Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не адпавядалі ключавым міжнародным стандартам правядзеньня дэмакратычных і свабодных выбараў, перакананыя ў кампаніі назіраньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Падчас выбарчай кампаніі адсутнічаў роўны доступ да СМІ для ўсіх кандыдатаў, выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс на карысьць Аляксандра Лукашэнкі, у выбарчыя камісіі быў уключаны мізэрны адсотак прадстаўнікоў апазыцыі, фіксаваліся шматлікія факты прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні, а самі выбарчыя працэдуры для назіральнікаў былі закрытыя.
«Самая сур’ёзная нагода для крытыкі выбараў — непразрысты падлік галасоў. Узровень празрыстасьці гэтых выбараў ня стаў лепшым у параўнаньні з папярэднімі», — падкрэсьліў старшыня БХК Алег Гулак.
Паводле слоў праваабаронцы, прамых фактаў фальсыфікацыі выбараў у іх няма, але працэдура падліку галасоў была закрытая, і таму даверу да вынікаў няма.
«У чарговы раз на беларускіх выбарах няма даверу да вынікаў, якія абвяшчаюць выбарчыя камісіі», — заявіў ён.
Гулак падкрэсьліў, што падлік галасоў павінен быць такім, каб кожны сябра выбарчых камісіяў і назіральнікі бачылі ўсе бюлетэні, але на практыцы гэтага няма.
Таксама шмат крытыкі выклікае этап датэрміновага галасаваньня. Паводле праваабаронцаў, зьдзіўляе сам факт такога надзычай высокага ўзроўню яўкі на датэрміновае галасаваньне.
Ўсяго датэрмінова прагаласавалі 36% выбарцаў — гэта найбольшы вынік за ўсе выбары зь 2001 году. Разыходжаньне ў зьвестках яўкі, паводле назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і паводле выбарчых камісій, адрозьнівалася на 6,2%. Паводле слоў намесьніка старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянціна Стэфановіча, гэта не вялікі разрыў, улічваючы што падчас апошніх парлямэнцкіх і мясцовых выбараў выбаркамы завышалі яўку прыкладна на 20%.
«На жаль, гэта ў нас становіцца правілам. Закон прадугледжвае датэрміновае галасаваньне ў якасьці выключэньня. А ў нас фактычна палова грамадзянаў, якія прыйшлі на выбары, прынялі ўдзел у датэрміновым галасаваньні. Яны што, усе не знаходзіліся на месцы жыхарства ў дзень галасаваньня? Было шмат скаргаў на прымус да ўдзелу галасаваньня, але ананімных, бо людзі баяцца», — адзначыў Стэфановіч.