Актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконнасьці ў пракуратуры і судах» зьвярнуліся з заявай у Менгарвыканкам на правядзеньне пікету супраць адпісак чыноўнікаў дзяржаўных адміністрацыйных устаноў, праваахоўных органаў, судоў і пракуратуры.
Як паведаміла Свабодзе юрыст ініцыятывы Тамара Сяргей, на акцыю пратэсту змушаюць дзеяньні кіраўнікоў вышэйшых дзяржорганаў, якія не разглядаюць скаргі па сутнасьці і накіроўваюць заяўнікам шматлікія адпіскі, парушаючы канстытуцыйныя правы грамадзян:
«Мы вырашылі выйсьці на пікет, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці і дзяржавы да пытаньня парушэньня нашых канстытуцыйных правоў на атрыманьне адказаў па сутнасьці. А таксама — да бязьдзеяньня гаранта Канстытуцыі, якім зьяўляецца кіраўнік дзяржавы.
Мы лічым, што кіраўнік краіны не абараняе нашы канстытуцыйныя правы, а на яго гэтыя абавязкі ўскладае Канстытуцыя краіны. Мы рашучыя, бо бачым, што нашы правы ў нашай краіне не абараняе ніхто.
Гарант Канстытуцыі з экранаў тэлевізараў кажа пра дыялёг паміж грамадзкасьцю і дзяржавай. Насамрэч ніякага дыялёгу няма. І больш за тое — чыноўнікі настроеныя, каб усё заставалася па-ранейшаму.
І я хачу сказаць, што сытуацыя за апошнія пяць гадоў зьмянілася ў горшы бок: у нашай краіне выконваюцца распараджэньні толькі адной службовай асобы — кіраўніка краіны. А калі не працуюць іншыя інстытуты ўлады, дзяржава ня можа функцыянаваць — яна ў паралізаваным стане. Таму мы і пойдзем на пікетаваньне, каб нас пачуў кіраўнік краіны».
Пікет мае адбыцца ў цэнтры Менску 24 верасьня.