Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туніс адмяніў візы для беларусаў


Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык
Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык

Урад Тунісу прыняў рашэньне аб адмене ўязных візаў для грамадзянаў Беларусі. Цяпер, каб уехаць у Туніс, беларусам дастаткова мець толькі дзейны пашпарт і праязныя дакумэнты. Адзінае абмежаваньне — знаходжаньне ў гэтай краіне не павінна перавышаць 90 дзён.

Пра гэта Свабодзе паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык. Ён сказаў, што гэта ўжо другі крок з боку Тунісу:

«І раней існавала магчымасьць для грамадзян Беларусі наведаць Туніс бязь віз. Але толькі ў складзе арганізаваных турыстычных групаў, калі турыстычная беларуская кампанія мела сталага партнэра з боку туніскіх калегаў. Некаторыя нашыя кампанія такія сувязі ўсталявалі, і ўжо сёлета частка беларускіх турыстаў магла наведваць Туніс бязь віз. Цяпер такая магчымасьць зьявілася ва ўсіх беларусаў. Мы ўхваляем такое рашэньне туніскага боку».

Афіцыйны прадстаўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі адначасова зьвярнуў увагу на тое, што ў Тунісе яшчэ не адменены рэжым надзвычайнага становішча, які ўвялі пасьля двух рэзанансных тэрактаў. Таму 30 чэрвеня МЗС Беларусі рэкамэндавала беларускім грамадзянам, якія знаходзяцца ў гэтай краіне, выконваць максымальна магчымыя меры перасьцярогі і ўстрымлівацца ад наведваньня месцаў масавага збору людзей.

Гэтыя рэкамэндацыі па-ранейшаму дзейнічаюць, — падкрэсьліў Дзьмітры Мірончык.

Адмена візаў зробленая Тунісам у аднабаковым парадку. Каб наведаць Беларусь, грамадзяне гэтай краіны мусяць атрымаць беларускую ўязную візу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG