«Цягам пяці выбарчых кампаній мы ставілі мэту прадухіліць фальсыфікацыі і інфармаваць пра падзеі на выбарах. Цяпер дадалася яшчэ адна задача — вылучыць як мага больш назіральнікаў», — адзначыў Віктар Карняенка.
Такім чынам, цягам назіраньня за выбарамі, былі задзейнічаныя 21 доўгатэрміновы назіральнік, 110 назіральнікаў, якія працавалі цягам усяго тыдня галасаваньня, і 2051 кароткатэрміновых назіральнікаў, якія працавалі ў дзень галасаваньня.
У кампаніі «За справядлівыя выбары» бяруць удзел 4 партыі, 18 грамадзкіх аб’яднаньняў і ініцыятываў.
Сяргей Калякін адзначыў, што ў Беларусі адсутнічаюць базавыя ўмовы для правядзеньня справядлівых выбараў. Гэта пацьвердзіла кампанія па назіраньні:
Мы адзначаем татальнае выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу на ўсіх этапах.
«Улады не жадаюць мяняць сытуацыю да лепшага. Таму яны праігнаравалі просьбы міжнародных арганізацыяў зрабіць выбары больш дэмакратычнымі, а працэдуры падліку — празрыстымі. Мы адзначаем парушэньні Канстытуцыі Беларусі і выбарчага заканадаўства на ўсіх этапах галасаваньня. Мы адзначаем татальнае выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу на ўсіх этапах. У выніку дыскрымінацыйнага падыходу да фармаваньня камісіяў прадстаўнікоў у іх ня трапілі прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў».
Закрыты характар праверкі подпісаў за прэтэндэнтаў на пасаду кандыдатаў у прэзыдэнды, паводле прадстаўнікоў кампаніі, ставіць пад сумнеў той факт, што ўсе яны сабралі неабходную колькасьць подпісаў. Дзейны прэзыдэнт дамінаваў у інфармацыйным полі, дзякуючы дзейнасьці дзяржаўных СМІ.
«Паводле ЦВК, на датэрміновых выбарах прагаласавала 36 % — гэта рэкорд для Беларусі. Як сьцьвярджаюць нашыя назіральнікі, гэта стала магчымым дзякуючы ціску на выбаршчыкаў па месцы працы і вучобы і фальсыфікацыі колькасьці выбаршчыкаў, якія галасавалі датэрмінова. Датэрмінова прагаласавалі толькі 26,9 % — так лічаць назіральнікі кампаніі», — адзначыў Сяргей Калякін.
У дзень галасаваньня на 60 % участкаў назіральнікі зафіксавалі перабольшваньне яўкі. Былі праігнараваныя заявы пра празрысты падлік. На 84 % выбарчых участках назіральнікі ня мелі магчымасьці бачыць зьместу выбарчых бюлетэняў.
«Таму выбары ня можна лічыць адпаведнымі заканадаўству. Канстатуем адсутнасьць прагрэсу ў правядзеньні выбараў і ня лічым вынікі адпаведнымі рэчаіснасьці», — падсумавалі вынікі сваіх назіраньняў кіраўнікі кампаніі «За справядлівыя выбары».