Апошнім часам на рынках і ў бойкіх месцах Гомеля зьявіліся баравікі, падбярозавікі, масьляты. Кучка — 60 тысяч. Часьцяком іх прадаюць на вуліцах, не правяраючы на радыяцыю.
На дварэ кастрычнік, а сьвежыя грыбы ўвішныя вяскоўцы ды гараджане прапануюць, нібы ўлетку.
На бэтонным подыюме каля ўваходу на Прывакзальны рынак мужчына сталага веку, які назваўся Мікалаем, заваблівае мінакоў крамянымі баравікамі. Невялікая кучка — 60 тысяч. Цьвердзіць, што зьбіраў у ваколіцах Рудні Целяшоўскай ды Сінічына:
«Забірай апошнія — за шэсьцьдзесят аддам. Пасьля дожджыку пайшлі падасінавікі й белыя».
З прычыны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС амаль уся Гомельшчына моцна ўсеяна радыяцыяй. Таму й пытаньне да грыбніка: а ці правяраліся грыбы на радыяцыю? Ніякага квітка зь лябараторыі вясковец ня мае, але грыбы нахвальвае — яны, маўляў, «чысьцейшыя за чыстыя»:
«Ужо пяць гадоў да нас прыяжджаюць і скупляюць лісічкі, пяць гадоў без дазымэтра езьдзяць. Самыя чыстыя! Самая чыстая зона! У выходныя ўвесь Гомель у нас быў. Машын было поўна вакол Сінічына».
Тым часам Рудня Целяшоўская з навакольнымі вёскамі ўваходзіць у зону пражываньня з пэрыядычным кантролем, бо шчыльнасьць забруджваньня глебы цэззіем-137 складае тут ад 1 да 5 кюры на квадратны кілямэтар. Ня выключаны й стронцый-90 — ад 0,15 да 0,5 кюры. У вёсцы Сінічына ўзровень забруджваньня ня меншы.
Пра «чыстыя» сушаныя грыбы распавядае і гараджанка, якая прадае іх на міні-рынку на вуліцы Быхаўскай. Кажа, што зьбірала на Берасьцейшчыне, калі была там у санаторыі. У асартымэнце ня толькі сушаныя, але й марынаваныя грыбы, якія ў санаторыі наўрад ці прыгатуеш.
Сяброўка ці проста знаёмая зьбіральніцы грыбоў таксама нахвальвае лясную прадукцыю. І аргумэнт выкладвае, на яе погляд, надзвычай важкі: маўляў, таксама купіла сушаных грыбоў, адаслала сваякам у Ізраіль — і тыя іх вельмі хвалілі.
На тэрасе Цэнтральнага рынку дзьве кабеты таксама прадаюць грыбы. Адна зь іх — зь вёскі Кругавец Добрускага раёну, моцна заражанай радыяцыяй:
«Падбярозавікі, падасінавікі — растуць, бяром! А гэта баравічкі — 100 тысяч. Кіляграма тут няма. Во тут кіляграм — 140 тысяч.
Белыя грыбы ў жанчыны — любата, адзін у адзін. Гараджане не праходзяць міма. Пытаюцца: ці правераныя грыбы? Адказ звычайны ў такіх выпадках: «Пайшлі правяраць». Хто пайшоў і калі вернецца, зразумець немагчыма.
Сталага веку кабета разам з гароднінай прадае і некалькі вялікіх баравікоў у цэляфанавым пакеціку — нядорага, колькі хто дасьць. Таксама цьвердзіць, што грыбы чыстыя:
«Радыяцыі няма — чыстыя грыбы. Адтуль яны, з-пад Зябраўкі».
Патлумачыць, чаму апошнім часам у лясах пайшлі ў рост грыбы, старая ня можа. Пасьля засушлівага лета прырода нібы схамянулася, адгукнуўшыся на восеньскія дажджы. Нават начныя замаразкі пакуль не забіраюцца пад лясныя шаты.
«Восень ужо ня цёплая, але грыбы зноў пайшлі», — кажа кабета.
Тлумачыць яна таксама, чаму на схіле веку даводзіцца сядзець на рынку й гандляваць — грыбамі, гароднінай:
«Трое дзяцей, чацьвёра ўнукаў, праўнукаў двое — і ўсім трэба дапамагаць. І самой жа трэба. Баба любя паесьці, сто грам выпіць любя».
Але ж менавіта грыбы — самы радыеактыўны прадукт лесу. Абласны цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі фіксаваў у 21 раёне Гомельшчыны ў пробах грыбоў, сьвежых і кансэрваваных, удзельную актыўнасьць радыяцэзію ад 381 да 10 890 бэкерэляў на кіляграм пры дапушчальных узроўнях: у сьвежых грыбах — 370, сушаных — 2500 бэкерэляў. Прычым баравікі, падбярозавікі, падасінавікі набіраюць радыяцыю зь зямлі сярэднімі тэмпамі, а вось масьлякі — проста акумулятары радыяцыі.