Пасяджэньне пачнецца а 9 гадзіне. Два галоўныя пытаньні, якія маюць абмеркаваць, — сытуацыя ў Сырыі і ў Беларусі, паведамляе Польскае радыё.
Сярод краінаў ЭЗ ёсьць розныя меркаваньні па гэтых двух пытаньнях, і міністры хочуць узгадніць супольнае стаўленьне.
Што датычыць сытуацыі ў Беларусі, Эўразьвяз раглядае магчымасьць прыпыненьня на 4 месяцы санкцыяў супраць Аляксандра Лукашэнкі, яшчэ 140 прадстаўнікоў уладаў, а таксама 25 кампаніяў бізнэсоўцаў, блізкіх да ўладаў. Паведамляецца, што санкцыі застануцца ў сіле адносна чатырох беларускіх сілавікоў, якіх ЭЗ лічыць датычнымі да гучных зьнікненьняў 1999–2000 гадоў: гэта Віктар Шэйман, Юры Сівакоў, Дзьмітры Паўлічэнка і Ўладзімер Навумаў. Застанецца ў сіле і эмбарга на пастаўку зброі.
Паводле дадзеных Reuters, ЭЗ зможа аднавіць санкцыі, калі ўбачыць новыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.
Аднак застаецца шэраг краінаў Эўразьвязу, уключна з Польшчай, якія ня вераць у дэмакратычныя перамены рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Лідэры беларускай апазыцыі выступілі з заклікам да Эўразьвязу не замарожваць санкцыі, уведзеныя супраць Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
У адносінах да Сырыі розьніца меркаваньняў датычыць ролі прэзыдэнта Башара Асада ў вырашэньні крызісу. Шэраг краінаў ЭЗ, у тым ліку Францыя, дамагаюцца ягонай адстаўкі і міжнароднага суду. Іншыя лічаць, што можна яму даць схавацца ў Расеі.