, а Крым застаўся без электрычнасьці.
Прыкладна ў 00:20 у суботу наступіла «энэргетычная патрыятычная блякада» Крыму.
У МУС Украіны дзеяньні блякаднікаў Крыму кваліфікуюць як наўмыснае пашкоджаньне аб’екту інфраструктуры:
«Папярэднія выбухі кваліфікаваліся як тэракт, і іх расьсьледавалі ў службе бясьпекі Ўкраіны. Але сытуацыя, якую мы маем цяпер, унесла пэўныя карэктывы, і будзе расьсьледавацца адразу двума ведамствамі. Цяпер пра вэрсіі казаць рана. Працуюць сьледчыя. Запэўніваю вас у тым, што мы будзем казаць пра тое, што адбылося, грунтуючыся на устаноўленых фактах і доказах, і будзем інфармаваць пра гэта грамадзкасьць», — заявіў дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Іван Варчанка.
Рэальныя прычыны падзеньня апораў лініі электраперадачаў — таямніца, пакрытая начной цемраю. Самі актывісты кажуць пра тое, што апоры, і без таго пашкоджаныя выбухам некалькімі днямі раней, заваліліся ад ветру. Выбухі ўкраінская паліцыя таксама расьсьледуе — як тэракт. На момант падзеньня апораў ЛЭП і сілавікі і блякаднікі былі адведзены ад «слупоў разладу» на 50 мэтраў.
«Калі б у момант падзеньня побач знаходзіліся людзі, то ў радыюсе 40 мэтраў былі б рызыкі для людзей, якія тут знаходзіліся», — кажа часовы выканаўца абавязкаў кіраўніка кампаніі «Укрэнэрга» Ўсевалад Каваленка.
Пасьля таго, як слупы ўпалі, а канфлікт блякаднікаў і сілавікоў вычарпаўся сам сабою, рамонтнікаў дапусьцілі да паваленых апораў ЛЭП. Але толькі для таго, каб зазямліць аголеныя драты.
«За кожны адрамантаваны слуп мы патрабуем адпускаць палітвязьняў. Мы патрабуем дапусьціць журналістаў і міжнародныя місіі ў Крым», — заявіў каардынатар грамадзянскай блякады Крыму Ленур Іслямаў.
На паўвостраве, дзе цяпер сьвятло ў дэфіцыце, такія дзеяньні ўжо называюць генацыдам. Бо ў Крыме не працуюць банкі і крамы, перабоі з сувязьзю, а сьвятло — на дзьве гадзіны ў суткі паводле графіку і толькі ў буйных гарадах.
«Я баюся, каб дома нічога ня здарылася. Сувязі няма, сьвятла няма. Хуткую можна выклікаць толькі калі па яе зьбегаць», — распавядае блогер зь Ялты Сяргей.
Сьвятло і сувязь бесьперабойна ёсьць толькі ў мясцовых сілавікоў, вайскоўцаў і мэдыкаў. Цяпер электрычнасьць для Крыму выпрацоўваюць мясцовыя газатурбінныя цеплаэлектрастанцыі. Але мясцовых магчымасьцяў ледзь хапае на пакрыцьцё 30% патрэбаў анэксаванага паўвострава.
Абяцаны энэргамост праз Керчанскі праліў запрацуе толькі да новага году. У «Укрэнэрга» заявілі, што ў самыя кароткія тэрміны гатовыя аднавіць пастаўкі электрычнасьці, калі пратэстоўцы падпусьцяць рамонтнікаў да паваленых лініяў электраперадач.
***
Лідэр крымскататарскага народу Мустафа Джамілеў, паведаміў, што прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пагадзіўся ўнесьці ва ўрад прапанову аб поўным спыненьні гандлю з паўвостравам, а прэм’ер Арсень Яцанюк ўжо патлумачыў, што гэта адказ на харчовыя санкцыі Расіі, якія ўступяць у сілу 1 студзеня 2016 году.
У Крыме ўжо некалькі дзён дэфіцыт электрычнасьці пасьля таго, як у Хэрсонскай вобласьці Ўкраіны былі падарваныя дзьве апоры ЛЭП.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1