Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працы не даюць, у лес не пускаюць, ад трасы праганяюць — несалодкая доля прыдарожных гандляроў


У Беларусі звыкла бачыць каля дарог выстаўленыя на продаж грыбы, ягады, а таксама свойскую садавіну ды гародніну. Для шмат каго ў райцэнтрах ды вёсках гэта — магчымасьць зарабіць і выжыць ва ўмовах, калі іншай працы няма. Забарона наведваць лясы не спыніла такі гандаль. Нягледзячы на пагрозу штрафу, людзі цішком ходзяць у ягады і гэтак жа цішком іх прадаюць.

Некалі шаша з Магілёва ў Менск каля Бялыніч была надзвычай ажыўленая. Як праклалі аб’язную дарогу, паток машын істотна парадзеў. Але па-ранейшаму на трасу выходзяць зь ягадамі ды грыбамі мясцовыя жыхары. Дары лесу выстаўляюць каля праезнай часткі і чакаюць пакупніка. Ягаднікі прызнаюцца, што прадаваць каля шашы ім забараняюць, таму іхні гандаль нелегальны.

«Я пэнсіянэрка. У мяне два мільёны пяцьсот тысяч рублёў пэнсія, дык ці можна цяпер на яе выжыць? А ягады дужа дапамагаюць», — кажа адна з гандлярак.

«Унучка была, дык я для яе на ягадах сабрала чатырыста тысяч. Цяпер у нарыхтоўчых канторах прымаюць ягады за дваццаць дзьве тысячы, дык за тыя, што я прадаю сёньня, узяла толькі 80 тысяч, а каля шашы — 180 тысяч. Ёсьць жа розьніца. Усё ж капейчына».

«Асабіста я жыву толькі дзякуючы ягадам. Я беспрацоўная. Мне 54 гады», — далучаецца да гутаркі яшчэ адна гандлярка.

«Неяк прыйшла на біржу, а мне сказалі: „Да нас прыходзяць трыццацігадовыя, і іх ня можам забясьпечыць працаю“. Вось гэтак ветліва, прыгожа адмовілі. Што мне рабіць? Спачатку суніцы прадавала, а цяпер чарніцы. Калі не дапамагаюць, дык хай бы не перашкаджалі. А дзе ягады прадаваць у такіх гарадах, як наш райцэнтар? А тут на шашы машыны розныя і з Расеі, і зь Менску ў Магілёў праяжджаюць. Хоць і ня так купляюць, як раней, але і цяпер спыняюцца».

За гадзіну, пакуль доўжылася гутарка, ніводнай машыны не спынілася. Жанчыны тым часам, седзячы на дошцы, незадаволена праводзілі вачыма некаторыя зь іх. Асьцерагаліся і дарожнікаў ды супрацоўнікаў ДАІ, якія, паводле суразмоўніц, не даюць гандляваць.

Нядаўна, апавялі жанчыны, яны званілі на прамую лінію чыноўніку з аблвыканкаму і прасілі яго, каб вярнулі да дарогі лаўкі, якія тут былі здавён, але невядома зь якіх прычын іх прыбралі. Празь нейкі час атрымалі адказ: «Каля шашы міні-рынку ня будзе».

«Дык мы ж і не прасілі міні-рынак», — абураецца яшчэ адна гандлярка.

Асабіста я жыву толькі дзякуючы ягадам

«Мы прасілі, каб нас не ганялі, каб далі прадаваць, — даводзіла журналісту жанчына сталага веку. — Няхай бы паставілі, як раней, тут лаўкі. Тут жа яны былі. Дый мы ставілі, але нашу паламаў супрацоўнік ДАІ. Я вось тутэйшым гандлярам кажу: „Цяпер прэзыдэнцкія выбары, дык трэба прасіць, што хочаш. Выканаюць“. Трэба ім, каб мы прадавалі з даведкамі, дык будзем зь імі прадаваць».

На пытаньне, ці цікавяцца пакупнікі чысьцінёй ягадаў і ці не баяцца, што дары лесу па некалькі гадзін стаяць у аўтамабільным смуродзе, жанчыны адказваюць станоўча. Запэўніваюць, што ведаюць мясьціны, дзе можна зьбіраць, а дзе не.

«Што нашы ягады баяцца? Кепскія мы на продаж ня носім. У нас правяралі ягады. Насілі ў санстанцыю. Мы ж ня можам чалавека труціць», — даводзіць адна з гандлярак.

Што да аўтамабільнага смуроду, то, кажуць жанчыны, ветрам яго разганяе і ён ня шкодзіць ягадам.

Паводле суразмоўніц, гандаль ля шашы ягадамі не перапыняўся нават, калі забаранялі наведваць лясы. Гэтае абмежаваньне, прызналіся жанчыны, яны не зусім разумеюць.

«Мы цішком хадзілі. А што рабіць — усё ж ягадны сэзон. Хіба можна забараняць у ягадны сэзон? Як я старая, дык што я, шмат шкоды лесу нараблю? Наадварот, калі ў ягадах сустракаеш каго з камбайнам, то бэсьцім іх. Яны псуюць ягаднікі. А мы ж тутэйшыя, уручную зьбіраем. Журавіны пачнуцца — будзем прадаваць. Маліны і грыбы ўсё нясём да трасы».

Суразмоўніцы паскардзіліся, што багата ў лесе пашкоджана ягаднікаў. Паводле іх, у ягады прыяжджаюць зь іншых мясьцін і зьбіраюць камбайнамі. Пасьля іх нічога не застаецца.

Жанчын ня дзівіць, што нарыхтоўчыя канторы не выконваюць пляны закупу ягад у насельніцтва. Заяўляюць: мала таго, што ягады сёлета не ўрадзілі, дык яшчэ і закупныя цэны мізэрныя. Тое, што прадаваць не даюць каля шашы, мяркуюць гандляркі, зьвязана з невыкананьнем гэтага пляну:

«Што яны выставілі цану 17 тысяч напачатку? Сама ягада была. Бегалі людзі, стараліся. А цяпер во і ўзьнялі закупныя цэны, але ўсё адно людзі не ідуць. Выгадней у Магілёў вазіць прадаваць. Пэнсіянэрам жа льготны праезд».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG