У новым цэнтры прымаюць заявы на візы ў Латвію, Гішпанію, а ў бліжэйшай пэрспэктыве пачнуць прымаць дакумэнты і ў Чэхію.
Візавы цэнтар месьціцца па адрасе вуліца Кальварыйская, 42, займае плошчу 300 квадратных мэтраў. Для прыёму дакумэнтаў ёсьць 12 вокнаў.
Магчымасьці цэнтру разьлічаныя на 60 тысяч візаў штогод. Як заявілі сёньня на адкрыцьці, Беларусь займае чацьвёртае месца ў сьвеце па колькасьці атрыманых шэнгенскіх візаў, саступаючы толькі Расеі, Казахстану і Кітаю.
Новыя ўмовы могуць спрасьціць атрыманьне візавых дакумэнтаў. Займацца прыёмам дакумэнтаў будзе акрэдытаваная ў Беларусі кампанія Pony Express, якая мае добрую рэпутацыю ў гэтай сфэры.
На цырымоніі адкрыцьця прысутнічаў амбасадар Латвіі Маціньш Вірсіс. Ён адзначыў, што адкрыцьцё візавага цэнтру — яшчэ адзін доказ таго, што дачыненьні паміж Латвіяй і Беларусьсю «актыўна разьвіваюцца, у беларусаў будзе дадатковая магчымасьць наведваць Латвію».
Карыстаючыся магчымасьцю, карэспандэнт Свабоды папрасіў яго ацаніць, як дзейнічае спрошчаны пераход на латвійска-беларускай мяжы. Беларусь мае агульную мяжу з трыма краінамі Эўразьвязу — Латвіяй, Літвой і Польшчай, аднак спрошчаны малы прымежны рух існуе толькі з Латвіяй.
Амбасадар адказаў так:
«На пазамінулым тыдні я асабіста пабываў на пункце спрошчанага перасячэньня мяжы. Паглядзеўшы, як гэта функцыянуе, я зразумеў, што гэта неабходна людзям, якія там жывуць. Людзі атрымалі магчымасьць спрошчана, бязь лішняга афармленьня дакумэнтаў перасякаць мяжу, і гэта выклікае задаволенасьць па абодва бакі: і ў Беларусі, і ў Латвіі.
Гэта вельмі аблягчае двухбаковыя зносіны людзей, якія жывуць блізка каля мяжы. Такім чынам мы спрашчаем жыцьцё людзям і даем ім магчымасьць для лепшых адносінаў».
За афармленьне візы бярэцца дадатковы спэцыяльны збор. Паслугі візавага цэнтру каштуюць 387 200 рублёў за адзін пашпарт з рэгістрацыяй біямэтрычных дадзеных і 348 500 — без рэгістрацыі. Кошт самой візы — 60 эўра.
Паводле дадзеных амбасады, за дзевяць месяцаў сёлета латвійскае консульства ў Менску выдала 28 832 візы, а консульства ў Віцебску — 19 560 візаў.
Дырэктар дэпартамэнту візавых паслугаў Pony Express Натальля Яўсеенка адзначыла, што кампанія — галоўны лягістычны апэратар на тэрыторыі СНД, і празь яе штогод падаецца больш за паўмільёна зваротаў па візы.
А генэральны дырэктар Pony Express у Беларусі Мікалай Герасімаў асабліва падкрэсьліў, што кампанія атрымала атэстат адпаведнасьці патрабаваньням па абароне інфармацыі. Таму кліенты візавага цэнтру могуць быць упэўненыя ў бясьпецы сваёй асабістай інфармацыі.
Візавыя цэнтры ў Беларусі ўжо адкрылі Вялікая Брытанія і Літва. Прычым літоўцы іх маюць ужо ў чатырох гарадах — Менску, Горадні, Гомелі, Берасьці.
На чарзе — адкрыцьцё візавых цэнтраў Польшчы (11 лістапада) і Італіі (16 лістапада).