Пагадненьне паміж урадамі Беларусі і Ізраіля аб адмене візаў уступіць у сілу 26 лістапада 2015 году, паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў Беларусі.
У чацьвер міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей правёў сустрэчу з амбасадарам Ізраіля ў Рэспубліцы Беларусь Ёсіфам Шагалам у сувязі са сканчэньнем ягонай дыпляматычнай місіі.
Паводле інфармацыі МЗС, падчас сустрэчы амбасадар Шагал перадаў ноту аб выкананьні ізраільскім бокам унутрыдзяржаўных працэдур, неабходных для ўступленьня ў сілу пагадненьня паміж урадам Беларусі і ўрадам Ізраіля аб адмене візаў для ўладальнікаў нацыянальных пашпартоў, падпісанага ў Менску 19 верасьня 2014 году.
У адпаведнасьці з пагадненьнем дакумэнт уступае ў сілу праз 90 дзён з даты атрыманьня праз дыпляматычныя каналы апошняга пісьмовага паведамленьня, якімі бакі інфармуюць адзін аднаго пра выкананьне ўнутрыдзяржаўных працэдур.
Такім чынам, з 26 лістапада паміж Рэспублікай Беларусь і Дзяржавай Ізраіль усталёўваецца бязьвізавы рэжым.