Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рагозін: Замест кампэнсацыі за савецкую акупацыю краіны Балтыі атрымаюць «вушы мёртвага асла»


Дзьмітры Рагозін
Дзьмітры Рагозін

У чацьвер, 6 лістапада, міністры юстыцыі краінаў Балтыі падпісалі мэмарандум пра супрацоўніцтва ў галіне прад’яўленьня Расеі патрабаваньняў што да кампэнсацыі шкоды за час савецкай акупацыі. Як адзначаюць у Міністэрстве юстыцыі Эстоніі, кампэнсацыя, згодна зь міжнародным правам, можа мець як матэрыяльны характар, так і форму фармальных прабачэньняў. Першым крокам краінаў Балтыі будзе ўзгадненьне мэтодык ацэнкі шкоды, наступным — фармаваньне позвы да Расеі як правапераемніцы Савецкага Саюзу.

Віцэ-прэм’ер Расейскай Фэдэрацыі Дзьмітры Рагозін пракамэнтаваў навіну ў сваім афіцыйным Твітэры. «Ад мёртвага асла вушы атрымаеш, дэфэктыўны!» — напісаў ён, даўшы спасылку на відэа 2005 году, дзе Пуцін камэнтаваў дапушчальнасьць тэрытарыяльных прэтэнзіяў да Расеі фразай пра «вушы мёртвага асла».

У той час Латвія фармальна мела тэрытарыяльныя прэтэнзіі на Пыталаўскі раён Пскоўскай вобласьці, у 2007 годзе ў дамове Расеі і Латвіі аб дзяржаўнай мяжы Латвія афіцыйна адмовілася ад прэтэнзіяў.

Фраза пра вушы мёртвага асла фігуравала ў фільме «12 крэслаў» Леаніда Гайдая.

Прыбалтыйскія рэспублікі былі далучаныя да СССР у 1939 годзе як вынік дамовы між Савецкім Саюзам і гітлераўскай Нямеччынай. Спачатку ў незалежныя рэспублікі быў уведзены абмежаваны кантынгент войскаў Чырвонай арміі, затым кіраўнікам Літвы, Латвіі і Эстоніі быў выстаўлены ўльтыматум па фармаваньні новых урадаў і ўвядзеньні дадатковых войскаў. Кіраўнікі краінаў пагадзіліся на ўльтыматум (прэзыдэнт Літвы ўцек за мяжу, яго функцыі ўзяў на сябе прэм’ер) і былі неўзабаве рэпрэсаваныя. На месцы старых урадаў у хуткім часе былі сфармаваныя камуністычныя, якія абвесьцілі аб стварэньні савецкіх рэспублік. Больш за сотню тысяч жыхароў рэспублік былі пераселеныя ў Сібір альбо рэпрэсаваныя. Літва, Латвія і Эстонія ацэньваюць далучэньне да СССР як акупацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG